Вясковыя Мадонны. Пані Гэлена з Сяльца

31.01.2014 23:18Views:

pani_01-300x229Мадонна – прататып Божай Маці. Мадонна – ідэал жаночай прыгажосці, цноты, пяшчоты, ахвярнасці. «Чистейшей прелести чистейший образец» — такую характарыстыку А. С. Пушкін надаў сваёй Мадонне. Знакаміты беларускі мастак Пётра Сергіевіч, вядомы сваімі сценапіснымі творамі, (дарэчы, распісваў ён у тым ліку і некаторыя храмы Смаргоншчыны) маляваў для біблейскіх сюжэтаў твары мясцовых жыхароў. Яго Мадонны на фрэсках Сольскага ці Жодзішкаўскага касцёлаў – звычайныя сялянкі, магчымыя бабулі сённяшніх прыхаджан. Але якая годнасць, якая прамяністая шчырасць у вачах! Гэта не толькі талент мастака, гэта факт, што пацвярджае ісціну: душа нацыі жыве ў глыбінцы! 

Як жа няпроста захаваць знешнюю прывабнасць, душэўную чысціню, вытанчанасць выказванняў і годнасць у штодзённым цяжкім жыцці, што для вартаснага існавання вымагае ад цябе працаваць з раніцы да вечара. Якой сілай духу трэба валодаць, каб насуперак абставінам жыць па самых высокіх мерках, не здраджваць перакананням, ствараць гармонію, захоўваць традыцыі! І колькі ёсць у нашым краі такіх выдатных, хоць і не заўсёды вядомых жанчын, якія годна нясуць па жыцці сваё прызначэнне.
Адкрываем новую рубрыку аповедам пра жыхарку вёскі Сялец Войстамскага сельсавета Алену Андрыцу.

Колькі ведаю Алену Вікенцьеўну, столькі называю яе пані Гэленай. Па-іншаму язык не паварочваецца. Не таму, што яна такая заўзятая каталічка ці прыхільніца польскай культуры. Размаўляе то яна пераважна па-беларуску. І паходжаннем сваім беларускім ганарыцца, і дзяцей гадавала на беларускіх прыказках і прымаўках. Сыпле імі, такімі трапнымі і іранічнымі, толькі паспявай запісваць! Але ёсць у ёй нейкі асаблівы стрыжань, які можна адчуць і нельга сагнуць. Яна ўпартая ў сваіх перакананнях, як гэта капліца, што стаіць акурат пасярэдзіне праезджай дарогі ўСяльцы. Колькі разоў хацелі яе знесці, разбурыць, перанесці! Аднойчы, у бытнасць дэпутатам сельсавета, баронячы гэты помнік гісторыі, Алена Андрыца ўступіла ў палеміку з чарговым начальнікам, змагаром з рэлігіяй, і перамагла. Перамог такіх было шмат у жыцці. Былі і паражэнні. Яна не нападае, яна толькі абараняе: права на веру, на людскасць, на ўласную думку.

- Я лічу, што кожны чалавек павінен ведаць і памятаць, кім ён ёсць у гэтым свеце, — кажа Алена Вікенцьеўна. – Чалавек – гэта разумнае стварэнне, якое складаецца з цела, несмяротнай душы і сумлення. Якога духа ў сябе ўпускаем, такімі будуць і нашы справы. Таму, калі штосьці ў нас не атрымліваецца, трэба шукаць прычыну найперш у сабе. А галоўнае – трымацца Божай рукі. Гасподзь ніколі не пакіне ў бядзе таго, хто да яго звяртаецца са шчырай малітвай і хто прытрымліваецца яго запаветаў.

Летась пані Гэлена была ўдзельніцай міжнароднага фестывалю польскай культуры ў Мрангове Вармінска-Мазурскага ваяводства. Запрасілі яе як самадзейную паэтку, якая піша па-польску. Традыцыйнае свята ладзілася ўжо ў 19 раз. Адчувала асаблівую адказнасць, таму што была адзінай прадстаўніцай з Беларусі. Свае творы, напісаныя на польскай мове, чыталі госці фэсту з Украіны, Літвы, нават з Казахстана. Выступалі ў касцёле падчас літургіі, у Доме творчасці, на гарадской плошчы Яна Паўла ІІ. Паўсюль паэтаў-паланістаў сустракалі вельмі цёпла, шчыра дзякавалі за творчасць. А ў касцёле паэтка са Смаргоншчыны яшчэ і праспявала песню невядомага аўтара “Пустэльнік”, якую калісьці чула ад сваёй маці. Ад маці вучылася яна народным, абрадавым, касцельным песням. Літаральна праз пару мінут пасля выступлення спявачка атрымала запрашэнне ад арганізатараў фальклорнага фэсту ў Варшаву. Для пані Гэлены гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць. І, вядома ж, вялікая радасць.

