Кропелька да кропелькі — і натхнення мора!

05.04.2014 21:28Views:
Размаўляючы з чарговай гераіняй сваёй новай рубрыкі “Вясковыя мадонны”, злавіла сябе на думцы, што насамрэч бачу ў рысах яе твару вобраз мадоннаў Бацічэллі. Памятаеце? Самыя знакамітыя – “Мадонна з кнігай”, “Мадонна з гранатам”, “Мадонна і сем спяваючых анёлкаў”. Асабліва чамусьці асацыявалася Ванда Віктараўна Роля менавіта з Божай Маці ў акружэнні анёлкаў, якія спяваюць. Магчыма таму, што часта даводзіцца яе бачыць разам з юнымі артыстамі ўзорнага дзіцячага тэатра “Кропелькі”. 

Дзіўным чынам у нашым свеце скрыжоўваюцца людскія лёсы, прадказанні і падзеі. Нябесныя істоты ўвасабляюцца ў рэальных людзей, а пажаданні касмічных даследчыкаў здзяйсняюцца рэальнай справай. Пра што гэта я? А пра тое, што, як высветлілася, імпульсам для стварэння дзіцячага фальклорнага калектыву стала выказванне вядомага касманаўта Віталя Севасцьянава. Калісьці разам са знакамітай актрысай і вядучай тэлепраграм Таццянай Ведзянеевай ён наведаўся ў наш край. У Снігянах на мосце іх віталі мясцовыя самадзейныя артысты. Выступленне фальклорнага ансамбля “Валэйчанка” моцна ўразіла шаноўных гасцей, і Віталь Іванавіч раптам спытаў, ці ёсць каму пераняць гэту багатую духоўную спадчыну. Яго пытанне прымусіла задумацца. Насамрэч, ці будзе каму праз дзясятак гадоў спяваць гэтыя душэўныя і такія прыгожыя песні? Самыя актыўныя і таленавітыя ўдзельнікі дзіцячага школьнага хору ў Валэйкавічах і сталі тым падмуркам, на якім ствараўся новы калектыў – цяпер прызнаны ўзорны тэатр народных спеваў “Кропелькі”. А хармайстрам “Кропелек” стала Ванда Роля, адна з пачынальніц і салістак вядомага народнага калектыву “Валэйчанка”. Песню, што з’яўляецца візітоўкай калектыву, напісала яшчэ адна “валэйчанка” Марыя Буцько.

Вясковыя дзеткі маюць вялікую схільнасць да творчасці, таму што жывуць у адметным акружэнні прыроды, галасы і мову якой яны не развучыліся чуць і разумець. Ванда Віктараўна па сабе ведае, якія блізкія іх сэрцу шчабятанне птушачак у гаі, звон гаваркой крыніцы, пошумы калосся ў полі, куванне зязюлек у лесе… Яна сама нарадзілася ў вёсцы Біцяняты Ардашынскага сельсавета. У сям’і гучалі пераважна польскія песні, але ведалі і беларускія. А сваю першую песню са сцэны Вішнёўскай школы яна, пяцікласніца Ванда Шульвінская, выконвала па-руску. Як цяпер памятае яе – «Ничто в полюшке не колышется». Потым былі розныя іншыя песні, выступленні. Затым, закончыўшы Крэўскую сярэднюю школу, Ванда паступае ва ўніверсітэт на факультэт рускай мовы і літаратуры. Працавала нейкі час піянерважатай у Крэўскай СШ, пасля пераехала ў Валэйкавічы, дзе пачала працаваць настаўніцай у базавай школе. З Валэйкавічамі звязаны шчыльна яе асабісты і творчы лёс. Тут выйшла замуж, нарадзіла дзвюх цудоўных дачок і знайшла сябе як выканаўцу народнай песні.

Кажуць, што найлягчэй навучыць дзяцей добраму можна толькі ўласным прыкладам. У дзетак з Валэйкавіч, Старой Рудні, Рачунаў, Завозерцаў і іншых навакольных вёсак быў выдатны прыклад – іх бацькі, якія спяшаліся на рэпетыцыі калгаснага хору або вакальных груп, а пазней – фальклорнага калектыву “Валэйчанка”. Часам, і даволі часта, самадзейныя артысты бралі з сабой і дзяцей, прывозілі іх хто на ровары, хто на кані, хто за руку пешшу прыводзіў. Нездарма тут нават прыказка такая ёсць, што тутэйшыя дзеці спяваць пачынаюць раней, чым размаўляць. Ці не таму многія затым далучаліся да існуючых аматарскіх калектываў. Цяперашнія юныя артысты ўзорнага тэатра “Кропелькі” – часцяком дзеці самых першых яго ўдзельнікаў.

Ванда Віктараўна не ўяўляе сваё жыццё без песень, без выступленняў. Маючы вялікі настаўніцкі вопыт за плячамі, яна ўмее знайсці падыход да сваіх выхаванцаў. Сама па-ранейшаму спявае ў народным фальклорным калектыве “Валэйчанка”. Здароўе іншы раз падводзіць, выйсці на сцэну – гэта для яе як подзвіг здзейсніць. Але заспявае, і адступаюць хваробы, нібы нейкая нябачная энергетычная крыніца яе сілкаваць пачынае. Ці не ўдзячнасць гледачоў і слухачоў сілкуе яе душу, што так імкнецца да прыгажосці, да гармоніі, да ўзнёслага і чыстага…

Ала КЛЕМЯНОК, "Светлы шлях"

Каментаваць


*