Успаміны паэткі Ганна Новік “З перажытага”…

31.03.2014 22:29Views:
novikПрапануем пазнаёміцца з вытрымкамі з успамінаў паэтэсы Ганны Новік, якой 25 сакавіка споўнілася б 100 год. 
“Я нарадзілася з доўгімі валасамі”

Нарадзілася я 25 сакавіка 1914 года ў горадзе Аўгустове Сувалкаўскай губерні (цяпер гэта Поль­шча). Мае бацькі родам з Вілейшчыны: бацька з вёскі Варонічы, а маці – з Іжы. Дзед быў токарам па дрэве – тачыў міскі, талеркі, ступкі, якія былі неабходнымі рэчамі ў гаспадарцы, рабіў і гонту – дошчачку, якой крылі дахі дамоў. Усю зіму дзед праводзіў на гэтай рабоце, а ў астатні час ён займаўся сельскай гаспадаркай. Сям’я ў бацькі была вялікая, таму ён у 17 год наняўся фурманам да агента па швейных машынках “Зінгер”. Гэтыя машыны прыходзілі ў разабраным выглядзе ў Смаргонь, дзе іх збіралі, а потым прадавалі насельніцтву. Потым бацька стаў слесарам на складзе гэтых машын.

Маці ў шэсць гадоў засталася круглай сіратой, таму яна гадавалася ў апекуноў, а пасля стала служанкай у багатых гаспадароў.

Калі бацька працаваў на складзе зінгераўскіх машын, маці служыла кухаркай у фабрыканта па вырабе скур. Тут яны пазнаёміліся і пажаніліся, пасля чаго выехалі ў горад Аўгустоў. Пасля нарадзілася старэйшая мая сястра, я і іншыя дзеці, якія пазней памерлі. Я нарадзілася з доўгімі валасамі, на што акушэрка сказала, што хутка дзіця можа памерці. Нельга таксама абстрыгаць гэтыя валасы, бо дзяўчынка не будзе гаварыць.

Нары замест ложка

У 1914 годзе, калі па­чалася Першая сусветная вайна, бацька працаваў малатабойцам у прыватніка-каваля, а маці хадзіла ў багатыя сем’і і дапамагала з рознай работай. Калі ў горадзе стала цяжка пражыць, бацька рашыў паехаць дадому, на гаспадарку свайго бацькі: у Вілейцы жыла маміна сястра Марыя.

Нас са старэйшай сястрой Верай пакінулі ў цёткі, а самі паехалі ў вёску глядзець, што там ёсць. Колькі мы там прабылі, не памятаю, але бацькі прыехалі і нас забралі. Дома ў бацькі было яшчэ чатыры браты і сястра, маці таксама была яшчэ жывая, а дзеда Рамана ўжо не было.

Я памятаю, што некалькі дзён ішла спрэчка аб раздзеле гаспадаркі. Браты вярталіся з арміі, і кожны хацеў мець нешта сваё. Майму бацьку дасталася пятая частка зямлі і істопка з адным маленькім квадратным акенцам і земляной падлогай.

Помню першую абстаноўку ў хаце: салдацкі стол на “казлах” і нары замест ложка, дошка габляваная на калодках замест лавы і чыгунная печка з трубою, выведзенай у сцяну пад страхой.

Голад быў і ў вёсцы. Памятаю, як ішлі мы з мамай капаць бульбу, якая яшчэ цвіла. Я ўпала па дарозе і страціла прытомнасць. Тады я ўпершыню стала адрозніваць багатых ад бедных. Бацька хадзіў да багатых гаспадароў касіць, мама жала і палола, каб зарабіць сям’і на ежу. Яна хадзіла штодзённа ў Балашы жаць. Прыносіла адтуль часамі паўбохана хлеба, малака збаночак, а часам нават скварку.

