Да юбілея Арсеня Ліса

01.02.2014 23:34Views:

arsen_lis_arche-300x2254 лютага сустракае свой 80-гадовы юбілей наш знакаміты зямляк, доктар філалагічных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986) за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні акадэмічнага шматтомнага збору беларускай народнай творчасці, вядомы даследчык роднай культуры Арсень Сяргеевіч ЛІС. 

Маё знаёмства з гэтым чалавекам пачалося з невялічкай кніжачкі пад інтрыгоўнай назвай “Пякучай маланкі след: Эцюд да партрэта мастака Горыда”. Надалей я не прапускаў ніводнай кнігі Арсеня Сяргеевіча, якія адразу рабіліся настольнымі. І было за што. Неспазнаны свет трагічнай і велічнай беларускай гісторыі, постаці шчырых, але абылганых і ўтаптаных у бруд афіцыйнай савецкай гісторыяграфіяй і літаратуразнаўствам дзеячаў нацыянальнай культуры, як жывыя паўставалі з іх старонак. Паўставала светлая, мужная, незарэтушыраваная хлуснёй, сапраўдная Беларусь. Ды пісаў ён неяк лёгка, свабодна, сакавіта, здавалася, што пісаў так, як дыхаў. Мова яго твораў была жывая, вобразная, пазбаўленая калькі і трафарэту, без розных слоўных дзівацтваў і выкрунтасаў і ў той жа час, што для мяне было важна, вельмі беларуская і натуральная.

Цяжка было заставацца абыякавым і да аўтарскай паэтычнай напеўнасці ў тэксце, дакладнасці ў характарыстыцы герояў той ці іншай кнігі. Было бачна, што і сам аўтар не абдзелены паэтычным дарам і талентам. З гадамі тыя здагадкі пацвердзіліся, калі ў мае рукі патрапіў студэнцкі паэтычны зборнік “Падарунак”, што выйшаў у 1958 годзе пад рэдакцыяй Міхася Ларчанкі. У тым невялічкім элегантным светла-зялёным томіку былі змешчаны вершы студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія толькі пачыналі свой шлях у вялікую літаратуру. Сярод тых 25-і аўтараў-пачаткоўцаў значылася прозвішча і Арсеня Ліса. Нельга тут не сказаць пра знакавы твор з той студэнцкай паэтычнай нізкі. Размова ідзе пра верш “Народныя мелодыі”, які сваімі рытмікай і танальнасцю нагадваў старажытную беларускую народную песню.

І гэта, трэба думаць, што не выпадкова. Бо любоў да беларускіх народных песень, іх выканаўцаў жыла ў душы маладога паэта яшчэ з дзяцінства, з тых памятных часоў, калі іх спявала маці. А ведала яна іх безліч: ад народных да аўтарскіх. Потым пра той перыяд свайго жыцця Арсень Ліс згадваў: “Коласавы “Родныя вобразы”, “Ліпы старыя” маці спявала. У перамешку з народнымі спявала яна яшчэ некалькі песень на словы Канстанцыі Буйлы. У студэнцкія гады, прыехаўшы з Мінска, я часам мог пачуць, як яны ўдваіх з бацькам напаўголаса ўспаміналі песні маладосці “Гэй, наперад!”, “Не пагаснуць зоркі ў небе” на словы Янкі Купалы, багдановічаўскую “Зорку Венеру…” Так паступова, неяк непрыкметна, тое дзіцячае, а потым юнацкае захапленне матчынымі песнямі перарасло ў навуковае прызванне, у сэнс жыцця.

Народнай творчасці крыніца

Таму, мусіць, і не дзіва, што адразу пасля заканчэння ўніверсітэта далейшыя жыццёвыя дарогі прывялі яго ў аспірантуру (тыя некалькі гадоў працы выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Шаркаўшчыне і рэдактарам рэдакцыі мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР у лік не ідуць, хоць і скідваць іх з жыццёвых рахункаў таксама не варта, бо нічога выпадковага пад гэтым небам не бывае), а потым на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, спачатку на пасаду малодшага, а з 1968 года старшага навуковага супрацоўніка. Шмат вартаснага дзякуючы той рабоце ўдалося яму спазнаць. Удзел у шматлікіх навуковых экспедыцыях як з аднадумцамі, так і ў адзіночку з мэтай пошукаў нашай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, збор і вывучэнне каляндарна-абрадавага фальклору.

