11.03.2014 10:00Views:
zalesse3_265_205Нядаўна ў маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі прайшоў першы канцэрт. Беларускія і літоўскія артысты, госці мерапрыемства пераканаліся, што рэканструкцыя сядзібы славутага кампазітара, дыпламата і паўстанца праходзіць паспяхова. Рэстаўратары стараюцца максімальна аднавіць атмасферу класіцызму. 

Па словах начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Людвігавіча Вярсоцкага, да 2015 года (250-гадовага юбілею аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай») сядзіба набудзе аблічча, максімальна набліжанае да таго, якое яна мела пры сваім знакамітым гаспадары. Пры гэтым рэстаўрацыя самога палаца завершыцца сёлета ў верасні. Затым будуць рэканструяваныя садова-паркавы комплекс, вадзяны млын, альтанкі. Сродкі і адпаведная дакументацыя для гэтага ёсць.

-- Сумесныя міжнародныя культурныя праекты збліжаюць народы розных краін, -- падкрэсліла арганізатар канцэрта, дырэктар літоўскай кампаніі «AmbraVox» Рута Баневічане. -- Яны спрыяюць усталяванню добрасуседскіх адносін, абмену ідэямі і дасягненнямі. На прыкладзе рэканструкцыі сядзібы Агінскіх мы бачым, што калі ў беларускіх і літоўскіх партнёраў ёсць воля і жаданне працаваць разам, яны могуць справіцца з любымі задачамі.

Праект па рэканструкцыі сядзібы Агінскіх рэалізуецца ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь». Кошт праекта -- 237 тысяч еўра, з іх 212 тысяч -- уклад Еўрасаюза. Партнёрамі па праекце з'яўляюцца Смаргонскі райвыканкам і Тракайскі нацыянальны гістарычны парк.

У Залессі Міхал Клеафас Агінскі пражываў з 1802 па 1822 гады. Паэты, мастакі і кампазітары, якія прыязджалі да аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай», называлі гэта месца Паўночнымі Афінамі.

Алег БЯГАНСКІ, "Маладзечанская газета"
Фота АЎТАРА

Каментаваць


*