Воля Зарэцкая: «У нашых людзей няма разумення, што ручная праца — эксклюзіўная»

18.12.2013 18:52Views:

volia zareckajaЯк зарабіць і знайсці сябе ў цацках ды падарунках з добрым беларускім характарам. Пачаўшы з наразання татавых часопісаў, яна марыла быць дызайнерам, адвучылася ў Акадэміі мастацтваў, адпрацавала размеркаванне, але знайшла сябе ў сабе. Воля Зарэцкая, вядомая як Ружа, стварае «падарункі з беларускай душой». Generation.by пачынае новую серыю «Самаробкі» пра цікавых людзей, якія робяць рукамі яскравыя творы з беларускім акцэнтам і тым жывуць.

1

2

Яркасць народа

Сярод плыні модных рэчаў з чарапамі, шыпамі і касцямі Воля Зарэцкая стварае добрае, наіўнае і па-беларуску мілае.

— У нас вельмі шмат чым можна здзівіць людзей з іншых краін, беларускае трэба прасоўваць. Хочацца, каб асацыяцыя была з нашым. І кітайцы могуць зарабіць нешта падобнае, але прыдумаць, перадаць тутэйшы дух можа толькі наш чалавек.

Людзі вельмі любяць катоў, і Воля абрала коцікаў сваім галоўным персанажам. Але не таму, што яны мімімі, а таму што лічыць ката асабліва беларускім, такім бабуліным, да якой вярнуцца ў вёску, у дзяцінства многія хацелі б.

Беларускае — гэта не толькі і не столькі кот, гэта настрой. Як украінскія майстры праз яркасць і імпульсіўнасць, праз колькасць дэталей выяўляюць сваю адметнасць, так у беларускіх працах можна адлюстраваць дабрыню і наіўнасць:

— Мне падаецца, што мы такія... я такая. І мне хочацца несці гэтую дабрыню, але ў той жа час каларыт. Народныя рэчы вельмі яркія, і гэта ўласціва душы народа.

Воля вельмі, вельмі хацелася б вярнуць беларускае, якое паступова сыходзіць, у штодзённы ўжытак, вярнуць адчуванне нацыянальнага рытму.

3

«Так я знайшла сябе»

Воля марыла быць мадэльерам і адвучылася па прафесіі. Працавала пасля, але гэта было хутчэй канструяванне па эскізах дырэктрыс. А марыла аб мастацтве. Пайшла ў Акадэмію, пасля якой размеркавалі на прыватную фірму. На адной з прац займалася біжутэрыяй, і менавіта тады зразумела, што дробныя дэталькі — яе.

— Яшчэ падчас вучобы ў мяне была праблема — калекцыі вопраткі былі вельмі тэатральныя, шмат дэкору эмацыйнага. Я рабіла толькі дэталі, а на агульнае не глядзела. А ў сувенірнай прадукцыі функцыянал ужо непатрэбны. Так я знайшла сябе.

У адзін час Воля ледзьве не зрабілася офісным працаўніком — раздзялення працы на іншай фірме прывяло да праграм для графічнага дызайну, а пасля ўвогуле да занятку рэкламай і закупкамі. Зрэшты, па ладным піяры Ружы гэта заўважна.

А з лялькамі да сённяшніх часоў не сутыкалася. Адзін раз сшыла і заявіла: «Больш гэтым займацца не буду!» Дзень народзінаў маленькай дзяўчынкі, дачкі сяброў, усё перамяніў: зрабіла сваімі рукамі падарунак, пасля яшчэ некаму, і яшчэ. Выклала фота ў сеціва, і з'явіліся першыя замовы.

4

Добрая рэч — рэч, у якую ўклалі сябе

Самае прыемнае ў працы — калі кажуць, што яе нехта бачыў, і яна прыносіць людзям радасць.

— Сталая мая кліентка замовіла на два гады сваёй дачцы котку. А пасля тэліць мне сяброўка-рамесніца і расказвае: «Учора з сынам былі на спектаклі і бачылі тваю котку у жанчыны. Яны яе так любяць!

"Было так дзіўна… гэта здарылася літаральна на наступны дзень".

Добры майстар мусіць укладаць у працу сябе — і гэта адрознівае добрую рэч ад кепскай, незалежна ад таго, беларускае ці кітайскае, хэндмэйд ці прамысловы выпуск.

5

Аптымальна натхняльны рэжым

Рытм працы дома — рэч асаблівая. Атрымліваецца, нібы ўвесь час — вольны. І ты мусіш увесь той час кантраляваць сябе, каб не страціць працоўны запал… і каб не сысці ў хатнія справы. Воля:

— Мне рэжым працы дапамагае захаваць натхненне: я магу ўпасці ў замалёўку эскізаў і не ведаць, што прыдумаць. А калі скажу сабе, што заўтра трэба зрабіць ляльку, каб некага здзівіць, то мушу ўсе сілы накіраваць на тое, каб яно з'явілася.

Натхненне — рэч дзіўная, і часам прыходзіць проста ад зайздрасці: трэба нешта прыдумаць, паглядзіш-паглядзіш чужыя працы — і вось яно тут. Найлепшы стымул.

6

Больш свабоды, як ні круці

Натхненне дае магчымасці ісці да сваёй мэты. Хаця Волі часам падаецца, што калі б нехта штурхнуў, зрабіла б больш. Праца ў кампаніі, хоць і дысцыплінуе, але «абразае» магчымасці: ты мусіш выконваць замовы, і ўсё тут. А калі працуеш сам, то, канешне, траціш час і на менеджмент, і на маркетынг, але асабіста выбіраеш, у якім кірунку ісці.

— Так больш свабоды, як ні круці. Хоць і менш эфектыўна. Можа, можна зрабіць пару прац такіх, — выдыхае апошняе слова Воля, — і гэта будзе больш выйгрышна на рынку, чым шмат маленькіх прац з-пад кія, — кажа мастачка.

7

Галоўнае — быць гатовым бачыць новае

Аднойчы ў Ружы з'яўлялася думка… не тое каб сысці ў іншую сферу, але нешта падобнае:

— Давялося сутыкнуцца з юрыдычнымі пытанням, і я зразумела, што гэта можа быць вельмі творчай працай. Але ёй трэба займацца ад пачатку, і выбіраць нешта адно. Напэўна, у кожнай працы можна быць творчым, і гэта залежыць ад самога чалавека. Ён мусіць быць гатовы бачыць новае.

8

Адукацыя не прыстасаваная да рэаліяў, але дае свабоду

Беларуская сістэма адукацыі проста абавязвае бачыць новае. Калі дызайнеры, якія навучаюцца ў Германіі, вывучаюць кан'юктуру рынку, то ў нас — не, у нас вучаць усяму пакрысе. Дызайнер вопраткі — такі паўфабрыкат, які можа працаваць паўсюль, бо адукацыя універсальная. Але з іншага боку, дзе б ні працаваў, калі хоча быць сапраўдным майстрам, то яшчэ вельмі шмат мусіць даведацца сам.

— Асноўная праблема беларускай сістэмы адукацыі — непрыстасаванасць да рэчаіснасці. Мы вучым усе прыгожа, падаецца ўсё простым, а выходзіш і разумееш — гэта не так.

— Але канчатковым вынікам апынулася задаволеная — свабодай, якую нам далі. Нашая адукацыя дае кожнаму магчымасць. Калі ты нечага хочаш, то даможашся.

У беларускіх рэаліях пражыць майстру-рамесніку складана: у нас няма разумення, што ручная праца эксклюзіўная. Лічыцца, што гэта мусіць быць танна, бо зрабіць можа кожны — такое перавернутае разуменне, якое ўсё ж з часам змяняецца.

9

Толькі з'язджаючы, людзі пачынаюць цаніць тое, што пакідаюць

Воліны працы часта набываюць для эмігрантаў у падарунак.

— У нашым грамадстве ёсць людзі, якія кажуць: «Нам падабаецца ўсё добрае, сваё». Але часта людзі толькі з'язджаючы пачынаюць цаніць тое, што пакідаюць. І ўсе пачынаюць размаўляць на беларускай мове.

Ганна Валынец, Generation.by

Каментаваць


*