Крылаты геній у парку Перамогі

23.05.2014 23:58Views:
мемориал-0-4-ц-300x186“Аб’ект №1” — так дакладна, коратка і проста вызначыў статус новабудоўлі ў парку Перамогі па вуліцы Камінскага старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой. І ўсклаў на сябе асабістую адказнасць за гэты аб’ект. І калі стала відавочна, што спонсарскага матэрыяльна-тэхнічнага і фінансавага ўдзелу ў будаўніцтве мемарыяльнага комплексу зусім недастаткова, старшыня райвыканкама змог дабіцца выдзялення будаўніча-мантажнаму трэсту №41 беспрацэнтнага крэдыту ў суме 4-х мільярдаў рублёў на фінансаванне работ па аб’екту №1.

Гэтыя сродкі хутка асвойваюць тут спецыялісты ўпраўлення механізацыі спецработ №230, СУ “Смаргоньбуд”, работнікі лясгаса і РУП “ЖКГ”, якія старанна працуюць на розных участках шырокай будаўнічай пляцоўкі.

Асабліва адметная дзея распачалася на мінулым тыдні, у сераду 14 мая. На пляцоўку будучага мемарыяла прыехалі спецыялісты Мінскага скульптурнага камбіната Сяргей Лявонцьеў, Анатоль Варава, Іван Чарненка на чале з майстрам Міхаілам Ляснеўскім. Прывезлі спецыяльны рыштунак і абсталяванне.

Тут жа і работнікі нашага будмантажнага трэста №41: машыніст аўтакрана Міхаіл Гіль, муляры, цесляры-бетоншчыкі Сяргей Шульжыцкі, Аляксандр Роўны, Віталь Удовін, брыгадзір Аляксей Шаўлюк. Тут жа і добра знаёмы ўсім, хто поруч, скульптар, наш зямляк Уладзімір Церабун — адзін з аўтараў ідэі і распрацоўкі праекта мемарыяльнага комлексу, намеснік старшыні райвыканкама, архітэктар Аляксандр Бажыдай.

мемориал-21-ц-300x185

Работу распачалі ў цэнтральнай частцы мемарыяла, дзе падрыхтаваны тры вялікааб’ёмныя фундаменты і куды загадзя дастаўлены тры адпаведна вялікіх памераў скульптурныя кампазіцыі: “Крылаты геній салдацкай славы”, “Бежанцы” і “Салдаты Першай сусветнай”.

Яно толькі здаецца, што ўстанавіць скульптуру на адпаведны фундамент лёгка і проста. Насамрэч справа гэта даволі складаная і працаёмкая, спецыфічная, патрабуе дакладнай тэхналагічнай паслядоўнасці і прафесійнага вопыту. І чым большая вага, чым больш складаная канфігурацыя скульптуры і вышыня фундамента — тым цяжэй устанавіць і замацаваць яе на адпаведным падмурку.

Скульптурныя кампазіцыі “Бежанцы” і “Салдаты Першай сусветнай” прыкладна аднолькавых памераў і падобнай канфігурацыі, вагой кожная каля 2-х тон. Фундаменты адносна невысокія. Аднак тым не менш рабочая падрыхтоўка і ўстаноўка гэтых скульптур заняла два дні — сераду і чацвер.

У пятніцу планавалі распачаць самую складаную работу — падрыхтоўку да ўстаноўкі на фундамент цэнтральнай, самай галоўнай і велічнай скульптурнай кампазіцыі “Крылаты геній салдацкай славы”. Аднак пагоршылася надвор’е. З раніцы распачаўся дождж, работа на адкрытай пляцоўцы спынілася…

Скульптурная кампазіцыя “Крылаты геній салдацкай славы”, як і дзве названыя вышэй, адліта з бронзы, складаецца з дзвюх асобных частак агульнай вагой каля 5 тон, высокая і шырокагабарытная. Пад яе заліты і высокі, амаль 6-ці метровы, фундамент.

Усе апошнія прыгатаванні закончылі ў суботу, 17 мая. Стропальшчыкі акуратна і надзейна замацавалі ў патрэбных месцах крукі тросаў пад’ёмнага крана, Міхаіл Ляснеўскі рукой падаў кранаўшчыку Міхаілу Гілю “віра”. Скульптура павольна прыпаднялася, адарвалася ад зямлі, паплыла ў паветры да фундамента і гэтак жа павольна, мякка “прызямлілася” на прызначанае ёй сваё месца.

