Агінскі замест фамільнага герба выбіў “Вольнасць, роўнасць, незалежнасць”

04.01.2014 22:16Views:

aginski“Паходзячы з ліцвінскага роду, − прыгадваў Міхал Клеафас Агінскі, я нарадзіўся ў Польшчы, у вёсцы маіх бацькоў, у сямі мілях ад Варшавы”. Тая вёска называлася Гузаў, а з’явіўся на свет будучы кампазітар і буйны палітычны дзеяч 25 верасня 1765 года. 

Школай сямі муз для Міхала Клеафаса быў дом яго дзядзькі, вялікакняскага гетмана Міхала Казіміра Агінскага, які стварыў у сваёй рэзідэнцыі ў Слоніме капэлу і тэатр еўрапейскага маштабу. Першым яго настаўнікам музыкі быў Восіп Казлоўскі, родам з-пад Прапойска (Слаўгарад да 1945 года), аўтар паланэза на ўзяцце крэпасці Ізмаіл “Гром перамогі раздавайся”.

Мусіў ісці ў вялікую палітыку

З маленства Міхал Клеафас праходзіў праз арыстакратычную і ўсебакова грунтоўную гуманітарную адукацыю. Знаходзячыся ў Слоніме, у атмасферы артыстызму і ў асяроддзі мясцовых магнатаў і замежных знакамітасцяў, ён сустрэў сваё юнацтва.

aginski2

Аднак поспехі ў музіцыраванні і кампазіцыі не маглі вызначыць род заняткаў юнака з арыстакратычнай сям’і. Магнацкія традыцыі абавязвалі да амбіцыйнай арыентацыі на вялікую палітыку і высокія пасады.

Таму ў 19 гадоў Міхал Клеафас быў ужо дэпутатам сойму і, выконваючы адказныя дзяржаўныя даручэнні, патрапіў з дыпламатычнымі місіямі ў Англію і Галандыю.

Пагроза падзелу Рэчы Паспалітай вымусіла спыніць дыпламатычную службу і ўдзельнічаць у чатырохгадовым сойме, які зацвердзіў Канстытуцыю 3 мая 1791 года.

Сярод стваральнікаў самай дэмакратычнай Канстытуцыі

Аднак самая дэмакратычная ў Еўропе Канстытуцыя не выклікала захаплення ні ў часткі магнатаў і Караля Рэчы Паспалітай, ні ў кіруючых колах суседніх краін імперскай антыдэмакратыі. Гэты канфлікт прынёс перамогу рэакцыі, і Агінскі, як адзін з рэфарматараў і стваральнікаў Канстытуцыі, мусіў эміграваць у Прусію. Хутка ён вярнуўся назад і стаў вялікакняскім падскарбіем (міністрам фінансаў ВКЛ).

А калі вясной 1794 года пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, Агі­­н­скі адразу ж заняў бок паўстанцаў.

aginski3

Сабраўшы 40 тысяч дукатаў (залатыя манеты), закупіў зброю ў Прусіі, але на мяжы яго затрымалі, і Міхал Клеафас прыехаў у Вільню.

Вёў узброеных паўстанцаў

Тут за свае грошы ўзброіў атрад амаль у 500 чалавек.

Па патрабаванні віленцаў узяў на сябе кіраўніцтва атрадам і павёў таварышаў па зброі суровымі паўстанцкімі дарогамі насустрач свабодзе. Усе яны − і хто загінуў, і хто застаўся жывы − здабывалі для сябе вольнасць ўжо толькі тым, што ўзяліся за зброю. А для Айчыны свабода толькі пачыналася з іх подзвігу, з іх ахвярнасці. Міхал Клеафас Агінскі гэта разумеў.

Пазней у сваіх мемуарах пісаў: “Прызнаюся нават, што, ведаючы нашы слабыя рэзервы і тыя велізарныя сілы, якія можна было выкарыстоўваць, каб нас задушыць, я не падманваў сябе пустымі надзеямі і не суцяшаў сябе, што вынік будзе адпавядаць чаканням патрыётаў. Але незалежна ад гэтага, не збіраўся пакідаць свой край, каб дзяліць небяспеку з маімі суграмадзянамі і хутчэй загінуць са зброяй у руках, чым абняславіць сябе!”

У эміграцыі дапамагаў Радзіме

Параза паўстання і прыгнёт з боку пераможцы, расейскага царызму, не пакідалі выбару: давялося зноў ратавацца ў Прусіі. Адтуль з чужым пашпартам на імя Міхайлоўскага дабіраўся да Вены. Ён змог далей жыць у Парыжы, пасля ў Венецыі, а затым у Канстанцінопалі (сучасным Стамбуле), Бухарэсце і Ясах (горад у Румыніі).