Першыя публікацыі нарысаў, прысвечаных жніўнай, восеньскай і талочнай народнай паэзіі, напісанне аднаго з раздзелаў для вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ “Беларуская народна-паэтычная творчасць”, падрыхтоўка і выданне трох грунтоўных манаграфій: “Купальскія песні” (Мн., 1974), “Валачобныя песні” (Мн., 1989) і “Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў” (Мн.,1998), абарона кандыдацкай і доктарскай дысертацый. Ды і тэмы для іх выбіраў не прахадныя, а значныя і неабходныя. У прыватнасці, яго кандыдацкай стала “Народнапаэтычная творчасць Заходняй Беларусі (1919-1939 г. г.)”, а доктарскай — “Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў” (Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект). Першая з іх была абароненая ў 1965 г., а другая — у 1996 г.

Тады ж, у другой палове 50-х гадоў, з’явіліся і яго першыя літаратуразнаўчыя працы. Спачатку гэта былі рэцэнзіі на кнігі вядомых беларускіх даследчыкаў, мемуарыстаў, а потым артыкулы пра рэвалюцыйную народную паэзію Заходняй Беларусі. Паралельна распрацоўваў яшчэ адну тэму, якая з гадамі стала дамінантнай у яго творчасці, — гэта вяртанне беларускаму паспалітаму чытачу забытых імёнаў нацыянальнай культуры. І першай такой ластаўкай стаў артыкул “Мастак Павел Южык”, які быў надрукаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” ў самым пачатку 1955 года. Прысвечаны ён земляку аўтара, цікаваму заходнебеларускаму мастаку і педагогу, выпускніку Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Паўлу Фамічу Южыку. Дарэчы, сёлета ў сакавіку адзначаецца 140-гадовы юбілей гэтага таленавітага мастака.

Вандроўнік-гісторык-даследчык

Адначасова разумеючы, што ў ведах сіла, Арсень Ліс у той час шмат чытаў, адкрыў для сябе творчасць Паблы Няруды, Гарсія Лоркі, Эрнэста Хемінгуэя, Ісака Бабеля, Генрыха Бёля, пазнаёміўся з беларускай савецкай і заходнебеларускай перыёдыкай і кнігамі 20-30-х гадоў, адчуў, як пазней напісаў, “навальнічную іх атмасферу і само дыханне часу”. Ды і сувязі з ацалелымі ад бясконцых рэпрэсій заходнебеларускімі інтэлігентамі ўдалося наладзіць. Стаў часцей бываць у Вільні, наведваць багатыя віленскія архівы і кнігасховішчы. Падчас такіх вандровак па землях былой Заходняй Беларусі, размоў з колішнімі актывістамі КПЗБ і Грамады вельмі часта даводзілася чуць імя Браніслава Тарашкевіча. Так нарадзілася ідэя напісання спачатку артыкула, а потым і цэлай кніжыцы пра аўтара першай беларускай граматыкі, легендарнага кіраўніка стотысячнай Беларускай сялянска-работніцкай Грамады.

Насуперак шматлікім перашкодам кніга пра Браніслава Тарашкевіча пабачыла свет у 1966 годзе. Яе выхад віталі добразычлівымі рэцэнзіямі пісьменнікі і навукоўцы, з’явіліся ўхвальныя водгукі сяброў, добра адгукнулася на яе з’яўленне і беларуская эмігранцкая прэса. Такая рэакцыя беларускага грамадства ўсяляла веру ў свае сілы, у магчымасць далейшай інтэнсіўнай працы.

Вынікам такой рэакцыі стала з’яўленне на кніжных паліцах беларускіх кнігарняў у 1968 годзе чарговай кнігі маладога даследчыка. “Мікола Шчакаціхін: Хараство непазнанай зямлі” — так было напісана на тытульнай старонцы гэтай невялічкай кніжыцы. Яе выхад нагадваў адкрыццё новай галактыкі ў касмічнай прасторы. Настолькі своечасова, да месца, адбылося вяртанне ў кантэкст роднай культуры гэтага апантанага рупліўца на ніве беларускага мастацтва.

А літаральна праз два гады, ужо ў 1970 годзе, у часопісе “Маладосць” з’явілася новая публікацыя Ліса. На гэты раз ім стаў нарыс “Пётра Сергіевіч”, які распавядаў пра мастака, “беларускага Матэйку”, як назвалі яго сучаснікі. У тым жа годзе ў выдавецтве “Навука і тэхніка” публікацыя выйшла ў выглядзе кнігі. З аўтапартрэтам мастака на вокладцы, з лаканічным надпісам “Арсень Ліс. Пётра Сергіевіч”. І разам з новай кнігай яшчэ адна наша зорка вярталася ў лона роднай культуры. Вярталася годна, заслужана. І дзякуй Богу, што адбылася тая падзея яшчэ пры жыцці мастака. А колькі прыемных хвілін яна прынесла чытачу! Напісана свежа, ярка, упэўнена, натхнёна, з вялікай любоўю да мастака і яго творчасці.

