12 снежня ў Палацы культуры жыхары і госці Маладзечна ўпершыню ўбачылі оперу “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт“.
Ідэя стварэння оперы належыць кіраўніку сімфанічнага аркестра, Рыгору Сароке. Кампазітар – Алег Залётнеў.
Прыемна адзначыць, што жыхары горада былі зацікаўлены такой з’явай. Гэтаму сведчыла поўная зала людзей, якія заінтрыгавана пазіралі на сцэну, яшчэ зачыненаю дэкарацыяй.
Спачатку сцэну закрывала дэкарацыя.
І было на што паглядзець - карціна мінулага ахінала ўсіх незвычайным пачуццём – вось там, на адлегласці рукі – іншае жыццё. А потым усё закруцілася, як у віхуры – баль, танцы, галоўныя героі, іх жыццёвыя перапетыі. Усе падзеі як на адным подыху.
Крыху скрадвала ўражанне не заўсёды чутныя словы. Але хор гучаў вельмі якасна і эмацыянальна. Таксама варта адзначыць высокую прафесійнасць Наталлі Шыбко, Андрэя Саўчанкі і яшчэ вельмі маладога, але ўжо знаёмага слухачам Андрэя Мацюшонка.
Немала папрацавалі і афарміцелі - касцюмы герояў і дэкарацыі былі надзвычай прыгожымі. Здаецца , многія з падзякай адгукнуцца на прэм’еру. А як жа інакш? Колькі плюсаў – ідэя любві да Радзімы, гістарычны сюжэт і ўсё гэта – на беларускай, нашай роднай мове. Прыемна для старэйшага насельніцтва , павучальна для моладзі.
Так трымаць! Новых Вам ідэй і поспеху ў іх увасаблення ў жыццё.