На скрыжаванні васьмі рамёстваў

08.01.2014 17:08Views:

batlejka_mirУ слаўным сваёй гісторыяй мястэчку Мір знаходзіцца адметны мастацкі каледж, у сценах якога існуе народны ўзорны аматарскі лялечны тэатр "Батлейка". Ён быў створаны ў 1989 годзе намаганнямі мастака-энтузіяста Галіны Пятроўны Жаровінай і яе калег-аднадумцаў: выкладчыкаў і навучэнцаў Мірскага мастацкага прафтэхвучылішча №234 (сёння мастацкі каледж). 

 

Мэта стварэння “Батлейкі” – адраджэнне традыцый народных тэатральных прадстаўленняў, рэстаўрацыя матэрыяльнай і духоўнай спадчыны народнай тэатральнай творчасці Беларусі. Удзельнікі тэатра збіраюць звесткі аб традыцыях беларускай батлейкі, аб вядомых мірскіх батлеечніках, рэстаўруюць і ствараюць дакладныя копіі батлеек і батлеечных лялек. Першым спектаклем “Батлейкі” стала інтэрмедыя “Цар Ірад”. Гэта традыцыйнае батлеечнае прадстаўленне дало жыццё мірской батлейцы на многія гады. Вывучаючы гісторыю Міра і рэгіёна, батлеечнікі сабралі шмат звестак аб былых уладарах Мірскай зямлі – магнатах Радзівілах. Гэтая праца была ўвасоблена ў цыкле спектакляў пад агульнай назвай “Радзівіліяда”. Рэпертуар гэтага цыклу склалі інтэрмедыі “Мара”, “Міракль аб Уршулі”, “Чароўная крыніца”, “Ад Рыма да Міра”, “Песня”, “Італьянскі сад” і інш.

radzivils-batlejka-650x866

У кожным з гэтых спектакляў галоўнай тэмай праходзіць сувязь паміж рамеснікам-навучэнцам і майстрамі мінулых стагоддзяў. У інтэрмедыях “Мара” і “Песня” непасрэднымі персанажамі з’яўляюцца самі навучэнцы ПТВ, якія трапляюць у чароўны свет Мірскага замку і сустракаюцца з яго знакамітымі ўладарамі – Радзівіламі. Інтэрмедыі “Міракль аб Уршулі”, “Чароўная крыніца”, “Ад Міра да Рыма”, “Італьянскі сад” адчыняюць нам дзверы ў той час, калі Мірская зямля пачынала ўзбагачацца цудамі рамёстваў. Гэта свет сапраўднага мастацтва. Свет, дзе ўладарыць дух сапраўднай творчасці і высакароднасці. Спектакль “Італьянскі сад” – нібы гімн чалавеку-творцу, яго імкненням ператварыць звычайны свет у краіну-сад, сад самых светлых мараў і летуценняў.

small-home-batlejka-650x488

Свет “Батлейкі” – гэта свет сінтэзу спрадвечных рамёстваў. Гэта архітэктура і разьбярства, скульптура і жывапіс, гэта праца краўца і праца акцёра, музыкі і песняра. Нездарма, батлейку называюць апошняй цвярдыняй адзінага сапраўднага, пазней страчанага, а цяпер узнаўляемага, сінтэзу рамёстваў.

Тэатр-студыя “Батлейка” з’яўляецца сталым удзельнікам самых розных святаў і фестываляў. “Батлейка” актыўна супрацоўнічае з Карэліцкім і Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчымі музеямі, Нацыянальным музеем-запаведнікам Нясвіж, дзе ладзіць свае прадстаўленні. 22 сакавіка 2002 г. тэатр удзельнічаў у персанальнай выставе “Свет Міра”, якая праходзіла ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

mirski-zamak-batlejka-650x488

У 2003 г. “Батлейка” прыняла ўдзел у міжнародным фестывалі дзіцячых тэатраў у Вільнюсе (Літва), дзе заняла першае месца. У 2004 г. у г. Вільнюс прайшла выстава “Мірская батлейка”, якая месцілася ў Дзяржаўным музеі тэатра, музыкі і кіно Літвы. Батлейшчыкі стала ўдзельнічаюць у фальклёрных святах, якія праводзяцца аддзелам культуры Карэліцкага райвыканкама: “Масленіца”, “Шчодры вечар у Міры” і інш. На цяперашні момант рэжысёрам “Батлейкі” з’яўляецца Ганна Альбертаўна Выгонная.

Мірская “Батлейка” сардэчна запрашае ўсіх!

Усе беларусы

Каментаваць


*