Гераіні нашага часу

12.03.2014 10:25Views:
babuli-300x239Пагадзіцеся, не так проста выйсці на сцэну, каб прадставіць на суд гледача і журы сябе і прадэманстраваць свае здольнасці. Пэўныя складанасці ўзнікаюць у арганізатараў раённага конкурсу прыгажунь. Прычым, год ад года ўсё складаней знайсці адважных прэтэндэнтак на карону каралевы прыгажосці. Тым больш складаней правесці такое шоу ў сельскай мясцовасці, дзе пераважная колькасць жыхароў – людзі пенсійнага ўзросту. Але вось гэта апошняя акалічнасць і натхніла культарганізатараў з Залескага цэнтральнага Дома культуры на правядзенне арыгінальнага конкурсу “Бабуля года”. 

Іх было шэсць (на здымку злева направа): Кіра Радзіонава, Соф’я Сцяпанцава, Зінаіда Паховіч, Вера Зянько, Жанна Шчуроўска, Людміла Гружэўская. Глядзельная зала Дома культуры, перапоўненая людзьмі і эмоцыямі, вітала шквалам апладысментаў кожную бабулю. Здавалася, што і строгае журы ад захаплення забылася пра свае непасрэдныя абавязкі — ацэньваць этапы конкурсу, а проста атрымлівала асалоду ад цікавай імпрэзы. Шчырасць і непасрэднасць, таленавітасць і прыгажосць, душэўнасць і аптымізм канкурсантак заварожвалі і дарылі святочны настрой усім.

Маладжавыя і аптымістычныя бабулі прадстаўлялі сябе і, вядома ж, сваіх унукаў, якія ўсімі сіламі імкнуліся падтрымаць іх імідж. А якая бабуля без смачных страў і прысмакаў? Людміла Гружэўская прапанавала пакаштаваць сыр, зроблены па галандскаму рэцэпту. Бабулі Жанна і Соня прыгатавалі салаты. Зінаіда спакушала беларускім салам, паляндвіцай, квашанай капустай. Вера – тортам “Птушынае малако”. А бабуля Кіра напякла ў гэты апошні дзень Масленіцы вялікі стос смачных бліноў.

Падчас другога этапу конкурсу бабулі не проста ўгадвалі мелодыю песень, але і спявалі іх разам з прысутнымі. Самая галасістая аказалася бабуля Соня, а самая знаходлівая – бабуля Зіна, бо ёй давялося спяваць песню, якую яна ўпершыню пачула. “Мінутай славы” стаў для ўдзельніц творчы конкурс. Удзельніца пад нумарам адзін, бабуля Люда, уразіла выкананнем усходняга танца. Яскрава выканалі прыпеўкі Вера і Соня. Жанна памянялася ролямі са сваёй унучкай і ператварылася ў маленькую капрызную дзяўчынку. Свой артыстычны талент дэманстравала Зіна. А Кіра правяла сапраўдны майстар-клас, станчыўшы даўнішні танец. На заключны этап “А вам слабо?” усе бабулі выйшлі на сцэну і з запалам выканалі танцавальны нумар.

Па прызнанні старшыні журы Таццяны Ражэвай, яшчэ ніколі ні ў якой конкурснай камісіі не было такой аднадушнасці пры вызначэнні лепшых у кожнай намінацыі. А рашэнне наконт галоўнай пераможцы, якой прысуджаны тытул “Бабуля года”, супала з думкай большасці прысутных у зале. Большая колькасць галасоў была аддадзена за Кіру Радзіонаву. У намінацыі “Бабуля – вясёлы нораў” пермагла Вера Зянько, самай эпатажнай прызнана Людміла Гружэўская, самай абаяльнай – Жанна Шчуроўская. Тытул “Бабуля нашага часу” дастаўся Зінаідзе Паховіч, тытул “Мара ўнукаў” – Соф’і Сцяпанцавай. “Бабуля – прыклад для ўсіх” – у гэтай намінацыі, вядома ж, лепшай стала Кіра Радзіонава.

Святочны настрой падчас імпрэзы падтрымлівалі мясцовыя самадзейныя артысты. А конкурсы сярод гледачоў унеслі сваю інтрыгу і парадавалі нечаканымі падарункамі. Асобна ўшанавалі і самую багатую на ўнукаў бабулю Залескага сельсавета. Аліну Дудко, якая мае трох сыноў і ажно адзінаццаць унукаў, павіншавалі і адарылі актывісты ініцыятыўнай групы “Чырвоны крыж”. Старшыня грамадскай суполкі “Сяльчанка” Ала Шыцікава, дзякуючы за падораныя станоўчыя эмоцыі і выдатны вясновы настрой, адзначыла, што большасць удзельніц конкурсу – сябры “Сяльчанкі” і актывісткі руху за ўстойлівае развіццё вясковых тэрыторый. Старшыня сельсавета Зянон Грышкевіч падзякаваў арганізатарам і ўдзельнікам гэтага цудоўнага свята.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"
Фота аўтара

 

Каментаваць