Вайны застылыя імгненні

11.02.2014 15:33Views:
Voina_1-238x300Два гады назад у нашых краях пабываў грамадзянін Германіі Манфрэд Бергер. Ён захацеў наведаць мясціны, дзе ваяваў і загінуў падчас баёў у ліпені 1917 года яго дзядуля Вільгельм. Ужо ў час візіту Бергер перадаў нам цікавы артыкул з нямецкага часопіса пра ліпеньскую аперацыю, а вярнуўшыся на радзіму, выслаў фотаальбом пра свайго дзядулю і здымкі, зробленыя ў час Першай сусветнай вайны ў ваколіцах Крэва. 

На першы погляд — звычайныя здымкі з вайсковага побыту: богаслужэнне пад адкрытым небам, фатаграфаванне пасля выступлення музыкантаў, групавыя здымкі з сябрамі і саслужыўцамі ў розныя моманты службы. Аднак кожнае фота нясе таксама карысную інфармацыю пра абмундзіраванне нямецкіх вайскоўцаў, пра іх зброю і рыштунак, пра розныя ваенна-інжынерныя збудаванні. На двух здымках можна ўбачыць ваенную тэхніку — гармату і аэрастат. Суправаджальныя надпісы даюць дадатковую інфамацыю. 3 іх, у прыватнасці, мы даведваемся, што камандаванне III рэзервовага корпуса немцаў размяшчалася ў Навасёлках каля Ашмянаў, а цэнтральная тэлефонная станцыя 22 апалчэнскага пяхотнага батальёна, дзе служыў Вільгельм Бергер, — у Войневічах.

Карысную інфармацыю пра падзеі часоў Першай сусветнай вайны можна знайсці ў так званых палкавых гісторыях, якія выдаваліся ў пасляваеннай Германіі асобнымі кнігамі. Акрамя падрабязнага апісання баявога шляху той ці іншай вайсковай часці, яны змяшчалі карты, схемы, табліцы і фотаздымкі. У наш час такія кнігі з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю, аднак знаходзяцца зацікаўленыя людзі, якія набываюць іх на аўкцыёнах і ў букіністаў. Дзякуючы фатографу і даследчыку Уладзіміру Багданаву з Мінска, мы атрымалі магчымасць азнаёміцца з адной такой кнігай.

Voina_2

У ёй прасочваецца гісторыя 3-га ландверскага палка і 22 апалчэнскага пяхотнага батальёна, якія стаялі ў Крэве. Некалькі здымкаў з кнігі маюць непасрэднае дачыненне да Крэва і ваколіц. Па іх мы можам прасачыць, як ішло разбурэнне мястэчка падчас баёў, пазнаёміцца з будовай нямецкіх умацаванняў ля Свята-Троіцкай царквы, вакол замка і ўнутры яго. Адзін са здымкаў з подпісам “Расійскія пазіцыі ў Крэве. Зіма 1916 г.” дае ўяўленне аб тым, у якім стане была ў той час Свята-Аляксандра-Неўская царква: званіца дашчэнту разбіта, дах поўнасцю знесены. Яшчэ на адным здымку мы бачым вялікую групу расійскіх вайскоўцаў на фоне зруйнаванага Крэўскага замка. 3 подпісу даведваемся, што зроблены ён у снежні 1917 года ў час перамір’я, заключанага ў Солах.

У нашы дні вялікую дапамогу ў пошуку патрэбнай інфармацыі аказвае інтэрнэт. Дзякуючы сеціву, удаецца рэгулярна папаўняць і нашу калекцыю здымкаў. Найчасцей там трапляюцца паштоўкі з выявамі замка і Свята-Троіцкай царквы. А на сайце ваенна-гістарычнага клуба “Выстрал” з Масквы размешчаны сем здымкаў, якія належалі расійскаму афіцэру, што служыў у 42 стралковым палку другой стралковай Сібірскай дывізіі. Нам вядома, што гэтая вайсковая адзінка размяшчалася ў час вайны пад Крэвам. Больш таго, подпіс да аднаго са здымкаў наступны: “Абед стралкоў на перадавой лініі. Пазіцыі пад Крэвам…” Пры больш пільным разглядзе іншых фотаздымкаў, на адным з іх быў выяўлены надпіс “Крэва”, размешчаны на карце, якую разглядаюць афіцэры. Хутчэй за ўсё надпіс быў нанесены ўжо на негатыў, засталіся нават адбіткі пальцаў таго, хто яго наносіў. Тым не менш, ён пацвярджае, што здымак зроблены менавіта тут.

Пошук фатаграфій працягваецца, але іх ужо дастаткова, каб стварыць адмысловую выставу, якая дала б магчымасць усім жадаючым здзейсніць вандроўку ў мінулае.

Аляксандр КАМІНСКІ, "СШ"

Каментаваць


*