У шэсць гадоў дапамагала бацьку ў кузні

Мама стамлялася, кляла свой лёс, мы гэта чулі і вельмі рана сталі разумець складанасці жыцця. Потым бацька пабудаваў кузню, але гатовага жалеза не было, і ўсё рабілася з рэшткаў жалеза вайны. Нарогі да плугоў рабілі з гарматных гільзаў, адвалы – з чыгуначных рэек. Але гэта ўсё патрабавала шмат сілы і ўмення. У шэсць гадоў я дапамагала бацьку. Толькі не памятаю, як мяне адмывалі ад сажы і бруду. Потым стала дзьмуць мехам ля горна. Памятаю, што я не даставала да ручкі і мне бацька чапляў вяроўку.

Школы ў Варонічах яшчэ не было, яе адкрылі толькі ў 1924 годзе. Я добра помню абстрэл вёскі ў час грамадзянскай вайны, помню гарматныя выстралы, варонкі ад снарадаў, у якіх мы, дзеці, хаваліся падчас страляніны. Аднаго баяліся – ран і крыві.

Вучылася я чытаць па грошах, якія ў той час былі: керанскія, расійскія і польскія.

Школа адкрылася польская, вучылі польскай мовай. Мне ахвотна дапамагаў бацькаў сябра – пільнік Зміцер, які жыў у суседняй вёсцы Катлоўцы. Гэта быў бывалы чалавек, які якраз тады нейкім чынам прыехаў з Петраграда і якога ў вёсцы называлі “забастоўшчыкам”.

Бацька быў перакананы,што дзяўчат вучыць не трэба

З гэтымі ведамі я пайшла ў школу. За першую зіму прайшла тры класы. Першае пасведчанне за мае тры класы было датаванае 1924 годам. Настаўнікі выявілі ў мяне надзвычайныя здольнасці і рэкамендавалі бацьку вучыць мяне далей. Мой бацька меў чатыры класы прыходскай школы, думаў, што кнігі пішуць машыны. Быў таксама перакананы, што дзяўчат вучыць не трэба, і цвёрда трымаўся гэтай думкі. Таму кожную вольную хвіліну я была ў кузні і рабіла ўсе, што мне пад сілу. Я часта чула, як бацька папракаў маці, што тая не нарадзіла яму сына, які быў бы для яго памочнікам.

I мне хацелася як-небудзь загладзіць гэты недахоп. Я пачала сябраваць з хлапчукамі. Мы спаборнічалі ў кіданні камянёў, лазілі па дрэвах і стрэхах, ездзілі верхам і выраблялі з дроту сярпы і косы.

У нас не было каня, толькі карова. У гаспадарцы было каля паўтара гектара зямлі разам з лесам і пашай. I калі бацька наймаў каня, то я зямлю апрацоўвала сама. Я ўмела араць плугам, умела касіць на балоце (там касіць лягчэй).

У 12 гадоў я закончыла чатыры класы па­чатковай школы на “выдатна”, і бацька аддаў мяне вучыцца на краў­чыху. Тады ў кожнай вёсцы было некалькі краўчых. У краўчыхі нас было тры вучаніцы. Дзве з іх былі больш рупныя за мяне, таму што я прывыкла да мужыцкай працы. Я ішла да гаспадара краўчыхі і дапамагала яму пілаваць і шчапаць дровы. Хатняй работы я таксама не любіла і не любіла займацца з іх трохгадовым сынам.

