Сузор’і талентаў цудоўных

14.12.2013 20:04Views:

Talenty_avaЛепшыя творчыя калектывы і салісты-выканаўцы, сённяшнія навучэнцы і былыя выпускнікі школы мастацтваў імя Міхала Клеафаса Агінскага бралі ўдзел ва ўрачыстым канцэрце, прысвечаным 55-гадоваму юбілею гэтай навучальнай установы. Эфектны пачатак любому канцэрту або імпрэзе заўжды надаюць выступленні юных танцораў харэаграфічнага аддзялення. Не падвялі яны і на гэты раз чаканні і надзеі прысутных. 

Віншавальны адрас і падарункі атрымала кіраўнік школы мастацтваў Алена Малышава ад дырэктараў смаргонскіх навучальных устаноў і калег з Лідскага музычнага каледжа. А гледачы дзякавалі гарачымі і шчырымі апладысментамі ўсім выступоўцам.

Вясёлы настрой стваралі ўдзельнікі ўзорных ансамбляў “Гулянок”, “Кучарочкі”, “Віа-фантазія”, “Чароўная скрыпка”, “Вілляначка” і іншыя. Высокім прафесіяналізмам вызначаліся выступленні народных калектываў “Явар”, “Субіта”, “Кантрасты”, дарэчы, апошні калектыў у творчым супрацоўніцтве з салістам Кірылам Бельскім падрыхтаваў і паказаў цудоўны музычны нумар з мюзікла “Сабор Парыжскай Божай Маці” геніяльнага Рычарда Качыянтэ. Трыа ў складзе Аксаны Дагоцкай, Юліі Матышэўскай і Яны Арэхавай парадавала чароўным шматгучным выкананнем “Вальса кветак” на музыку П. Чайкоўскага.

Не забываюць пра сваю музычную “альма-матэр” колішнія навучэнцы. Прыемна ўпрыгожылі канцэртную праграму спевы Дзімы Камыны і Вольгі Касцюкевіч, віртуозная ігра на цымбалах Алены Савіцкай. Салістка ўзорнага ансамбля “Кучарочкі” Ірына Стасіловіч стала выдатным адкрыццём, прычым не толькі гэтай канцэртнай праграмы. Тэймур Пагасян выканаў дзве аўтарскія песні, выклікаўшы шквал апладысментаў. Вельмі прыхільна прымалі выступленні юных спевакоў Максіма Гаўрылкевіча і Надзеі Шчарбачэвіч. Выхаванкі Надзеі Пашкоўскай пакарылі прысутных іскраметнай “Цыганскай пляскай”.

Эфектным і кранальным стаў фінал, падчас якога было ўсё: і бліскучыя канфеці з рознакаляровымі паветранымі шарыкамі, і падарункі, і бурныя апладысменты ўдзячных гледачоў.

Talenty_05

 

Talenty_07

 

Talenty_13

 

Ала КЛЕМЯНОК, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць


*