Вымаліць мужа ў Бога

15.03.2014 16:50Views:
1-300x219Ісці рука аб руку па адной дарозе, радавацца і гараваць, дзень за днём каваць сямейнае шчасце і ўсё мацней кахаць нават праз 60 гадоў. Такое вяселле ў народзе нездарма называюць брыльянтавым або плацінавым, бо адносіны юбіляраў, іх пачуцці за гэты час становяцца яшчэ трывалей, яшчэ каштоўней, як у герояў нашага матэрыяла — Вольгі і Часлава Гружэўскіх. 
Малады

Усё жыццё Часлава Гружэўскага звязана з Сакавічамі. У гэтай вёсцы прайшло яго дзяцінства, сюды, у бацькоўскую хату, прывёў ён маладую жонку, тут выхаваў сваіх дзяцей. Бацькі Часлава Аляксандравіча былі земляробамі. Сям’я мела некалькі гектараў зямлі, дзве сячкарні, гадавалі коней і кароў, цялят і парасят. Багата жылі. Усё таму, што працавалі заўзята, з душой і ведалі цану кожнаму зярнятку. А калі прыйшлі “саветы” і сталі парадкі наводзіць, ад багатай гаспадаркі Гружэўскіх нічога не засталося.

За плячыма Часлава Аляксандравіча 8 гадоў адукацыі. Пасля школы працаваў у калгасе конюхам. А потым вырашыў падацца ў начальнікі, скончыў дзеля гэтага вячэрнюю школу ў Суцькаве. Нарэшце стаў на чале мясцовага аддзялення паштовай сувязі, нават два гады на пенсіі працаваў на гэтай пасадзе. Штогод Часлаў Аляксандравіч атрымлівае з горада паштоўкі з віншаваннямі да Дня сувязі. Давялося некаторы час і вартаўніком на складах калгасных папрацаваць — работы ніколі і ніякай чалавек гэты не баяўся.

Маладая

Сям’я Вольгі Дамінікаўны жыла на хутары Кунцаўшчына за Рымцелямі. Гадавалася дзяўчына разам з двума братамі. “Бацькі мае таксама земляробамі былі, — расказвае Вольга Гружэўская. — З маленства нас прывучылі працаваць і зямлю сваю любіць, таму да сённяшняга дня ад яе проста адарвацца не можам. І дзеці нашы, дзякуй Богу, зямлю-карміцельку не кідаюць”.

У першы клас Вольга пайшла ажно ў 13 гадоў. Вучыцца зусім не хацелася. Чытаць ды грошы лічыць умела, таму вырашыла, што хопіць навукі. Калгас і з трыма класамі ўзяў. У калектыўнай гаспадарцы прарабіла ўсё жыццё: была і даяркай, і свінаркай, але больш давялося працаваць паляводам.

Вольга Гружэўская вельмі набожны чалавек. І ў дзявоцтве, і ў сталасці ніколі нядзельную Імшу не прапусціла. Шмат рэлігійнай літаратуры чытае на польскай мове. Лічыць Вольга Дамінікаўна, што свайго мужа — шчодрай душы чалавека, дбайнага гаспадара і добрага бацьку — яна вымаліла, выпрасіла ў Бога.

Сватаўство па знаёмству.

Вольга Дамінікаўна ўспомніла выпадак з маладосці. Пасля вайны жылося бедна. Назбіралі з маці бульбы і павезлі на базар, каб новыя боты дзеўцы набыць. “Едзем, каля Сакавіч з горачкі спускаемся, а я і кажу: “Вось бы мне ў гэту вёску замуж пайсці!” — усміхаецца жанчына. — Нібы прадчула, нібы прыгаварыла сама сабе. Так і сталася”.

Дзядзькі Вольгі і Часлава жылі ў Крыўску, добра ведалі адзін аднаго. Неяк сустрэліся мужчыны, пачалі пра справы гаварыць, а ўрэшце ў сваты сабраліся: “прападаў” пляменнік Гружэўскага Часлаў — хлопец хоць куды, выдатны жаніх. Справу гэту вырашылі не адкладваць, але пакуль з духам сабраліся ды з Крыўска выехалі, час прайшоў, да маладой дзяўчыны толькі на ноч гледзячы прыехалі. Было гэта зімою, снегу па плечы, яшчэ і мароз страшэнны. Дзядзькі “пагрэліся” добра ў дарозе, кажухі нацягнулі, а святочна прыбраны жаніх здубеў. “Прыйшоў малады мой у хату чорны, як галавешка. Мяне страх нават узяў, — успамінае Вольга Дамінікаўна. — А як адтаяў каля печы, прыгледзелася лепш. Такі файны хлопец, харошанькі, вочкі блакітныя, сам спрытненькі. Вось і ўцапілася я ў жаніха”.

