Бізнес і школа па-смаргонску

04.02.2014 18:10Views:
Shitikova-200x300На думку многіх экспертаў, навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці неабходна пачынаць са школы. Асабліва гэта датычыць тых тэрыторый, якія лічацца неперспектыўнымі і дзе трэба рабіць усё магчымае для замацавання моладзі ў сельскай мясцовасці. Менавіта гэту мэту праследавалі актывісты пярвічнай арганізацыі “Сяльчанка” грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” і мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага”, чыімі намаганнямі пачаў ажыццяўляцца праект у межах праграммы ЕС ПРААН “За ўстойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. 
Гэта гутарка з дырэктарам фонду Алай Шыцікавай аб першых кроках школьных бізнес-кампаній Смаргоншчыны.
Ала Мікалаеўна, раскажыце, з чаго ўсё пачыналася і якія мэты вы ставілі перад сабой?

- Хачу адразу адзначыць, што школьная бізнес-кампанія Залескага вучэбна-педагагічнага комплексу першая ў Гродзенскай вобласці. У Беларусі найперш яны пачалі стварацца ў цэнтральным рэгіёне. Такім чынам, можна сказаць, што мы першапраходцы Наднёманскага краю. І, забягаючы наперад, хачу сказаць, што Гродзенскі аблвыканкам ухваліў нашу ініцыятыву і прапанаваў сваю дапамогу ў далейшым прасоўванні праекта.

Работа школьнай бізнес-кампаніі ДУА “ВПК Залескі яслі-сад–сярэдняя школа” была арганізавана на падставе рашэння папячыцельскага савета ад 30 верасня 2013 года. Загадам кіраўніка ўстановы адукацыі былі прызначаны адказныя педагогі за вызначаны напрамак дзейнасці, замацаваны іх функцыянальныя абавязкі. Дзейнічае кампанія ў адпаведнасці са Статутам ВПК і палажэннем аб парадку стварэння і функцыянавання бізнес-кампаніі ва ўстанове адукацыі. Намеснік дырэктара Залескага вучэбна-педагагічнага комплексу Валянціна Шыпілава ўзначаліла гэты фронт работ.

Галоўная мэта праекта – навучанне школьнікаў асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, усведамленне імі ролі эканомікі і бізнесу ў фарміраванні ўмоў жыцця, уздзеяння на стан грамадства і навакольнага асяроддзя. Менавіта на гэтым, пачатковым этапе, адбываецца засваенне мадэлі эфектыўных сацыяльна-эканамічных паводзінаў і паспяховай прафесійнай дзейнасці. Дзеці пачынаюць разумець і на ўласнай практыцы засвойваць ісціну, што каб быць паспяховым, прафесійным, не абавязкова ехаць у вялікія гарады, у сталіцу. Можна і ў сельскай мясцовасці мець стабільны заробак, цікавую работу, паўнацэннае жыццё.

- Чым канкрэтна займаюцца вучні, які прадукт яны могуць прапанаваць спажыўцам?

- Акрэсліваючы поле дзейнасці, мы зыходзілі са спецыфічнасці дадзенай тэрыторыі, гістарычных і традыцыйных асаблівасцей. Пачатак любой прадпрымальніцкай дзейнасці патрабуе сур’ёзнага планавання, вызначэння кірункаў работы прадпрыемства, запатрабаванасці ў кадрах. Нашы першапачатковыя планы базіраваліся на перспектывах, якія шчыльна прывязаны да аднаўляемай сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага і наогул для ствараемага турыстычнага кластэра, куды ўваходзіць наша мясцовасць.

Таму перш-наперш было вырашана спыніцца на арганізацыі і правядзенні экскурсій па гісторыка-культурных аб’ектах Залесся, вырабе сувенірнай прадукцыі, звязанай з брэндамі нашага аграгарадка. Акрамя таго, у планах бізнес-кампаніі вырошчванне расады для азелянення тэрыторый.

BK_02-300x260

Трэнінг праводзіць Аляксандр СІНКЕВІЧ, дырэктар ПУП “СінкевічТэхналоджыс”

- Аднак любы бізнес патрабуе першапачатковага фінансавання. Хто дапамог школьным “бізнесменам”?

- Быў падрыхтаваны праект, які ўхвалілі і прафінансавалі ў межах праграмы ПРААН адпаведныя структуры. За гэты кошт будуць праводзіцца адукацыйныя і пазнавальныя семінары, будзе набыта абсталяванне для школьнага музея і непасрэдна для школы. У лістападзе мінулага года прайшоў эканамічны форум сельскай моладзі, куды былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх навучальных устаноў раёна. Зацікавіліся і прынялі рашэнне стварыць свае бізнес-кампаніі ўдзельнікі з політэхнічнага ліцэя і сярэдняй школы №6. Цяпер там працуюць ініцыятыўныя групы па вызначэнні кірункаў і канкрэтнага поля дзейнасці, дзе можна атрымаць рэальную выгаду. Нават калі прыбытак будзе мінімальны, школьнікі атрымаюць каштоўны вопыт самастойнай арганізацыі вытворчасці, псіхалагічна падрыхтуюцца да працоўнай дзейнасці пасля заканчэння сваёй навучальнай установы.

- Якім чынам удаецца зацікавіць моладзь, прыцягнуць да актыўнага ўдзелу ў гэтай малавядомай пакуль справе?

- Праводзіцца асветніцкая работа, сустрэчы, семінары, на якіх выступаюць дасведчаныя спецыялісты, тэарэтыкі і практыкі, тыя, хто мае канкрэтны напрацаваны вопыт, у каго ёсць чаму павучыцца. Вывучаем і ўлічваем вопыт сваіх папярэднікаў. Напрыканцы мінулага года, напрыклад, мы здзейснілі цікавую паездку на Валожыншчыну, дзе на прыкладзе работы Ракаўскай школьнай бізнес-кампаніі вывучалі іх напрацоўкі па правядзенні экскурсій. Мы былі не проста экскурсантамі, а вельмі зацікаўленымі ўдзельнікамі працэсу падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў для падарожнікаў, вучыліся ўлічваць усе знешнія ўмовы і тое, як і чым можна ўразіць падарожнікаў, чым зацікавіць, на што акцэнтаваць увагу, якім чынам прапіярыць сувеніры мясцовых вытворцаў.

- Якія найважнейшыя набыткі нашы школьныя бізнес-кампаніі маюць сёння?

- Напэўна, рана яшчэ гаварыць пра нешта вельмі істотнае. Тым не менш, мы навучыліся пісаць бізнес-планы, многія пазбавіліся страху перад самастойным вядзеннем спраў дзякуючы таму, што засвоілі асновы эканамічных і юрыдычных ведаў. Моладзь усё актыўней праяўляе ініцыятыву, пачынае жыць вялікімі планамі, якія хоча і можа рэалізоўваць.

У бліжэйшы час будзем праводзіць онлайн-канферэнцыю з іншымі школьнымі бізнес-кампаніямі Беларусі. Спадзяюся, што ўся гэта праца не дарэмная і нашы выпускнікі зразумеюць, што можна адкрываць сваю справу на вёсцы і жыць на сваёй малой радзіме, прыносячы эканамічную выгаду ўсяму рэгіёну.

Гутарыла Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"
Фота аўтара

Каментаваць


*