Да юбілею Агінскага

20.12.2013 23:03Views:

Aginski-300x262Чарговае пасяджэнне праўлення Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” было прысвечана падрыхтоўцы да справаздачнага сходу перад папячыцельскім саветам і вырашана правесці справаздачу ў лютым наступнага года.

Усё менш часу застаецца да святкавання юбілею слыннага грамадскага дзеяча і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Таму сябры фонду выказалі сваю занепакоенасць тэмпамі правядзення будаўнічых работ на сядзібным комплексе ў Залессі. Шмат прапаноў было выказана адносна стварэння філіяла музея або культурна-асветніцкага цэнтра. Намеснік начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Ражэва запэўніла, што гэты аб’ект пастаянна ў полі зроку раённых улад, але не ўсе пытанні ў кампетэнцыі райвыканкама і дабрачыннага фонду, таму робяцца пэўныя захады, каб усё было выканана своечасова і якасна. Ёсць некалькі папак праекта рэстаўрацыі гістарычнага парку сядзібы. Сумесна з актывістамі БРСМ і школьнікамі праводзяцца суботнікі па ачыстцы і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Надалей мяркуецца правядзенне інвентарызацыі парку, вызначэнне аб’ёму работ з прыцягненнем да справы рэстаўрацыі паркавай зоны, воднай сістэмы і спецыялістаў, магчыма, нават з дзяржаўнага батанічнага саду і Нацыянальнай Акадэміі навук. Што да святкавання юбілею, то аргкамітэт ствараецца на ўзроўні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, таму пэўныя ўнёскі ў гэту справу будуць зроблены на самым высокім узроўні.

Робяцца адпаведныя крокі на шляху напаўнення фондаў для будучага музея. Праўленне дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” гатова знайсці мецэната, які б аплаціў пакупку кніг колішняга сакратара Агінскага і вядомага выдаўца Леанарда Ходзькі, якія былі надрукаваны яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя. Знойдзены сродкі на выданне чарговай кнігі рамансаў Агінскага, а таксама “Пісьмаў Агінскага”. Сябры фонду вырашылі звярнуцца да абласнога выканкама з просьбай аб уключэнні ў бюджэт наступнага года фінансавых сродкаў на выданне “Мемуараў Агінскага” ў перакладзе на беларускую мову.

Аб стварэнні прадстаўніцтваў фонду ў розных гарадах Беларусі і Польшчы апавядаў старшыня праўлення Пётр Южык. Ёсць энтузіясты ў Віцебску, Магілёве, Слоніме, Брэсце, Мінску, якія гатовы працаваць на справу папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага, але неабходна афіцыйна зарэгістраваць гэтыя лучнасці аднадумцаў.

На бліжэйшы час запланавана перавыданне турыстычнай карты Залесся і набора паштовак з рознымі відамі сядзібы. Створана інтэрнэт-вітрына для смаргонскага інфармацыйна-турыстычнага цэнтра. Актывістамі фонду і грамадскай арганізацыі “Сяльчанка” падрыхтаваны праекты для падтрымкі тэатра “Батлейка” і правядзення пленэру драўлянай скульптуры. У межах падрыхтоўкі да знамянальнай даты будуць ладзіцца і ўрачыстасці з нагоды 50-годдзя народнага ансамбля песні і танца імя М. К. Агінскага.

Разгледжаны шэраг іншых пытанняў, зацверджаны лагатып “Паўночных Афінаў М. К. Агінскага”, заслухана справаздача дырэктара фонду Алы Шыцікавай аб правядзенні змяненняў у Статут і выкананні пратакола пасяджэнняў.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"
Фото с сайта

Каментаваць


*