Уладзімір Церабун: “Я вельмі люблю родную Смаргонь і ганаруся ёю”

25.02.2014 23:08Views:
cerabunСкульптар, ураджэнец нашага рэгіёна, ганаровы грамадзянін Смаргоні, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Церабун стварае сёння для роднай Смаргоні “Мядзведжую акадэмію” і мемарыяльны комплекс, прысвечаны Першай сусветнай вайне. 

Са спадаром Уладзімірам мы сустрэліся ў яго майстэрні ў Мінску. Яна і сапраўды падобная на творчы прыстанак.

Чорныя фіранкі аддзяляюць адзін пакой ад другога. Яго працоўнае месца – чорны стол, чорнае крэсла, чорная лямпа, чорны камп’ютар. Адчуванне такое, быццам знаходзішся ў іншым свеце, дзе дзённае святло наўрад ці ўбачыш. Ды і паўсюль скульптуры: вялікія, маленькія, завершаныя і не, іх накіды, эскізы.

Ён мог быць музыкай, але “навошта два музыкі ў хаце”

cerabun2

Нарадзіўся творца на Смаргоншчыне ў вёсцы Несцяняты. Калі яму было гады тры, бацька перавёз усю сям’ю на хутар пад Смаргонню. А сям’я была вялікая, бацькі мелі шасцёра дзяцей. Ды пяцёра з іх – хлопцы.

Пасля бацька, які працаваў на лесазаводзе пілатачыльшчыкам, пабудаваў у Смаргоні дом.

Мядзведжая акадэмія Уладзіміра Церабуна. “Я чакаў гэтай работы дзесяць гадоў”

– І ў нас пачалося новае жыццё, – прыгадвае Уладзімір Церабун. – Шмат што для мяне зрабіў Аляксандр Дзяруга. Ён быў свайго роду Макаранкам у Смаргоні. Заўсёды быў з моладдзю. Тады дзве школы былі: беларуская і руская. Я вучыўся ў першай беларускай. І ён ведаў усіх дзяцей. Арганізаваў аркестр цымбалістаў, аркестр народных інструментаў. Быў сярод стваральнікаў ансамбля імя Агінскага. Сам музыку пісаў і акрамя гэтага выключна валодаў фатаграфіяй. Так што ўсё ішло ад яго. Ён хацеў, каб я быў музыкантам. Аднак у мяне брат цымбаліст, і бацька сказаў: “Навошта два музыканты ў хаце?”

Уладзімір у школьныя гады займаўся ў цымбальным аркестры. Пабачыўшы, як дзецям нязручна трымаць цымбалы на каленях, якія ўвесь час ссоўваліся ўніз, ён распрацаваў канструкцыю металічных ножак. Яны закручваліся і выкручваліся. Але пра патэнт творца тады не думаў, бо “проста хацеў дапамагчы дзецям”. Ад таго часу ў 1964 годзе Барысаўская фабрыка музычных інструментаў пачала рабіць цымбалы на ножках.

cerabun3

– Мне вельмі падабалася ляпіць, майстраваць. Музыка была як хобі і засталася па сённяшні дзень. Тут ёсць гітара, і ў Смаргоні цудоўны інструмент маю. І на цымбалах іграю, і на балалайцы, і на фартэпіяна. Вядома, як аматар. Так што музыка са мной засталася па жыцці. У дзяцінстве ўсё цікавіла: і музыка, і фатаграфія, і авіямадэлізм, і караблебудаванне, ракетабудаванне. Мы ўвесь час шукалі штосьці цікавае ў жыцці.

 

Паступаць у інстытут давялося два разы

cerabun4

У 1965 годзе Уладзімір вырашыў паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Праўда, набору на скульптуру тады не было, паступаў на кераміку. “Заваліўшы” жывапіс, пайшоў на тры гады служыць у Савецкую Армію.

Затое вярнуўшыся, паступіў, ды ўжо на аддзяленне скульптуры.

– Раней у інстытут маглі прыняць без адукацыі. Я ж і паступіў, не маючы за спіной ні мастацкай школы, ні тым больш вучылішча. Цяпер жа без гэтага нікуды цябе не возьмуць. Раней інакш было. Паглядзелі, што чалавек нядрэнна лепіць, значыць, з яго можа штосьці атрымацца. Часам атрымлівалася, часам – не.

 

Станкавая скульптура

Памятаю выпадак, паступаў разам са мной хлопец. Дык ён сцізорыкам, раскладным нажом, рабіў скульптуры. Але так добра зрабіў на экзамене копію з бюста, што журы ахнула. На самой жа справе, акрамя таго, як рабіць дакладныя копіі, ён так нічому і не навучыўся.

