Як Ларыса Ількевіч з Людвінова вышывае сваё шчасце

15.12.2013 00:19Views:
ЛАРЫСА ІЛЬКЕВІЧ З ВЁСКІ ЛЮДВІНОВА ВІЛЕЙСКАГА РАЁНА СЯРОД СВАІХ ВЫШЫВАНАК

ЛАРЫСА ІЛЬКЕВІЧ З ВЁСКІ ЛЮДВІНОВА ВІЛЕЙСКАГА РАЁНА СЯРОД СВАІХ ВЫШЫВАНАК

Няхай майстар Ларыса Ількевіч (дзявочае прозвішча Каламіец) не вельмі верыць у прымхі, але менавіта любімая справа дадала яе жыццю фарбаў.

Ларыса жыве ў вёсцы Людвінова Вілейскага раёна, а нарадзілася ў Маладзечне. Яна вучыць мясцовых дзяцей іграць на баяне, акардэоне і фартэпіяна, некаторыя яе вучні паступаюць у маладзечанскі музкаледж. Чым яна толькі не захапляецца! Шыла з футра шапкі і нават футры, вышывае, вяжа, шые, фатаграфуе. А што толькі не гатуе!

Многае ў светаўспрыманні жанчыны змянілася пасля цяжкай хваробы, якая напаткала яе дзесяць гадоў таму. Выздаравеўшы, убачыла абраз і вышыла яго. Пасля гэтага ўсё і закруцілася. Яна зразумела, што шмат чаго не паспела зрабіць. За шэсць год Ларыса вышыла за сто работ. Самая складаная з іх заняла крыху больш за два месяцы.

Работы Ларысы вельмі розныя па тэматыцы: абразы, нацюрморты, пейзажы, партрэты, казачныя выявы. Насупраць увахода ў кватэру вісяць два партрэты Уладзіміра Высоцкага, зробленыя з бісеру.

Рукадзелле стала яе жыццём, і яно займае цяпер нават больш часу, чым дзеці на працы.

− Спачатку зрабіла “на слабо”. Прыехаў адзін камерсант з Мінска і кажа, што бачыў вышытыя з бісеру партрэты артыстаў і пытаецца, ці слабо мне зрабіць партрэт Высоцкага. Не, не слабо, зрабіла. Ён потым кажа, што можна яшчэ з іншай карцінкі зрабіць выяву. Зрабіла яшчэ адну за месяц. Але пакуль што ён іх не забраў.

larysa ilkevich_2

Многія работы не проста вышытыя крыжыкам, але і стужкамі, а таксама аздобленыя бісерам. Адна з самых складаных работ − вышыты ніткамі конь. Ларыса нават хацела кінуць яе, але жанчыны на форуме ўгаварылі закончыць працу.

− Як у вас часу хапае, каб столькі вышыць?

− Быў перыяд, калі вышыўка была маім асноўным заняткам. Я магла па дзесяць гадзін на дзень вышываць. Ці садзілася а восьмай вечара і да двух ночы вышывала.

− Адкуль столькі энергіі, каб займацца рукадзеллем?

− А чым тады займацца тут, у вёсцы? Сядзець і тэлевізар глядзець?

Ларыса заўсёды з ахвотай бярэцца за новае. Нядаўна ёй прапанавалі паўдзельнічаць у выставе панчошных лялек − яна зрабіла і іх.

− Але ўсе такіх робяць, а мне хочацца зрабіць так, каб з іх адразу вымалёўваўся сюжэт. Думаю, з якога матэрыялу зрабіць. Магчыма, з гіпсу. Нават з туалетнай паперы і клею падобныя робяць.

Работ за шэсць год вышывання сабралася больш за сто. Многія з іх неаформленыя ў рамкі − не хапае ні часу, ні грошай. Таму вырашыла займацца больш практычнымі рэчамі: рабіць абрусы і беларускія вышыванкі.

− Як першы абраз рабіла, мама кажа, што яна лепш бы вышыла. А цяпер ужо гаворыць, што так, як я, ніколі б не вышыла.

Ларыса па мерках вышывальшчыц вышывае вельмі хутка, некаторыя нават думаюць, што яна мае дома спецыяльную машынку і працуе на ёй.

larysa ilkevich_4

Уласныя выставы Ларысы ладзіліся ў Вілейцы ў бібліятэцы і музеі, тры выставы былі ў Людвінове. Яна хацела б наладзіць выставу і ў Маладзечне, у сваім родным горадзе.

Аб’ядноўвае ўмельцаў з розных краін

Ларыса зрабіла ўласны сайт “Куфэрак рукадзелля”, які таксама займае час. Сайт створаны для жанчын з Беларусі, Украіны, Расіі − усіх, каму цікава творчасць і рукадзелле. Яны і шыюць, і вяжуць, і вышываюць.