Арыгінальны, глыбокага сэнсу твор манументальнага мастацтва ўражвае сваёй веліччу. Ён — дамінанта, вяршыня рукатворнага мемарыялу. Асновай жа, ці, лепш сказаць, як бы стрыжнем мемарыяльнага комплексу з’яўляецца цэнтральная алея плакучых вербаў, якая праходзіць праз усю тэрыторыю парку і на якую нібыта нанізваюцца скульптурныя элементы і кампазіцыі.

Уваходная зона ў парк з вуліцы Камінскага пачынаецца з дзвюх падпорных сценак, размешчаных паўкругам. На сценках тэксты, адлітыя з бронзы. Злева: «Мемориальный комплекс по линии противостояния в Первую мировую войну 1915-1917 г. г. в г. Сморгонь». Справа: «Здесь, на сморгонскай земле, 810 дней шли ожесточенные бои между немецкими и русскими армиями. Из 16000 жителей-беженцев после войны в Сморгонь возвратилось 130 человек».

мемориал-22-ц-300x181

Састаўной часткай уваходнай групы стане зона памяці і смутку, у цэнтры якой размесціцца карта ваенных падзей 1915-1917 гадоў, што адбываліся на Смаргоншчыне. Карта адліта з бронзы і будзе ўстаноўлена на невысокім гранітным пастаменце. Злева і справа ад карты — дзве мемарыяльныя ўрны з зямлёй з месцаў пахавання воінаў рускай і нямецкай армій. Па абодва бакі карты размешчаны гранітныя сцены памяці. На адной з іх — прозвішчы загінуўшых воінаў рускай арміі (больш за 800 імён). На другім баку ў верхняй частцы — тэкст на нямецкай мове: “Здесь, на сморгонской земле, покоятся тысячи немецких солдат и офицеров, погибших в сражениях жестокой войны 1915-1917 г. г.”. Пад тэкстам, на сцяне, ёсць свабоднае месца для размяшчэння імянных таблічак нямецкіх воінаў.

Прадаўжае зону памяці і смутку часоўня (капліца), у верхняй частцы якой размешчаны дзеючы звон (колокол) з Георгіеўскім крыжам. Далей па цэнтральнай алеі — мемарыяльная зона, дзе ўстаноўлены тры галоўныя скульптурныя кампазіцыі. І завяршае цэнтральную алею камень Памяці з тэкстам звароту да нашчадкаў.

- Большасць людзей і тэхнікі заняты цяпер на работах ва ўваходнай зоне мемарыяла з вуліцы Камінскага, а таксама зоне памяці і смутку, — расказвае намеснік старшыні райвыканкама АляксандрБажыдай. — Выконваюцца планіроўка і ўкладка пліткі на месцах парковак і стаянак аўтатранспарту, вялікі аб’ём бетонных работ, добраўпарадкаванне як асобных участкаў тэрыторыі непасрэдна мемарыяльнага комплексу, так і прылеглай да парку Перамогі вуліцы Камінскага.

Частка грошай, выдзеленых на гэты аб’ект з банкаўскага крэдыту, ужо практычна асвоена, іншыя крыніцы фінансавання пакуль што не вызначаны. І гэты факт вельмі насцярожвае і непакоіць. Бо часу ўжо мала, і ляціць ён хутка, а работы — праз край.

У сакавіку аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, падтрымаў просьбу Гродзенскага аблвыканкама накіраваць частку грашовых сродкаў, атрыманых ад правядзення рэспубліканскага суботніка, на фінансаванне будаўніцтва мемарыяльнага комплексу. Спадзяваліся, што просьба будзе задаволена, але, на жаль, выйшла інакш. І калі ў бліжэйшы час аргкамітэту не ўдасца вырашыць праблему фінансавання ў межах сваіх паўнамоцтваў, то, напэўна, застаецца адзінае выйсце: звярнуцца з хадайніцтвам ва Урад краіны. Высакародная справа ўшанавання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў павінна заставацца нязгасным маральным прыярытэтам кожнага людскога пакалення.

Іван ЛАЗУТА, "Светлы шлях"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць