Узоры, што iдуць ад сэрца

09.01.2014 16:15Views:

uzoryЦi ёсць у вас радавое дрэва, якое захоўвае памяць аб продках? Вось такое стылiзаванае дрэва з сiнiх птушак створана сваiмi рукамi ў сям’i Чырвонцавых з Маладзечна (на ілюстрацыі ўнізе). Сямейная дынастыя майстроў выцiнанкi вядомая не толькi ў Беларусi, але i за яе межамi. Iх непаўторныя творы можна пабачыць у краязнаўчых музеях Маладзечна, Заслаўя, Мiнска. Таксама iх работы знаходзяцца ў асабiстых калекцыях у Польшчы, Расii, Лiтве, Украiне, Германii, ЗША i Японii. 

Творчы пачатак сямейнай дынастыi паклала член Саюза майстроў Беларусi Вiкторыя Чырвонцава. У канцы 1980-х гадоў яна пачала працаваць у мастацкай школе. Прыгадаўшы, як у пасляваенныя гады, калi нiчога не было, нават простай тканiны не хапала, яны з мацi аздаблялi хату ажурнымi карункамi, выразанымi з паперы, педагог вырашыла адрадзiць гэты старажытны вiд народнай творчасцi.

З цягам часу ёй прапанавалi ўзначалiць аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскiм музычным вучылiшчы. Тут яна распрацавала праграму па выкладаннi выцiнанкi, i гэты вiд творчасцi выйшаў на больш высокi ўзровень. Пачалi з’яўляцца вобразы, iдэi i нават праекты. Цяпер маладзечанская школа выцiнанкi вылучаецца выразнай стылiзацыяй, лаканiзмам формаў, глыбокiм сiмвалiзмам i багатай тэматыкай.

uzory2

Вiкторыю Мiкiтаўну з упэўненасцю можна назваць «мацi» ўсiх маладзечанскiх майстроў, якiя займаюцца выцiнанкай. У лiку яе выхаванцаў такiя вядомыя ў Беларусi майстрыхi, як Вольга Бабурына i Наталля Сухая. Жанчына аддала народнай творчасцi ўсё сваё жыццё i нi на хвiлiну не пашкадавала.

Сямейную дынастыю працягваюць дзецi. Дочкi, Наталля i Лiзавета, працуюць у музычным каледжы, выкладаюць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва i кампазiцыю. Старэйшая ўнучка вучыцца там жа, з’яўляецца прызёрам Мiжнароднага мастацкага конкурсу «Красаwееk».

uzory3

Я сустрэлася з Лiзаветай Чырвонцавай, пазнаёмiлася з яе творчасцю. Яна ўспамiнае, як падчас заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў перад ёй паўстаў выбар тэмы дыпломнай работы. Вырашыла зрабiць нешта новае, малавядомае. I, прыслухоўваючыся да свайго сэрца, Лiза рашуча пачала працаваць над выцiнанкай. Праца пад назвай «Кола жыцця», якая стала першай выцiнанкай на факультэце «Народныя рамёствы», удалася на славу.

Натхненне да жанчыны прыходзiць нечакана. Яна бярэ ў рукi цэлы лiст паперы, складае яго ў некалькi разоў — i пачынае выразаць незвычайныя ўзоры i сiмвалы. Тут галоўнае — фантазiя. Iдэi для сваiх работ Лiзавета знаходзiць па-рознаму. Асаблiва ёй дапамагае беларуская лiтаратура, музыка. Падарожжы па родных мясцiнах таксама пакiдаюць свой след у творах. Вобразы можна пабачыць нават у снах. Так здарылася, напрыклад, з карцiнай, якая так i называецца «Сны».

uzory4

Цiкава, колькi ж часу патрэбна майстру, каб стварыць сапраўдны шэдэўр? Самая вялiкая работа — «Мiфалагiчныя вобразы Беларусi» — складалася з трох частак i выконвалася каля шасцi месяцаў, большасць з якiх пайшла на выношванне iдэi. Лiзавета звярнулася менавiта да мiфалогii, таму што гэтая тэма сапраўды цiкавая i, можна сказаць, бясконцая. У цэнтры работы — усiм нам вядомыя русалкi: прыгожыя фантастычныя дзяўчаты так i маняць простых хлопцаў у ваду. Правая частка перадае вобраз Лесуна, а левая — увасабляе Ярылу, Бога ўрадлiвасцi i жыццёвых сiл прыроды.

Яшчэ ў творах прысутнiчае рэлiгiйная тэма. Назва для работы «I ўдзень, i ўначы» ўзятая з малiтвы. А «Святое дрэва» яна рабiла спецыяльна для прадстаўнiка Папы Рымскага з Ватыкана.

Сям’я Чырвонцавых — гонар нашага горада. Свой талент яны не толькi пераносяць на паперу, але i перадаюць яго з пакалення ў пакаленне.

Юлiя СТРЫГА, вучанiца 10 класа Лебедзеўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна. Газета "Звязда"

Фота з архiва сям’i Чырвонцавых

Пра аўтара

Юлii 16 гадоў. Дзяўчына цiкавiцца рок-музыкай, любiць разважаць пра мiнулае i будучыню.

— Мой дэвiз: не бойся выказваць сваю думку i нiколi не адступай ад яе. Я лiчу, што кожны чалавек мае права выбару. Ён сам павiнен выбiраць шлях, па якiм варта iсцi ў далейшым. Асабiста я ўжо выбрала свой: хачу стаць журналiстам, мець вялiкую сям’ю, разам з якой буду падарожнiчаць па Беларусi i iншых краiнах, — кажа дзяўчына. Каб наблiзiць мару, яна займаецца ў гуртку «Школа журналiстыкi» пры Маладзечанскiм цэнтры творчасцi дзяцей i моладзi «Маладзiк».

Для Юлi вельмi важныя зносiны з людзьмi. «Менавiта таму я i выбрала прафесiю журналiста. Мне цiкава ўсё, што адбываецца навокал. Я лiчу, што разуменне, праўда, культура i давер — гэта самае галоўнае. Не менш важнымi для мяне з’яўляюцца блiзкiя людзi — мая сям’я i сябры».

Каментаваць


*