- Я заўжды вельмі любіла спяваць, — расказвае мая суразмоўца. – Ды і наогул, у нашай радні ўсе спяваюць. Нас у мамы з татам было пяцёра. Тата рана памёр, бо вярнуўся з фронту моцна хворым. Каб выжываць, павінны былі працаваць усе. Мяне пасля чацвёртага класа адправілі ў нянькі, акрамя што за малымі прыглядала, павінна была ў хаце парадак падтрымліваць, павымываць усё. А пасля абеду бегла ў другую змену ў школу. Старэйшыя сёстры таксама прыслугоўвалі. І дома паспявалі па гаспадарцы ўсё рабіць. Мама нас так прывучала да працы, казала, што ні адна хвілінка не павінна змарнавацца. І рабіць мусілі ўсё якасна, ніякай “халтуры” не прымалася. За працай свету белага не бачылі, а песні самі аднекуль з душы ліліся. Можа гэтыя спевы для нас былі як адхланне…

Кажуць, сапраўднае шчасце любіць адданых. Алена Вікенцьеўна аддана служыла. Яна любіць часта паўтараць гэта слова, таму што яно, як ніякое іншае, перадае сэнс яе жыцця: служыць Богу, людзям, свайму прызначэнню. З пакорай прымала ўсе выпрабаванні жыццёвыя. А ў той момант, калі ўжо здавалася не стае ні сілы, ні здароўя, ні надзеі, звярталася з малітвамі да Бога, і Дух Святы падтрымліваў яе, даваў сілы жыць. І верылася, што ўсё самае лепшае наперадзе. А так хацелася ёй вучыцца, атрымаць хоць бы сярэднюю адукацыю. На той час сярэдняя была платная. І дзяўчынка ішла ў прыслугі, каб зарабіць сабе на падручнікі, на вопратку, на аплату за вучобу. А як хацелася чытаць. Як не хапала на гэта часу! Спяваць-то можна і падчас работы. Іншы раз прахожыя прыпыняліся каля іх войстамскага дома, зачараваныя спевамі сясцёр. А тыя, занятыя работай, не заўважалі, што маюць прыхільных слухачоў. А вось з кніжкай не пасядзіш: то карову даіць трэба, то сена сушыць, то агарод палоць, ды й ці мала якіх спраў па гаспадарцы. І не толькі летам. І зімой рукі дзяўчат былі занятыя працай. А мара жыла, не адпускала. Аднойчы, маючы ў кішэні ажно дзесяць рублёў, выправілася Алена ў Смаргонь на свята песні. На жаль, кніжак там не прадавалі, але наслухалася спеваў, ажно не заўважыла, як выцягнулі з кішэні той чырвонец. Праўда “зладзеі” аказаліся даволі прыстойнымі – грошы вярнулі, пасмяяліся з разявакі вясковай.

Сярэднюю адукацыю яна-такі атрымала, хоць і завочна. Ці думала Алена тады, што праз пэўны час будзе вучыцца ў інстытуце? Нават не меркавала. Не да таго было. Выйшла замуж, нарадзіла сыноў. Трэба было іх на ногі ставіць. Працавала звеннявой у калгасе, поварам у школьнай сталоўцы, загадчыцай магазіна. Паўсюль мела толькі падзякі і ўдзячнасць за працу. Але, калі хлопцы выраслі і пайшлі на свой хлеб, юначая мара яе збылася. Прычым так нечакана, што ў гэтым бачыцца толькі воля Божая. Нездарма ж кажуць, Богу лепш вядома, што і калі нам даваць.

Падчас святкавання юбілею Войстамскага касцёла Алена Андрыца прачытала прысвечаны гэтай падзеі верш, у якім знайшла адлюстраванне ўся гісторыя храма. Біскуп Кашкевіч ухваліў гэты твор. А дэкан Генрых Куляшэвіч даў накіраванне ў катэхэтычны філасофска-тэалагічны інстытут Гродзенскай дыяцэзіі. Было студэнтцы на той час ужо за пяцьдзясят. Моцна саромелася, сумнявалася, доўга вагалася. Але прага да ведаў аказалася мацнейшай. Вельмі падтрымалі яе дзеці, радня, суседзі. Дапамагалі па гаспадарцы, пакуль Алена Вікенцьеўна ездзіла на заняткі, на сесіі, на экзамены. Чаму так? Бо дакладна ведалі, што ўсімі гуманітарнымі набыткамі тая падзеліцца, веды не прыватызуе, а дыплом для яе – толькі сведчанне кругагляду. Шмат гадоў пані Гэлена выкладае ў нядзельнай школе пры касцёле. Яе навука далучэння да Слова Божага паспрыяла многім юным хрысціянам у самавызначэнні, у пошуках сэнсу жыцця, у выхаванні моцы духу.

Прозвішча Андрыцы на Смаргоншчыне вядома дзякуючы таленавітым і прыстойным ва ўсіх адносінах сынам Алены Вікенцьеўны. Абодва – выдатныя музыканты. Музыку абралі сваёй прафесіяй старэйшыя ўнукі. А ўсяго яна мае чацвярых. Хутка спадзяецца стаць прабабкай. Дзякуючы таленту пані Гэлены, гэта прозвішча стала вядома і далёка за межамі нашага раёна. Але галоўнае для яе нават не асабістыя поспехі. Баліць сэрца за ўсіх дзяцей і за тых бацькоў, якія не знайшлі яшчэ свой шлях да Бога і таму не могуць даць сваім дзецям і ўнукам галоўны рэцэпт шчасця. А ён просты, ён у веры, у лучнасці з Богам, у любові да бліжняга.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"
Фота аўтара

Каментаваць


*