Школьныя бізнес-кампаніі Смаргоншчыны

28.01.2014 23:11Views:

BK_01-300x165Галоўная мэта стварэння школьных бізнес-кампаній – замацаванне моладзі ў сельскай мясцовасці. У гэтых адасобленых структурных падраздзяленнях устаноў адукацыі старшакласнікі атрымліваюць арганізацыйныя навыкі па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці, адпрацоўваюць усе этапы функцыянавання прадпрыемства ў рэальных эканамічных умовах, вучацца эфектыўнай арганізацыі вытворчасці і шмат яшчэ чаму. Усё гэта павінна дапамагчы ў выбары жыццёвага шляху і паспрыяць псіхалагічнай гатоўнасці да самастойнай працоўнай дзейнасці ў сваёй мясцовасці. 

Першая школьная бізнес-кампанія Гродзеншчыны з’явілася летась у нашым раёне па ініцыятыве Залескай пярвічнай арганізацыі “Сяльчанка” грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”. Нядаўна яшчэ дзве ўстановы адукацыі вырашылі далучыцца да цікавай справы і ўтварыць на сваёй базе падобныя падраздзяленні. Гэта Смаргонскі дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй і сярэдняя школа №6. Напрыканцы мінулага года кіраўнікі, іх намеснікі і навучэнцы-актывісты бізнес-кампаній гэтых устаноў здзейснілі падарожжа ў Ракаўскую сярэднюю школу, дзе два гады дзейнічае бізнес-кампанія. Былі і яшчэ дзве паездкі па абмене вопытам у так званы бізнес-інкубатар у Калодзішчы і ў аграгарадок Азерцы, дзе паспяхова дзейнічае камерцыйнае прадпрыемства школьнікаў па вытворчасці ручнікоў, сувеніраў, мяккай цацкі.

Экскурсанты мелі магчымасць пераканацца ў запатрабаванасці такіх прадпрыемстваў, пагутарыць са сваімі аднагодкамі, якія дзякуючы рабоце праверылі і на практыцы замацавалі эканамічныя і юрыдычныя веды, пераадолеўшы страх перад новымі пачынаннямі праявілі ініцыятыву, а асобныя вызначыліся з далейшай прафесіяй. Дарэчы, у Беларусі самыя першыя школьныя кампаніі былі створаны ў гімназіях Мінскай вобласці, летась на базе ўстаноў адукацыі Міншчыны працавала 71 школьная кампанія.

Ала КЛЕМЯНОК, "СШ"

Каментаваць


*