– Такія ж, як я, – працягвае спадар Уладзімір, чалавек з вёскі, – імкнуліся да нечага. Я ніколі не прапускаў заняткі, толькі што іншы раз па суботах апошнія пары, каб паспець на электрычку і прыехаць дамоў у Смаргонь. Некаторых жа гарадскіх вылоўлівалі, каб на заняткі прыйшлі.

На Міншчыне на месцы спаленай фашыстамі ў 44-м годзе вёскі Дальва цяпер стаіць мемарыял. Ён – справа рук Уладзіміра Церабуна, яго дыпломная праца.

Дзякуючы мемарыяльнаму комплексу Уладзімір Церабун скончыў інстытут на год датэрмінова і атрымаў дыплом “з адзнакай”.

– Вы ж ведаеце, што я 27 гадоў адпрацаваў у Гродне? – пытаецца ў мяне спадар Уладзімір. – Чаму Гродна? Бо ў Мінску папросту баяўся застацца – тут столькі мэтраў ад мастацтва!

Больш за сем гадоў узначальваў абласную арганізацыю Беларускага Саюза мастакоў. Аднак сталіца яго ўсё ж да сябе прыцягнула і прыняла. У Мінск пераехаў у 2001 годзе.

– Але сувязь з Гродзеншчынай не парваў, – напісаў ён у аўтабіяграфіі, змешчанай у кнізе, прысвечанай ягонай творчасці. – Я вельмі рады, што пасля ад’езду мае скульптурныя кампазіцыі ўсталяваныя ў Гродне, Скідалі, Вялікай Бераставіцы, Свіцязі, Смаргоні, Зэльве. Я вельмі люблю родную Смаргонь і ганаруся ёю. За сорак гадоў творчасці правёў 16 персанальных выстаў як у рэспубліцы, так і за яе межамі. Гэта вельмі цяжкая, адказная работа, і накладная фінансава.

 

Пражыў у Смаргоні ўсё жыццё, але ствараць для яе пачаў толькі цяпер

cerabun5

“У гэтым вялікая памылка, – лічыць творца. – Аднак мне не давалі нічога рабіць”

Яго творы станковай скульптуры і дробнай пластыкі можна пабачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску, мінскім музеі імя Янкі Купалы, музеі імя Якуба Коласа, Фондзе Беларускага Саюза мастакоў, Гродзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Гедзевіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі. Каля 50 твораў знаходзяцца ў Смаргонскім краязнаўчым музеі. Аднак у горадзе, дзе мастак правёў сваё дзяцінства і ўсё жыццё, дагэтуль былі ўсталяваныя толькі тры мемарыяльныя творы.

Манументальная скуптура

Адзін з іх, “На хвалях часу”, створаны ў суаўтарстве з Аляксандрам Крахалёвым да 500-годдзя першага ўпамінання Смаргоні, якое адзначалі ў 2003 годзе.

Другі – мемарыяльная дошка заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Аляксандру Дзяругу, які з 1937 па 1979 год жыў і працаваў у Смаргоні і з якім звязанае дзяцінства творцы.

Сёлета ў Смаргоні на вуліцы Танкістаў, непадалёк ад цэнтральнай бібліятэкі, усталявалі помнік воінам-інтэрнацыяналістам “Рэха вайны”. Над ім Уладзімір Церабун і архітэктар Аляксандр Бажыдай працавалі больш за год.

– Мне здаецца, што гэтая праца вельмі ўдалая, выразная, – кажа спадар Уладзімір. – Людзі называюць яе “прастрэленае сэрца”. І добра, што так называюць. Гэта высокая адзнака.

Праўда, над гэтым следам ад снараду мастаку давялося пакарпець. Калі камяні прывезлі і ўсталявалі, след аказаўся занадта малы, праз яго амаль не праходзіла сонечнае святло. Атрымалася так, бо кожны з камянёў рабіўся паасобку. У гэтым жа святле была сама задума. Давялося перарабляць, каб снарад быў больш выразны.

– Аднак што тут скажаш? Гэта творчасць, – заўважае мастак. – Без памылак не бывае.

У хуткім часе ў Смаргоні з’явіцца “Мядзведжая акадэмія”, а следам за ёй – мемарыяльны комплекс, прысвечаны Першай сусветнай вайне.

Настасся РОЎДА, "РГ"

Фота забяспечана Уладзімірам ЦЕРАБУНОМ, minsk.freeads.by

Каментаваць


*