Праз месяц вяселле справілі. З’ездзілі ўдваіх у сельсавет, распісаліся. А ў нядзелю ў Лоску сабралася ўся радня — маладыя бралі шлюб у касцёле. Гулялі шырока, прыгожа, ездзілі на конях з шаргунамі і балявалі некалькі дзён.

Сумесны шлях

Усё было: і салодкае, і горкае. Працавалі Гружэўскія шмат, бо ведалі, што ад работы толькі дабро будзе. Гаспадыня клапацілася пра сям’ю і дзяцей, а гаспадару галава балела, каб рубель быў і дастатак у доме. Заўсёды на стале сваё мяса і малако, садавіна і гародніна. Грыбочкамі на зіму запасуцца, варэння нарыхтуюць, гарбаты з лясных травак навараць. “Цягнулі лямку разам, — кажа гаспадар. — Як касіць, то касіць удваіх. Як араць, то абавязкова разам. Як воз злажыць — я віламі падаю, а жонка складае. І так усё жыццё, так ва ўсім”. Галоўнае, што нікому зла не чынілі, ніколі не сварыліся і да сённяшняга часу жывуць між сабою дружна, згодна. Любяць Бога, просяць Бога і дзякуюць яму за ўсё.

Не толькі вяскоўцы добра ведаюць і паважаюць Гружэўскіх: праславіліся некалі Вольга і Часлаў сваімі валёнкамі, якія дома білі. За сваё жыццё абулі яны не аднаго чалавека. Нават і зараз сёй-той папросіць, але рукі не тыя ўжо. На здароўе, праўда, не скардзяцца. “Ці не ад Бога гэта ласка, што столькі пражылі, і ніводнага разу ў бальніцы не апынуліся? — кажа Вольга Дамінікаўна. Толькі сёлета Часлава Аляксандравіча нешта калена затурбавала, каб не яно, дык яшчэ і ў танцы кінуцца б мог, і кароўку падгадаваць.

Сямейныя брыльянты

Пра сваіх дзяцей Вольга і Часлаў могуць расказваць бясконца — гэта самае галоўнае іх багацце, самае дарагое. Сын Уладзімір працуе ветурачом, дачка Ірына была настаўніцай, старэйшы сын Станіслаў некалі працаваў механікам, брыгадзірам, зараз трымае вялікую гаспадарку. Брат і сястра выхоўваюць прыёмных дзяцей і любяць іх не менш, чым сваіх. Выпесцілі Гружэўскія восем унукаў і дзесяць праўнукаў, спадзяюцца, што дзетак яшчэ прыбавіцца. “Усе разумныя, добрыя, не забываюцца дапамагаць. Радзей прыязджаюць, але тэлефануюць кожны дзень, — расказвае Вольга Дамінікаўна. — А мы з дзедам і цешымся, і плачам калі разам, але толькі з радасці, што дзеці і ўнукі нашы талковыя і працу любяць”.

Трэці раз пад вянец

Вользе было 22 гады, калі Часлаў, на год старэйшы, прыехаў да яе ў сваты. Час ляціць імгненна, здаецца, яшчэ зусім нядаўна спраўлялі залатое вяселле. А сёлета ўжо дзеці падрыхтавалі дарагім бацькам “брыльянтавае свята”, сабралі ўсю сям’ю — весяліцца, дык весяліцца, гуляць, дык гуляць.

2-300x199

“Дзіва, што мы доўга жывём: мы не старыя, нам толькі гадоў шмат. Гэта ж трэба, трэці раз замуж іду”, — усміхаючыся прыгаворвае Вольга Дамінікаўна. І сапраўды, калі жыве каханне, калі радуюць дзеці, калі не можаш нагледзецца ў вочы роднаму чалавеку, а сэрца трапечыць як маладое, няма калі старыцца.

Анастасія НАВАХОДСКАЯ,  "СШ" 
Фота з сямейнага альбома і аўтара

Каментаваць


*