Зорка абнаўлення над Паўночнымі Афінамі

22.12.2013 23:07Views:

Zalesse_01-300x200Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага — адна з жамчужын нашага раёна, галоўная славутасць Залесся на шляху аднаўлення. Сёння тут проста кіпяць работы па рэканструкцыі: здаць адну з частак комплексу плануецца ўжо напрыканцы снежня гэтага года. 

Маляўнічую сядзібу ў Залессі знакаміты кампазітар атрымаў у падарунак ад свайго роднага дзядзькі графа Ф. К. Агінскага ў 1802 годзе. Першапачаткова ўладанне ўяўляла сабой прасторны драўляны дом па адзін бок шырокай ліпавай алеі, гаспадарчы двор і французскі парк. Новы гаспадар адразу ж узяўся за перабудову. У выніку склаўся цікавы архітэктурны ансамбль. Акрамя двух палацаў, ён уключаў два паркі, дзве аранжарэі, капліцу, млын, дом садоўніка, канюшню і цяпліцу. Новы каменны палац у класічным стылі быў узведзены па праекце архітэктара, прафесара Віленскага ўніверсітэта Міхаіла Шульца. У паркавай зоне знаходзілася таксама некалькі альтанак і звярынцаў.

Лічыцца, што менавіта ў Залессі прайшлі самыя плённыя гады жыцця Міхала Клеафаса Агінскага. Для сядзібы гэты час стаў часам росквіту, поўным жыцця і мастацтва. На жаль, ненадоўга: у 1822 годзе Міхал Клеафас назаўсёды пакінуў сваю Радзіму.

Уладаннем роду Агінскіх Залессе заставалася да 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Некаторы час тут знаходзіўся пансіянат, савецкі санаторый, падчас Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся штаб германскай арміі, а пасля – дом састарэлых. Пэўныя захады па абнаўленні рабіліся ў 80-я, аднак работы былі спынены ў сувязі з адсутнасцю сродкаў, а сядзіба закансервавана. Без належнага догляду і добрага гаспадара колішняя ўласнасць знакамітага кампазітара пачала паступова разбурацца.

Зусім нядаўна ў сядзібы зноў з’явіліся шанцы на аднаўленне. У 2011 годзе пачалася рэстаўрацыя помніка гісторыка-культурнай спадчыны. Асновай для работ паслужыў праект, распрацаваны яшчэ ў 80-х гадах (папярэдне былі праведзены гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні, вывучаны знойдзеныя апісанні памяшканняў і знешняга выгляду, а таксама прааналізавана гравюра Напалеона Орды). У 2006-м праект рэстаўрацыі і рэканструкцыі быў скарэкціраваны з улікам сучасных патрабаванняў і функцыянальнага прызначэння палаца.

Галоўны архітэктар і навуковы кіраўнік праекта Людміла Іванова сцвярджае, што знешне сядзіба амаль поўнасцю адпавядае часу, у якім жыў Агінскі. Гэтага нельга сказаць пра ўнутраныя памяшканні: на жаль, у 60-70 гады планіроўка будынка была страчана, не захаваліся інвентары. Таму многае аднаўлялася па пэўных апісаннях і навуковых меркаваннях. Прадметы інтэр’еру палаца (латуневыя люстры і бра, мэбля, карнізы, гардзіны, карціны, музычныя інструменты і г. д.) не з’яўляюцца арыгіналамі, а толькі капіруюць старыя ўзоры. Некаторыя з былых памяшканняў ажывуць у адноўленым палацы. Аднак ёсць і новаўвядзенні, якіх патрабуюць сучаснасць і еўрапейскі падыход да такога роду аб’ектаў.