Калі быў у эміграцыі, Агінскі не проста пражываў сродкі, якімі яго падтрымлівалі багатыя сваякі. Ён дзейнічаў, як толькі мог. Дапамагаў Парыжскаму камітэту па справах эміграцыі, спрабаваў наладзіць перамовы з французскім палітычным дзеячам і дыпламатам Талейранам наконт аднаўлення Рэчы Паспалітай.

Опера яшчэ пад вэлюмам загадкі

У гэты час Агінскі напісаў аднаактавую оперу “Зеліс і Валькур, або Банапарт ў Капры” (1799 год) як прысвячэнне французскаму кіраўніку Напалеону I. Калі Напалеон абвясціў сябе імператарам, то пераканаўся, што Талейран − спрытны і праніклівы, а з другога боку, беспрынцыпны дыпламат.

aginski4

Агінскі зразумеў, што эпоха імперый яшчэ не мінула, і тут жа зняў са свайго твора прысвячэнне Напалеону.

Таму яго опера “Зеліс і Валькур” так і не была пастаўленая на сцэне прафесійнага тэатра ў Парыжы. Яна стала нейкім выключэннем у творчасці Агінскага, а ў музычным мастацтве яна засталася арыгінальнай з’явай і па-сапраўднаму яшчэ не ацэненая.

Паланэзы не параўнаць ні з чым

Непараўнальна вялікую ўвагу атрымалі паланэзы Агінскага. Напісаныя ў класічнай манеры, яны ўрываліся сваёй змястоўнасцю на эмацыйны прастор новай эпохі. Яны неслі ў сабе рамантычнае светаўспрыманне. Нездарма знакамітая польская піяністка Марыя Шыманоўская ў кожны свой канцэрт абавязкова ўключала творы Агінскага.

“Паланэзы пана, − пісала яна кампазітару падчас еўрапейскіх гастроляў, − зачароўваюць ўсё мясцовае грамадства, іграць іх мяне ўпрошваюць ўсюды, дзе б я ні знаходзілася”.

Музыку Міхал Клеафас Агінскі пісаў, дзе даводзілася, дзе дазваляла яго вандроўніцкае жыццё. Пазней кампазітар успамінаў у сваіх мемуарах і “Лістах пра музыку”: “Трэба было апынуцца на маім месцы, каб ацаніць годнасць тых імправізацый, якія пазней зніклі з маёй памяці і ніякіх запісаных слядоў не пакінулі. Пра іх можна меркаваць толькі па некалькіх паланэзах змрочнага настрою, якія я запісаў у свабодныя хвіліны ў Неапалі і ў Канстанцінопалі, а пазней у Парыжы і Берліне”.

Музыкай адгадваў будучыню

Але самай плённай яго творчасць была ў Залессі. У гэтым маёнтку пад Смаргонню кампазітар пражыў амаль 20 год, пераехаўшы сюды ў 1802 годзе, пасля эміграцыі.

Ён атрымаў маёнтак ў падарунак ад маладзечанскага сваяка, графа Францішка Ксаверыя Агінскага. У Залессі туга па Радзіме была ўжо як бы пераадоленая, але яна працягвала жыць у душы кампазітара і ў яго ўспамінах.

aginski5

Таму і нараджалася на свет сумна-ласкавая ля-мінорная мелодыя знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”. Гаворачы ад імя ўчора перад сваёй сучаснасцю, Агінскі адкрываў сваёй творчасцю сувязь з заўтрашнім днём, адгадваў будучыню.

Замест тытулаў стаў проста грамадзянінам

Але рэальнае жыццё, і не толькі асабістае, а ўсяго краю, было такім, што, здавалася, няма будучыні. Праект сенатара Агінскага пра аднаўленне ВКЛ (у складзе Расіі) расійскі манарх Аляксандр I у 1811 адхіліў. Заставалася зноў эміграцыя, апошняя, на гэты раз у Італію (Фларэнцыю).

Ён адправіўся ў далёкі шлях. Шлях, з якога так і не вярнуўся, але вярнулася яго выдатная чароўная музыка, яго хвалюючы душы і сэрцы людзей паланэз “Развітанне з Радзімай”, які можна было б назваць “Сустрэча з Радзімай”.

Князь Міхал Клеафас Агінскі дзеля вызвалення сваёй Радзімы, ВКЛ, быў здольны адмовіцца ад кар’еры, адрачыся ад тытула і называць сябе толькі грамадзянінам.

Ён змясціў на ўласнай пячатцы замест фамільнага герба словы “Вольнасць, роўнасць, незалежнасць”, а таксама ахвяраваў свае сродкі і маёмасць. Ці, як ён казаў, “свабоду, працу і жыццё”.

Васіль ЕРМАЛОВІЧ, Мінск, "РГ"

Фота upload.wikimedia.org, 1.bp.blogspot.com, topwar.ru, gazeta.lv, ru.convdocs.org

Каментаваць


*