Новый туристический маршрут по местам сражений Первой мировой войны разработали в Молодечно

10.03.2014 13:46Views:
tour1_265_205Спецыялісты Маладзечанскага рэгіянальнага турыстычнага цэнтра распрацавалі экскурсійны маршрут па месцах праходжання лініі фронту Першай сусветнай вайны. У час экскурсіі аматары гісторыі наведаюць Вілейку, Заброддзе і Смаргонь, убачаць акопы і іншыя абарончыя збудаванні, наведаюць пахаванні салдат, пачуюць цікавы аповед пра падзеі, што разгортваліся тут сто гадоў таму. 

Дапамогу ў распрацоўцы маршруту аказалі супрацоўнікі Вілейскага і Смаргонскага краязнаўчых музеяў. Асобая ўдзячнасць таксама Барысу Барысавічу і Валянціне Пятроўне Цітовічам, якія ў вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна стварылі мемарыял, прысвечаны Першай сусветнай вайне.

Мяркуецца, што маршрут будзе запатрабаваны як жыхарамі нашай краіны, так і замежнымі турыстамі, у першую чаргу – грамадзянамі Расіі, Польшчы і Германіі.

-- Сёлета спаўняецца 100 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. На тэрыторыях сучасных Вілейскага і Смаргонскага раёнаў разгортваліся самыя кровапралітныя ваенныя аперацыі. Варта ўспомніць, напрыклад, ліквідацыю Свянцянскага прарыву (верасень-кастрычнік 1915 года) або гераічную абарону Смаргоні. Рускія войскі ўтрымлівалі гэты горад 810 дзён – з верасня 1915 па люты 1918 года. Закранула рэгіён і Нарачанская наступальная аперацыя, калі ў сакавіку 1916 года за дзесяць дзён на беларускай зямлі загінулі больш як 75 тысяч салдат царскай арміі. На Маладзечаншчыне базіраваліся расійскія часці тылавога забеспячэння. Раён моцна пацярпеў ад нямецкіх газавых атак, -- патлумачыла дырэктар рэгіянальнага турыстычнага цэнтра Л.М. Бруяка.

Першая сусветная вайна працягвалася 4 гады 3 месяцы -- з 1 жніўня 1914 па 11 лістапада 1918 года. Яе ахвярамі сталі 2,7 мільёна падданых Германіі, 1,8 – Расіі, 1,9 – Францыі, 1,8 -- Аўстра-Венгрыі, 1 мільён – Вялікабрытаніі. Па дадзеных Міністэрства абароны Беларусі, сёння на дзяржаўным ўліку ў нашай краіне знаходзіцца 137 воінскіх пахаванняў тых часоў.

Больш падрабязна пра маршрут – у адным з бліжэйшых нумароў “МГ”.

Алег БЯГАНСКІ, "МГ"
Фота Паўла САПОЦЬКІ

Каментаваць


*