Адчувалася, што доўгія гады сяброўства не прайшлі для іх бясследна. А яшчэ крамольныя ўстаўкі рэпрадукцый: то прыгожая галава ксяндза Станіслава Глякоўскага, таленавіта выкананая мастаком, прамільгне паміж старонак, то годная пастава Міхася Забэйды-Суміцкага выдатна прадэманструе творчую манеру жывапісца. Толькі не забываемся, якая гэта была пара, як да такіх вольнасцей ставілася савецкая цэнзура! Таму яшчэ раз хочацца нагадаць адну спрадвечную ісціну: калі нехта жадае штосьці добрае зрабіць, то шукае магчымасці, а калі не, то знаходзіць прычыну. Так і ў жыцці, а ў тагачасным літаратурным — тым больш. Што датычыцца працы Арсеня Ліса пра Пётру Сергіевіча, то пройдуць гады, і ён перадрукуе яе ў сваёй этапнай кнізе “Цяжкая дарога свабоды”, што выйшла ў 1994 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Каб больш дакладна арыентавацца ў абсягу тагачасных захапленняў Арсеня Ліса, давядзецца яшчэ раз звярнуцца па дапамогу да ягоных мемуараў “Ад матчыных песень”, што былі змешчаны ў аўтабіяграфічным зборніку “Вытокі песні”, які выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1973 годзе. Адзін з тых абзацаў і зрабіў падказку: “Збіраючы матэрыялы для дысертацыі, наткнуўся на графічныя малюнкі Драздовіча і запісы песень, зробленыя яго сябрам Грыневічам. Знаёмства з бацькаўшчынай гэтых двух цікавых людзей — Дзісеншчынай, з іх жыццёвым лёсам і плёнам руплівай бескарыслівай працы прынеслі мне не адну хвіліну сапраўднай чалавечай радасці”. Закончыўшы цытаванне, адразу хочацца зрабіць удакладненне. Пра аднаго з гэтых рупліўцаў, а менавіта пра Антона Грыневіча, праз зусім кароткі адрэзак часу Арсень Ліс напіша вельмі светлы і вобразны нарыс “Песня прасілася ў свет” і надрукуе яго потым у сваёй новай кнізе “Песню — у спадчыну”, што пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1989 годзе. Ды не пра аднаго Грыневіча ён там згадае, але і пра іншых ратаяў роднай культуры. Пра таго ж краязнаўцу з Падвіленскага краю Антона Янкоўскага, фалькларыста Восіпа Логіна, Максіма Гарэцкага, яго маці Еўфрасінню Міхайлаўну Гарэцкую, народную спявачку Ганну Рубацкую, Аўдоццю Клеўжыц, Надзею Нажынскую ды пра свайго земляка Міхала Агінскага знайшоў слоўца свежае, незаезджанае…

Ну, а Драздовіч стане яго лёсам, яго наканаваннем. Дзякуючы якраз Лісу і пачалося вяртанне да родных берагоў айчыннай культуры яшчэ адной зоркі, ды нават не зоркі, а цэлага сузор’я. Яскравага, велічнага, непаўторнага. Сузор’я, якое цяпер называюць феноменам беларускага выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя, яго цудам і веліччу. А пачыналася ўсё з тых першых вандровак па гістарычнай Дзісеншчыне, са знаёмства з графічнай спадчынай мастака на яго радзіме, а потым у Вільні. Уражанне ад убачанага было такое вялікае, што патрабавала падзяліцца з іншымі, патрабавала выліцца на паперы. Што і адбылося, калі спачатку ў часопісе “Полымя” за 1964 год быў надрукаваны нарыс Ліса «Шляхі і пошукі” (аўтарская назва “Шляхі вечнага вандроўніка”), а потым у часопісе “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” за 1970 год з’явіўся яго артыкул “Язэп Драздовіч” з некалькімі графічнымі малюнкамі і фотаздымкам мастака ў тэксце. Збывалася тое, аб чым так марыў Драздовіч, калі часам паўтараў: “Мяне яшчэ пашукаюць”. Прайшоў з тых першых часопісных публікацый не адзін дзясятак гадоў, пакуль, нарэшце, усё назбіранае руплівым даследчыкам не ўвасобілася ва ўнікальную і шчырую кніжыцу “Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча”, што пабачыла свет у выдавецтве «Юнацтва” ў 1984 годзе з добразычлівай прадмовай народнага паэта Беларусі Максіма Танка.

Потым пройдуць гады, выйдуць некаторыя іншыя кнігі славутага даследчыка. І вось, нарэшце, 1994 год. Год, калі яму споўнілася шэсцьдзясят. Да гэтай даты ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла яго новая кніга “Цяжкая дарога свабоды: Артыкулы, эцюды, партрэты” — дыхтоўны том шэрага колеру. У яе ўвайшлі як раней друкаваныя, так і новыя працы вядомага пісьменніка і навукоўца. Навізной фактычнага матэрыялу вызначаецца ў ёй нарыс “Беларуская ідэя ў кантэксце адраджэння славян”, у якім робіцца рэтраспектыўны агляд пачатку беларускага рэнесансу, аналізуюцца роля і дзейнасць у ім Яна Чачота, Міхала Баброўскага, Кастуся Каліноўскага, гоманаўцаў ды іншых адраджэнцаў пачатку і сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Нейкім сумам і тугой і ў той жа час надзеяй вее ад такіх таленавітых, шчымліва-балючых артыкулаў, як “Паэт скрыўджанай зямлі”, “Дзе вы, хлопцы, браты, песняры?”, “Беларуская элегія”, “Мастак родам з Вётхава”, што былі змешчаны ў той кнізе. Галоўнымі героямі твораў з’яўляюцца Станіслаў Шыманоўскі, цікавы, шматабяцаючы паэт са смаргонскай зямлі, які без пары сышоў у магілу, сваякі аўтара з боку маці: той жа мастак Васіль Сідаровіч, паэт Алесь Салагуб. Ды і жывапісец Павел Южык не быў чужы аўтару, бо, як і ён, паходзіў з родных залескіх ваколіц.

Трэба думаць, што выхад чарговай кнігі Арсеня Ліса быў своеасаблівай нечаканасцю не толькі для чытачоў, але ў нейкай ступені і для самога аўтара. Хоць ён яе і рыхтаваў да друку. Гутарка вядзецца пра збор яго твораў пад назвай «Gloria victis!”, што абазначае ў перакладзе на беларускую мову “Слава пераможаным!”.

Кніга выйшла ў серыі «Кнігарня Наша Ніва” ў 2010 годзе. У гэты важкі амаль 750-старонкавы фаліянт увайшлі амаль усе творы Арсеня Ліса. Гэта і вядомыя чытачу і навуковаму свету нарысы пра Язэпа Драздовіча, Пётру Сергіевіча, Васіля Сідаровіча, Паўла Южыка, Міколу Шчакаціхіна, Рыгора Шырму, братоў Гарэцкіх, Антона Грыневіча, і тыя, якія сустракаліся толькі ў айчынным друку. У прыватнасці, пра Тамаша Грыба, Леапольда Родзевіча, Аляксандра Уласава, Аркадзя Смоліча ды багата іншых. Але сабраныя ў адзін том, пад адну вокладку яны паказваюць, якую вялікую працу можа здзейсніць адзін чалавек, калі ў яго ёсць талент, жаданне і любоў да свайго народа і сваёй Бацькаўшчыны.

А яшчэ ж было ўкладанне зборнікаў “Беларускія народныя песні” (1970), “Жніўныя песні” (1974), “Восеньскія і талочныя песні” (1981), “Купальскія і пятроўскія песні” (1985), “Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы” (з Янкам Саламевічам, 1984), напісанне сцэнарыяў для дакументальных фільмаў “Песня на ўсё жыццё” (з І. Цішчанкам, зняты ў 1984 г.), “Прысады жыцця” (з А. Вялюгіным, зняты ў 1985 г.). Ды багата чаго іншага яшчэ было.

Дык што ўсё ж такі ўражвае і падкупляе ў творчасці Арсеня Ліса? Мусіць, не памылюся, калі скажу, што гэта яго фантастычная працавітасць і велізарнейшая эрудыцыя, памножаная на чалавечую прыстойнасць і такт. Пра што б і пра каго б ні пісаў гэты чалавек, ён ніколі не апускаецца да знявагі, бруду, вышуквання нечага адмоўнага, негатыўнага ў біяграфіях тых людзей, якім ён прысвячае свае працы, “свой труд каждодневный”. Уменне бачыць на перспектыву, рэльефна абвострана, віртуозна спалучаючы навуковы падыход да тэмы з мастацкай вобразнасцю — вось галоўныя рысы творчай манеры Арсеня Ліса, яго жыццёвае крэда, навуковы і чалавечы сэнс жыцця. Да таго ж не трэба забывацца, што ўсе творы вызначаюцца навізной фактычнага матэрыялу, свежасцю і вобразнасцю думкі, неардынарнасцю творчага і інтэлектуальнага мыслення, абвостраным пачуццём сацыяльнай і нацыянальнай справядлівасці. Ён з тых, пра каго можна сказаць, што маштаб ім створанага вымяраецца не колькасцю выдадзеных тамоў, а якасцю напісанага тэксту. Яго нельга аднесці да катэгорыі тых, хто ідзе пратаптанай сцежкай, ён сам тая сцежка, якая вызначае напрамак, стварае магістральны шлях развіцця нашай літаратуры і культуры.

Міхась КАЗЛОЎСКІ, публіцыст, выдавец
"СШ", Фота з сайтаў new.racyja.com budzma.by

Каментаваць


*