Мядзведжая акадэмія Уладзіміра Церабуна. “Я чакаў гэтай работы дзесяць гадоў”
Скончылася праца над скульптурнай кампазіцыяй “Мядзведжая акадэмія”. Сёлета напрыканцы студзеня скульптуры перавезлі ў Смаргонь. Эскіз гэтай скульптуры Уладзімір Церабун распрацаваў яшчэ дзесяць гадоў таму. Аднак толькі цяпер справа зварухнулася з месца.
– Дзесяць гадоў я чакаў гэтай работы, – распавядае скульптар Уладзімір Церабун. – Эскіз быў распрацаваны яшчэ да 500-годдзя Смаргоні.
Смаргонь вядомая ад пачатку 16 стагоддзя як прыватнаўласніцкае мястэчка Зяновічаў, Радзівілаў, Пшэздзецкіх. У 2003 годзе горад азначыў сваё 500-годдзе.
– Праўда, планавалі паставіць скульптуру ў іншым месцы, насупраць універмага, – працягвае мастак. – І добра, што там не паставілі. Прайшло дзесяць гадоў, я прыгледзеўся і думаю: ну, навошта там ставіць? Там столькі транспарту, столькі людзей ходзіць. Сёння гэта не тое месца, дзе людзі будуць адпачываць, глядзець на скульптуру і фатаграфавацца ля яе. Тады крыху пазней прыйшла ідэя паставіць кампазіцыю ў Цэнтральным парку. Побач стаіць помнік Францішку Багушэвічу, касцёл, амфітэатр, паркавая скульптура. Выключнае месца!
Дарэчы, у канцы алеі плануюць паставіць яшчэ і ратонду
Канчатковы эскіз з канчатковым месцам для скульптуры зацвердзіў яшчэ ў красавіку мастацкі савет у Гродне.
– Аднак вельмі шмат нерваў і часу вымагае атрыманне тэндара, – адзначае скульптар.
Цяпер пляцоўка ў парку ўжо цалкам падрыхтаваная. Пакладзеная плітка і зроблены фундамент, дзе будуць стаяць фігуры.
– Асноўная праца над скульптурамі скончаная, – кажа спадар Уладзімір. – Аднак яны яшчэ павінны выстаяць і іх трэба затаніраваць. Прызнацца шчыра, досведу ў апрацоўцы чыгуну ў мяне пакуль не было. Гэта эксперыментальная праца. Аднак усё атрымалася, і кампазіцыя будзе ўсталяваная.
– Чаму ж так доўга давялося чакаць скульптуру? – пытаюся ў спадара Уладзіміра.
– Не было грошай. Ды і для кіраўніцтва горада гэта тады было не самым галоўным. Хаця ў 2003 годзе ідэя спадабалася, усе былі “за”. І тады ўся скульптура каштавала 90 мільёнаў у бронзе. Сёння ж кошт дарос да мільярда і ста мільёнаў. У 12 разоў даражэй, чым дзесяць гадоў таму. Вядома, такія грошы на скульптуры ў год беражлівасці ніхто не дасць.
Тады я прапанаваў пайсці іншым шляхам і адліць скульптуры з чыгуна. Падлічылі, атрымалася 600 мільёнаў, у два разы танней. І я сабе так сказаў: яшчэ не адзін чыгунны люк не праваліўся. Зробім, дык стаяць будзе.
Такія грошы знайшлі ў абласным бюджэце, і праца пайшла.
– Аднак сёння я рады, што тады не атрымалася, інакш скульптура стаяла б не там, дзе трэба, толькі перашкаджала б, – лічыць мастак. – Як казаў Дастаеўскі, толькі дурань не мяняе сваіх перакананняў. У дадатак, мядзведзь у першапачатковай версіі быў не самы ўдалы. За гэты час я знайшоў выключны здымак мядзведзя ў цырку ў адным часопісе, які і стаў мне асновай. Атрымаўся значна лепшы.
Даведка “РГ”. Ратонда – круглая ў плане пабудова з калонамі, звычайна ўвянчаная купалам.