На сайце ў яе спачатку пыталіся, для чаго яна ўсё ўсім робіць, усім займаецца, а потым зразумелі, што яна ўсё робіць хутка і пры гэтым якасна. Яна тлумачыць, як, напрыклад, вяжа, дае майстар-класы.

− Учора па скайпе наладзілі канферэнцыю: жанчыны з Ангарска, Уладзіміра, Луганска і іншых гарадоў абмяркоўвалі, што цікавага зрабіць на сайце ў наступным годзе, якія гульні і конкурсы правесці. Вось цяпер да Новага года мы задумалі гульню: абменьваемся падарункамі, якія робім самі. Ніхто не ведае, хто што рыхтуе. Мой падарунак паедзе ў Смаргонь.

Музычная сям’я

Ларыса нарадзілася ў Маладзечне, дзе засталіся яе сваякі. Бацька прыехаў у горад з Украіны, працаваў у вагонным дэпо. Ён любіў іграць у вольны час, падхапілі захапленне і дзеці: сын атрымаў вышэйшую адукацыю і выкладае ў музкаледжы імя Агінскага ў Маладзечне. А дачка закончыла цяперашнюю гімназію №7, потым вучылася ў музкаледжы.

Па размеркаванні Ларыса трапіла ў Любанскую музычную школу. Працавала ў філіяле ў Нарочы, там Ларысу заўважылі на канцэрце і запрасілі ў клуб у Людвінова, дзе некалькі год яна працавала загадчыцай, а пасля перавялася ў Даўгінава.

larysa ilkevich_5

У Нарочы Ларыса знайшла каханага і выйшла замуж. А ў Людвінове маладой сям’і далі кватэру, і вось ад 1985 года яны тут.

Выгадавалі з мужам двух сыноў, Максіма і Мікіту, якія сталі будаўнікамі. Ужо ёсць адзін унучак, Ягорка, якому пяць год. Дзеці часта прыязджаюць на выхадныя. Кожны займаецца сваім. Дзеці на рыбалцы, Ларыса вышывае ці вяжа.

Раней Ларыса трымала і гаспадарку: кароў, свіней, гусей, качак. Цяпер гадуе курэй і трусоў. Каля дома ў жанчыны агарод, а ў Мароськах лецішча, якое даглядае з 81-гадовай мамай.

Мама была сакратаром у Прытыцкага

Калі дзеці былі маленькія, распарадак дня ў Ларысы быў такі, што не пазайздросціш. А шостай раніцы яна падымала старэйшага сына, Максіма. Апоўдні клала яго спаць, зачыняла і ішла на працу ў школу, дзе вяла спевы. У абед прыходзіў муж. Калі ён ішоў на працу, вярталася Ларыса. Калі муж прыходзіў з работы, жанчына ішла на работу ў клуб.

Калі нарадзіўся Мікіта, Ларыса ездзіла за 15 кіламетраў у Даўгінава падпрацоўваць. Раніцаў мы везлі Мікіту ў Маладзечна бацькам. У абед муж адвозіў мяне ў Даўгінава, а сам на працу. Вечарам ён забіраў мяне з Даўгінава, і мы ехалі ў Маладзечна за Мікітай і вярталіся дадому.

Ларыса вельмі любіць гатаваць: знаёмыя кажуць, што яна можа прынесці такі торт, што хоць у секцыю стаў, нават шкада есці. Яе бабуля працавала шэф-поварам у адным з рэстаранаў Маладзечна.
Калі існавала Маладзечанская вобласць, мама Ларысы працавала сакратаром у першага сакратара абкама партыі Сяргея Прытыцкага. Калі мама выходзіла замуж за тату, той даў ім дзяржаўную машыну, на якой яны ехалі браць шлюб.

Магія ў руках жанчын

У вышывальшчыц ёсць свае прымхі, некаторыя з іх нават лічаць, што сваё шчасце можна вышыць. Ларыса, праўда, не фанатычна ставіцца да такіх забабонаў, але знаёмыя майстрыхі пераконваюць, што ў іх задуманае абавязкова спраўджваецца.

Са звычайных нітак можна вышаць што заўгодна.

larysa ilkevich_8

Напрыклад, выява карпаў − да грошай, вышыеш домік − атрымаеш кватэру ці дом. Калі хочуць дзяцей − карыстаюцца адмысловай схемай, на якой тры анёльчыкі. Калі жанчына хоча, каб муж стаў больш гаспадарлівым, пачаў забіваць цвікі, то вышываюць карціну, на якой на дрэве кот ляжыць. Адна з жанчын падзялілася, што яшчэ пакуль вышывала ката, муж прыйшоў і развесіў усе карціны.

Зоя ХРУЦКАЯ, "РГ"

Фота Зоі ХРУЦКАЙ

Каментаваць


*