У выніку рэстаўрацыі павінен атрымацца шматфункцыянальны – турыстычны, гістарычны, культурны – комплекс. Сюды ўваходзіць тэатральна-музычная зала. Гэта частка сядзібы фінансуецца за кошт трансгранічнага праекта “Латвія – Літва — Беларусь”. Тут будзе ўстаноўлены раяль, аформлена міні-тэатральная сцэна. Плануецца праводзіць у гэтым памяшканні канцэрты класічнай музыкі, семінары, канферэнцыі. Будуць арганізаваны тэатральныя пастаноўкі, звязаныя з жыццём Міхала Клеафаса Агінскага. Працаваць у гэтым накірунку ўжо зацікаўлены Мінскі абласны драматычны тэатр: спектакль па п’есе В. Драздова “Паланэз на развітанне” выносіўся на суд гледачоў у Залессі. З часам з’явяцца іншыя пастаноўкі. Існуе таксама задумка правядзення баляў.

Мініяцюрны кабінетны раяль з’явіцца ў музычным салоне – для камерных музычных мерапрыемстваў, разлічаных на невялікую аўдыторыю. Запрацуюць дзве аранжарэі. Адна з іх, стацыянарная, ужо зманціравана і пабудавана ў адноўленым доме садоўніка. Другую плануецца зрабіць шматфункцыянальнай. У часы Агінскага гэта аранжарэя запаўнялася раслінамі ў кадках. Пры добрым надвор’і іх выносілі ў сад, дзе збіралася ўся сям’я. Сёння “перанасныя” расліны дазволяць выкарыстоўваць памяшканне ў якасці аранжарэі і выставачнай залы.

Частка сядзібы выдзелена пад музей, прысвечаны Агінскаму і яго часу. Пакуль што экспанаты складаюць невялікую колькасць, нешта было перададзена ў капійных варыянтах, ёсць некалькі гравюр, з мытні ў гэтым годзе атрымана мэбля ХІХ стагоддзя (нядаўна яна выстаўлялася ў гарадскім музеі). Аднак гэтага недастаткова, таму шмат часу і сіл пойдзе на тое, каб сабраць калекцыю. Вялікую падтрымку ў гэтай справе аказвае дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.
У стылі ўсёй сядзібы распрацаваны більярдны пакой. Прадугледжаны гасцінічныя нумары для турыстаў, памяшканні для супрацоўнікаў і захавання фонду.

На рэканструкцыю сядзібы ў Залессі ў гэтым годзе было запланавана больш 3,5 млрд. беларускіх рублёў з рэспубліканскага і 8 млрд. беларускіх рублёў з абласнога бюджэтаў. З пачатку аднаўленчых работ выкарыстана каля 14,5 млрд. Начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама Іван Лыско расказаў, што ўсе асноўныя работы выконваюць спецыялісты БМТ №41. На падрадзе працуе ААТ “Белрэстаўрацыя”. Іх задача – устаноўка індывідуальных аконных і дзвярных блокаў, камінаў з кафлі, драўляных лесвіц, укладка стылізаванага паркету. Сёння ўжо зроблена асноўная частка запланаваных работ. Да палаца падведзены газ і вада, электрычнасць, праведзены знешнія сеткі, перароблены дах. Створана спецыяльная сістэма вентыляцыі, якая павінна ўлічваць умовы захавання экспазіцый. Да канца года будуць завершаны так званыя чарнавыя работы: фасадная і ўнутраная атынкоўка, добраўпарадкаванне ўнутранага дворыка, адмостка з прыроднага каменю, планіроўка сцежак і г. д. Праз некалькі дзён запрацуе кацельня і будзе запушчана ацяпленне. Плануецца ўстанавіць пажарную сігналізацыю, сістэму аховы і відэаназірання.

Рэстаўрацыя сядзібы Агінскіх ідзе хуткімі тэмпамі, пры ўмове фінансавання яе плануецца здаць ужо ў сярэдзіне 2014 года. А з наступнага года сядзіба пачне запаўняцца музейнымі экспанатамі. Да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса засталося два гады. Гэты час павінен быць насычаным і плённым, каб дзень святкавання юбілею правесці менавіта ў залескай сядзібе.

Анастасія НАВАХОДСКАЯ, "СШ"
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Каментаваць


*