Самавольна пайшла ў Куранецкую школу

Але гэта было толькі адну зіму. Мяне цягнула да кніг і школы. Гародзячы платы, нарыхтоўваючы дровы і дапамагаючы бацьку ў кузні, працуючы на чужой зямлі, вясной садзячы, а восенню выбіраючы бульбу, чытаючы рускую і польскую літаратуру, я дачакала 15 год, калі ўжо самавольна пайшла ў сямігадовую Куранецкую школу. Праўда, сястра паабяцала мне, што будзе дапамагаць, як зможа, – збіраць на продаж ягады і грыбы, каб назапасіць нейкія грошы для мяне. А мама паабяцала, што будзе мыць бялізну і рабіць, што трэба гаспадарам кватэры, хоць гэта было за 13 кіламетраў.

novik.jpg2

Першыя паэтычная здольнасці

Помню, што ў 4 класе атрымала хатняе заданне напісаць верш у восем радкоў. Я напісала гэта заданне ўсяму класу, у тым ліку і сыну настаўніка, які зусім не меў здольнасцей. Настаўнік даведаўся аб гэтым і некалькі разоў выклікаў майго бацьку, гаварыў з ім аб неабходнасці маёй вучобы, але бацька, вядомы на сем вёсак каваль, не меў ніякага разумення аб вершах, лічыў гэта пустой выдумкай.

I каб паступіць у пяты клас Куранецкай школы, я пайшла да дырэктара на кватэру, напісала заяву і аўтабіяграфію. Дырэктар прыняў мяне. Польскую мову я ведала добра, як палячка. Вядома, чытала Пушкіна – “Капитанскую дочку”, “Метель” і іншыя апавяданні. На польскай мове я чытала Міцкевіча, Славацкага, Крышкоўскага, Канапніцкую, Ажэшку, асабліва захаплялася вершамі.

Зараблялана хлеб і цукар

У 1925 годзе пачалі будаваць хату, таму што дзеці падраслі, а істопка была цеснай і цёмнай. Хату будавалі на выгане, дзе сяляне з вёскі капалі гліну для цэглы. Мы з мамай збіралі лекавыя травы, насілі іх у Куранец прадаваць. Гэтым дапамагалі ў будаўніцтве і харчаванні. Калі я паступіла ў Куранецкую сямігодку, я аддалася школе і не звяртала ўвагі на будаўніцтва. Дапамогі ад бацькоў мне хапіла толькі на месяц. Я задумалася, што мне рабіць далей, але настаўнікам нічога не казала. Заўважыўшы мой стан, у маю адсутнасць, яны наведалі кватэру і ў гаспадароў даведаліся, як я жыву. Праз некалькі дзён мяне выклікалі ў настаўніцкую і прапанавалі падрыхтаваць двух вучняў. Бацькі гэтых вучняў абяцалі плаціць мне па 5 злотых у месяц. Я пагадзілася. За гэты заробак я магла купіць хлеб і цукар. З гэтага і складалася маё харчаванне.

У мяне быў заробак, і па дапамогу да бацькі я не звярталася, хаця жыла на хлебе і чаі. За ўвесь 5 клас бацька ні разу не быў у школе.

Падпольную літаратуру насіла ў школу

Вілейскі інспектарат пачаў выдаваць часопіс “Малады грамадзянін”. Я пачала пісаць у гэты часопіс вершы, якія ахвотна друкавалі. 5 клас я закончыла на “выдатна”

novik.jpg3

Шосты клас я скончыла за лета і ўвосень здала экзамен. Мяне перавялі ў 7 клас. Я ўжо смела пачала навучальны год, таму што быў задатак – 10 злотых, і яшчэ хапала на хлеб. Да таго часу я пазнаёмілася з вучнямі беларускай гімназіі, якія жылі ў Куранцы і навучаліся ў Вільні. Гэта быў Хадзінскі Саша з Чабатароў, Гаўрысік Коля і Шупляк Саша з Куранца. Я атрымлівала ад іх, акрамя афіцыйнай беларускай літаратуры, падпольную літаратуру. Асобныя брашуры я насіла сярод падручнікаў у школу. На кватэры я не магла іх пакінуць, не было дзе. Кватаравала я на Вілейскай вуліцы і хадзіла ля самых дзвярэй пастарунка паліцыі.

Падрыхтаваў Алесь Высоцкі, "РГ", працяг будзе...

Каментаваць


*