«Прамаўляй са мной па-беларуску»

30.03.2014 16:20Views:
289x300Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі на Смаргоншчыне распачаўся цікавай і плённай сустрэчай гімназістаў і вучняў СШ №1 з беларускім паэтам, выдаўцом Уладзімірам Ягоўдзікам. Мерапрыемства праводзілася па ініцыятыве раённай дзіцячай бібліятэкі. Творца вядомы і як літаратурны крытык, і як перакладчык з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў на беларускую мову раман В. Астаф’ева “Сумны дэтэктыў”, камедыю А. Астроўскага “Лес”, раманы Ю. Бондарава. 

Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць казкі, апавяданні і аповесці для дзяцей. Некаторыя п’есы (“Залатое зярнятка”, “Пякла баба калачы”, “Усміхніся, прынцэса!”) ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на беларускім радыё і тэлебачанні. Не менш цікавымі з’яўляюцца творы аўтара пра гістарычнае мінулае. Яго кнігай “Сем цудаў Беларусі” распачата аднайменная серыя гісторыка-пазнавальных твораў.

Вельмі дынамічна, весела, плённа праходзіла сустрэча. Усе, хто не пабаяўся прадэманстраваць сваё веданне роднай мовы, атрымалі ў падарунак ад шаноўнага госця яго кніжкі або каляндарыкі. Уладзімір Ягоўдзік адказаў на шматлікія пытанні прысутных. Вельмі пераканаўчым і паказальным быў яго адказ на пытанне, чаму ён піша па-беларуску і, наогул, навошта ведаць беларускую мову. Паэт закрыў сваёй далонню адно вока таму, хто гэта пытанне задаў і прамовіў: “Ну, ці камфортна табе цяпер глядзець на гэты свет? Вось так і з мовай: калі ты не валодаеш сваёй, то ты глядзіш быццам бы адным вокам, абмежавана, не бачачы ўсяго хараства і перспектывы”.

Уладзімір Іванавіч падчас мерапрыемства дапоўніў аповед паказам мультымедыйнага фільма, у якім у даступнай для дзіцячага ўспрымання форме расказваецца аб стварэнні гербаў гарадоў Беларусі. Прысутныя даведаліся, калі з’явіліся першыя гербы на тэрыторыі нашай краіны, што яны абазначалі, чаму менавіта такія выявы адлюстраваны на сімволіцы гербаў Мінска, Брэста, Гродна. А яшчэ дзеці з захапленнем прагледзелі беларускі мульфільм “Пра Піліпку”, які атрымаў ажно пяць гран-пры на розных еўрапейскіх конкурсах анімацыйных фільмаў.

Ала КЛЕМЯНОК, "СШ"
Фота аўтара

Каментаваць


*