За ўстойлівае развіццё сельскіх тэрыторый!

12.12.2013 18:23Views:

forum_avaПярвічная арганізацыя “Сяльчанка” ГА “Беларускі саюз жанчын” пры падтрымцы Смаргонскага райвыканкама нядаўна ладзілі форум “Сельскія рэгіёны – магчымасці для развіцця бізнеса і творчай ініцыятывы моладзі”. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, бізнесмены, старшыні сельскіх Саветаў, эксперты, творчая моладзь. На форуме прысутнічалі вядомыя і вопытныя ў нашай рэспубліцы прадпрымальнікі Сяргей Найдовіч, Эдуард Вайцяховіч, Аляксандр Сінкевіч. Абмяркоўваліся магчымасці развіцця дзелавога і творчага патэнцыялу маладых жыхароў раёна, а таксама роля грамадскасці ў рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця рэгіёна. 

Адкрыў форум намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. Адзначыўшы, што 2015 год Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прапанаваў абвясціць Годам моладзі, выступоўца засяродзіў увагу на тым, што ў нашым раёне ёсць шмат магчымасцей для развіцця бізнесу і ўдзелу маладых у агульнакарысных справах. Ён выказаў спадзяванне, што мерапрыемства будзе карысным і дасць адказ на многія пытанні прысутнай моладзі ў плане таго, як і чым заняць сябе, каб была карысць і ўласная, і грамадская.

Праблемам і перспектывам дзелавой і творчай ініцыятывы, станаўленню малога і сярэдняга бізнесу і актыўнаму ўдзелу ў гэтай справе моладзі былі прысвечаны выступленні прадстаўнікоў цэнтра падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва ў Смаргоні і аддзела па рабоце з моладдзю. Дырэктар міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый Сяргей Тарасюк, узяўшы слова, адразу пракаменціраваў выступоўцаў, параіўшы не абмяжоўвацца кансультацыйнымі паслугамі, а актыўна ўдзельнічаць у напісанні бізнес-планаў, правядзенні семінараў, пошуках банкаўскіх фінансавых рэсурсаў.

Як заўжды цікавым і пераканаўчым была прэзентацыя дырэктара Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцва з Камарова Эдуарда Вайцяховіча. Навучанню школьнікаў асновам прадпрымальніцтва на прыкладзе першых крокаў дзейнасці школьнай бізнес-кампаніі было прысвечана выступленне Валянціны Шыпілавай, намесніка дырэктара “ВПК Залескі яслі-сад — сярэдняя школа”.

Са справаздачай аб прагрэсе рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця вёскі Залессе ў межах праграмы “Мясцовая павестка-21” апавядала старшыня пярвічнай арганізацыі “Сяльчанка” Беларускага саюза жанчын Ала Шыцікава. Зыходзячы з мясцовых магчымасцей, ініцыятыўная група напачатку сваёй дзейнасці вызначыла галоўным кірункам развіццё турызму ў Залессі. Таму фарміраванне прыцягальнага іміджу гэтай мясцовасці стала важнай задачай мясцовай лучнасці як прадстаўнікоў улад, так і актывістаў-жыхароў. Дасягнута ці не галоўная мэта ўсяго праекта – перамена ў адносінах людзей да ўдзелу ў рашэнні мясцовых праблем.

forum_kejun

Рамеснік з Залесся Таццяна КЕЖУН прапаноўвае навагоднія сувеніры

Паспяхова працуюць новыя грамадскія аб’яднанні, створаны сельскі сацыяльна-дзелавы цэнтр “Залеская талака”, праведзены шматлікія семінары па вывучэнні вопыту стварэння турыстычных кластараў і дзейнасці грамадскіх саветаў. Ініцыіравана стварэнне арганізацыйнай структуры – грамадскага савета па развіцці агратурызму ў Смаргонскім раёне. Распрацаваны гісторыка-культурны турыстычны маршрут па Залессі, створана карта-навігатар і ўстаноўлены стэнд з картай у цэнтры вёскі. Многія мясцовыя жыхары ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, што ладзіліся мясцовымі і рэспубліканскімі грамадскімі арганізацыямі па пытаннях развіцця турызму. Істотная падтрымка аказана сярэдняй школе пры стварэнні першай у раёне школьнай бізнес-кампаніі з турыстычным профілем.

Цікавыя і карысныя для прысутных выступленні падрыхтавалі эксперт па стратэгічным планаванні экатурызму Галіна Мацюшэнка і аўтар медыя-прэзентацыі інтэрнэт-вітрыны Аляксандр Сінкевіч, які апавядаў пра сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў дзелавой кластарнай кааперацыі. Свае прапановы па стварэнні бізнес-кампаніі выказаў дырэктар політэхнічнага ліцэя Рыгор Удальеў.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць


*