Курс «Сацыяльны прадпрымальнік» у Талака.Школе

25.03.2014 17:12Views:
1p2j1x5u7vbjy64mswg4l2zh89mnfr-preАд 18 сакавіка адкрытая рэгістрацыя ўдзельнікаў на інавацыйны для Беларусі навучальны курс «Сацыяльны прадпрымальнік» у Талака.Школе. Гэта першы на тэрыторыі Беларусі бясплатны навучальны курс, які мусіць навучыць ператвараць вашыя ідэі ў рэалізуемыя праекты з сацыяльна значным акцэнтам. 

Асноўнай задачай курса зьяўляецца якасная і комплексная падрыхтоўка сацыяльных прадпрымальнікаў, якія здолеюць рэалізоўваць сацыяльна значныя праекты ў Беларусі.

Да ўдзелу запрашаюцца маладыя адмыслоўцы, якія жадаюць прафэсійна самарэалізавацца ва ўласным праекце; студэнты, якія усьведамляюць неабходнасьць атрыманьня ня толькі прафэсійных навыкаў, але і практычнага досьведу; аўтары цікавых ідэй, якія жадаюць навучыцца ўвасабляць у жыцьцё свае задумы; інвэстары, спонсары, мэцэнаты і ўсе, хто шукае цікавыя і пэрспэктыўныя праекты для беларускага грамадзтва з мэтай інвэсьціраваньня і дапамогі ў праектах іншымі рэсурсамі. У курсе могуць узяць удзел жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

Навучаньне на курсе «Сацыяльны прадпрымальнік» будзе арганізаванае ў некалькі этапаў: анляйн-курс, вочны інтэнсіў, «Кірмаш», суправаджэньне праектаў.

У якасьці выкладчыкаў курса выступяць вядомыя спэцыялісты беларускага рынку, якія на ўласным пасьпяховым вопыце распавядуць пра лепшыя практыкі праектаваньня і прасоўваньня праекта, аб мэтодыках разьвіцьця лідэрскіх якасьцяў, камандаўтварэньня і працы з валянтэрамі. Акрамя гэтага, асобнымі тэмамі для навучаньня будуць рэсурсазабясьпячэньне і фінансаваньне.

Завяршальным акордам навучаньня будзе удзел у «Кірмашы» - публічным мерапрыемстве, якое зьбярэ ў адным месцы маладых сацыяльных прадпрымальнікаў, патэнцыяльных спонсараў і інвэстараў, прадстаўнікоў СМІ і іншых зацікаўленых асобаў.

20 найлепшым студэнтам курсу будзе прадастаўленая магчымасьць прэзэнтаваць свае праекты і правесьці перамовы з патэнцыйным інвэстарамі і спонсарамі.

Дата правядзеньня курсу: 31 сакавіка - 7 траўня 2014 году. Удзел у курсе - бясплатны.

Каб узяць удзел, неабходна запоўніць анляйн-анкету.

Каментаваць


*