Прэзентацыя паэтычнага зборніка Алы Клемянок

10.12.2013 18:38Views:

ne puskajce u serca adzinotuСваю калегу Алу Клемянок-Страшынскую ў той дзень спачатку не пазнала. Надзвычай маладая, лёгкая, гарэзлівая… З новай прычоскай. Нібы гадоў дваццаць скінула. Неверагодныя метамарфозы.

У мінулую пятніцу, у актавай зале школы мастацтваў, яна прэзентавала сваё чарговае “дзіця” – кнігу “Не пускайце ў сэрца адзіноту”. Гэта чацвёртая кніга, у якую ўвайшлі вершы з папярэдніх зборнікаў, а таксама новыя творы. Паэтычны зборнік з’явіўся на свет дзякуючы перамозе на абласным конкурсе рукапісаў імя Цёткі. 

Гэта не першая перамога нашай калегі, у 2010 годзе выйшла яе трэцяя кніга – “Рэфлексіі”, за якую Ала Клемянок атрымала Ганаровы дыплом лаўрэата рэспубліканскага конкурсу на свяце беларускага пісьменства ў Ганцавічах.

Нарадзіць дзіця ў сорак гадоў – адзін з пяці сакрэтаў вечнай маладосці. Кажуць, прыродай задумана: жанчына, якая дае новае жыццё, сама абнаўляецца. Ала Леанідаўна дакладна пра гэта ведае. Свайго чацвёртага сына яна нарадзіла незадоўга да саракагоддзя.

Быць доўга маладой знешне – цудоўна, але яшчэ цудоўней заставацца маладой у душы. Творцам у гэтым плане шанцуе. Асабліва паэтам. Ала Леанідаўна расказала, у якіх пакутах нярэдка нараджаецца верш. Як на паперу выліваюцца розныя эмоцыі: боль, смутак, туга, радасць… І якое пасля адбываецца духоўнае абнаўленне.

На “бенефісе” нашай Алы сабралася шмат людзей: і сталага веку, і сярэдняга ўзросту, і моладзь. Госці літаральна засыпалі яе добрымі словамі, падарункамі, кветкамі. Такі поспех!

Кожны з прысутных успрымае творы Алы Клемянок па-свойму. Для мяне асабіста яна прадстае найперш у трох іпастасях.

Глыбокі філосаф. Яе творы – спроба знайсці адказ на вечныя пытанні чалавецтва. Часам – тлумачэнне “Дзесяці Божых запаветаў”.

“Імкнемся быць багамі на зямлі,
А ў неба шлях грахамі замялі…”

Асабісты псіхолаг. У яе вершах можна знайсці выйсце з няпростых жыццёвых сітуацый (асабліва, калі яны тычацца ўзаемаадносін мужчыны і жанчыны).

Быць вышэй абставін – вось парада!
Адгадую хоць у марах крылы,
І ўзлятаць на іх я буду рада,
Па-над мітуснёю дзён пастылых.

Шчыры патрыёт. Любіце, цаніце сваё! Не толькі купляйце, але і чытайце, спявайце, слухайце, глядзіце, танцуйце сваё! Размаўляйце на роднай мове! Мы – беларусы, унікальная нацыя са сваёй гісторыяй, культурай, мовай. Не цурайцеся сябе. Ала Клемянок – чарговае звяно ў ланцужку беларускай літаратуры, кветка ў яе вянку. Без перабольшвання, яна ў адным радзе з Цёткай, Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам, Караткевічам, Гілевічам…

“… Я мілейшых не знаю
Ні песень, ні мовы, ні кветак,
Мне іх даглядаць, нібы дзетак”.

А яшчэ яна адметны летапісец (чытаючы некаторыя вершы паэткі, наноў перажываеш падзеі, якія адбываліся ў нашым горадзе і за яго межамі) і вандроўца (апошнім часам шмат падарожнічае, і яе новыя ўражанні адразу знаходзяць сваё адлюстраванне ў творах).
Свята арганізавалі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі разам са школай мастацтваў. Выступленні цымбалістак Вольгі Грагоўскай і Яўгеніі Ломаць, баяністкі Аксаны Пупкевіч і спявачкі-народніцы Таццяны Мікуліч былі напоўнены беларускасцю і сталі гарманічным укладаннем імпрэзы.

Дарагая Ала Леанідаўна! Далейшага Вам творчага запалу! Хай ён наведвае Вас як мага часцей. У розных жыццёвых сітуацыях. І тады вяршыня Парнас можа аказацца вельмі дасягальнай.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ, "Светлы шлях"
Фота да публікацыі - з асабістага архіву Алы Клемянок

Каментаваць


*