Дудар Сяргей Ярук з Лебедзева: Іграю на дудзе, бо мяне кліча голас продкаў

08.01.2014 17:45Views:

dudarМузыка-мульціінстументаліст Сяргей Ярук іграе на народных беларускіх інструментах: акарыне, чаротцы, дудзе, жалейцы. Чым яны прывабліваюць нашага госця, адказ у гутарцы з Сяргеем. 

Сяргею Яруку 30 год. Працуе настаўнікам па класе духавых інструментаў у Лебедзеўскай школе мастацтваў.

Да нас у рэдакцыю Сяргей прыйшоў з музычнымі інструментамі, на якіх іграе: дуда, дудка, жалейка, акарына, чаротка… І кожную паўзу ў размове запаўняў гукамі гэтых інструментаў.

− У дзяцінстве я шмат хварэў на ларынгіт. Аднойчы ў санаторыі сталічны прафесар параіў маёй маці Ірыне Іванаўне аддаць мяне на плаванне або ў духавыя інструменты. Каб хвароба адступіла, трэба было навучыцца правільна дыхаць, як гэта робяць ёгі. Выбар быў на карысць музыкі.

Я вучыўся ў музычным класе гімназіі-каледжа мастацтваў па спецыяльнасці кларнет. І, ведаеце, як стаў займацца на духавых музычных інструментах, з цягам часу пра хваробы забыўся.

dudar2

Ва ўніверсітэце навучылі іграць не толькі “унца-унца”

− Як вы звязалі свой музычны лёс з народнымі беларускімі інструментамі?

− Напрыканцы навучання ў Маладзечанскім музычным вучылішчы стала пытанне: і што далей?

Аднойчы выпадкова трапіў на рэпетыцыю капэлы “Гуды” (калектыў з універсітэта культуры), дзе упершыню пачуў гучанне беларускіх народных музычных інструментаў: дуды, жалейкі, акарыны. Так выпадкова пачутая музыка стала для мяне лёсавызначальнай.

Калі вам пашчасціць трапіць на канцэрт народнай музыкі, вы таксама зразумееце, што атмасфера і энергетыка такой музыкі проста не могуць пакінуць раўнадушным нікога. Так і атрымалася, што паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры на кафедру беларускіх народных інструментаў. Адразу хачу сказаць усім тым, хто лічыць, што ва ўніверсітэце культуры вучаць іграць толькі “унца-унца”, што гэта зман. Больш творчай і сямейнай атмасферы я не адчуў нідзе.

Пасля заканчэння ўніверсітэта была яшчэ магістратура. Таму, калі Маладзечна феерверкамі і песнямі святкавала сваё 620-годдзе, я зубрыў гісторыю мастацтваў, надта ж не хацелася мне ехаць у Касцюковічы па размеркаванні.

Жыхары Лебедзева ведаюць, як моцна гучыць дудка

Сяргей бярэ ў рукі дудку і пачынае іграць мелодыю Вівальдзі.

− Бачыце, як атрымоўваецца.

Беларуская дудка – гэта не толькі самы распаўсюджаны інструмент, але і ўніверсальны. Можна іграць што захочаш. Ад класічнай музыкі да рокавых рэчаў.

Чаму я кажу самы распаўсюджаны, таму што гэты інструмент вядомы ў многіх краінах свету. Прынамсі, у Расіі яго называюць свірэль, на Украіне – сапілка.

dudar3

Дудка была інструментам пастухоў. Трэба ж было бавіць час у полі. Але, што дзіўна, музыкамі пастухоў не лічылі, хоць яны маглі іграць вельмі добра. А вось калі ў вёсцы было якое вялікае свята: Вялікдзень ці Каляды, пастухоў пастухамі ніхто не меў права называць. Яны былі музыкамі, іх запрашалі пайграць, каб узняць настрой. Нават словы такія ёсць: “Ох, без дудкі, без дуды ногі ходзяць не туды”… А які моцны гук у дудкі, ведаюць усе жыхары Лебедзева, што ідуць у краму праз музычную школу.

Саўка ды Грышка – арганізатары вяселляў

− Што датычыцца дуды, то я лічу несправядлівым, што толькі цымбалы назвалі нацыянальным інструментам – сімвалам Беларусі. Старадаўняя дуда таксама магла б паспрачацца за званне візітоўкі нашай краіны.

Дудары здавён лічыліся чараўнікамі. Калі верыць легендам, то і ад хваробы маглі вылечыць, і дождж або навальніцу выклікаць.

− А вы адчуваеце ў сабе такую сілу?

− З надвор’ем я не эксперыментаваў. Але Святлана Яфімава, настаўніца па народных спевах, удзельніца фальклорнага тэатра “Госціца”, з якой я працаваў, аднойчы сказала, што гукі майго выканання яна адрозніць ад любых іншых. Гаворыць, мая дуда гучыць мякка, шчыра.

А ці вядома вам, што радок з песні пра Саўку да Грышку мае зусім не тое значэнне? Давайце ўспамінаць: “Саўка ды Грышка ладзілі дуду, павесяліцца і прагнаць нуду”. На першы погляд, гаворка пра тое, як майстры рабілі музычны інструмент, але насамрэч, дуда – гэта сінонім вяселля. Гаворачы сучаснай мовай, Саўка ды Грышка былі арганізатарамі вяселля, а ладзіць дуду – гэта значыць, рыхтавацца да вяселля.

− А дуда і валынка, гэта адно і тое ж? Па знешнім выглядзе быццам аднолькавыя.

−Так, у Шатландыі гэты музычны інструмент называюць валынкай (bag-pipe). Адзін з англійскіх даследчыкаў, які займаўся вывучэннем валынак, выказаў меркаванне, што

ў Шатландыю валынкі трапілі з усходу Еўропы. А ўсход Еўропы – гэта мы і ёсць.

У Беларусі ад старажытнасці дуда была распаўсюджаная ў паўднёва-заходняй частцы Мінскай вобласці, на Гродзеншчыне і Віцебшчыне. Можа, я таму і па-асабліваму адношуся да гэтага інструмента, гэта не што іншае, як кліч продкаў, крыві.

dudar4

− Гук якога інструмента, на якім вы іграеце, вы маглі б параўнаць з самой Беларуссю?

− Гук акарыны. Дарэчы, іх выраблялі і ў Лебедзеве.

Гучанне гэтага музычнага інструмента (акарыны) сціплае, прыгожае, мілагучнае, душэўнае, яно заварожвае…Усе гэтыя эпітэты, на мой погляд, і адпавядаюць нашай радзіме.

dudar5

Калі я іграю на гэтым музычным інструменце, перада мной адразу ж паўстаюць беларускія краявіды: рэчкі, росныя лугі, могілкі з верша Янкі Купалы.

− Вы сказалі, што на народных інструментах можна іграць абсалютна любую музыку. А якой вы аддаяце перавагу?

− Я мяркую, што

на народных інструментах правільна іграць народную музыку. Якой бы прыгожай ні была музыка вядомых класікаў, а бліжэй да сэрца ўсё ж такі наша, беларуская, спрадвечная.

– Ды што я вам усё на словах расказваю? Паслухайце, самі ўсё зразумееце, − спыняе нашу гутарку Сяргей, і пакой напаўняецца гукамі, пад якія нашы продкі ладзілі вяселлі, святкавалі народзіны дзіцяці або смуткавалі аб тым, што назаўсёды развітваюцца з дарагімі сэрцу людзьмі.

Наталля ТУР, "РГ"

Фота і відэа Зоі ХРУЦКАЙ, Настассі РОЎДЫ

Каментаваць


*