Падарожжа да помнікаў культуры

07.12.2013 19:16Views:

gerviatyВосем гадзін раніцы. Экскурсанты хуценька запоўнілі аўтобус… Нас было 24 чалавекі – пенсіянеры і жанчыны больш маладога ўзросту.
Напрамак трымалі ў Астравецкі раён, да святынь і помнікаў культуры - касцёла Святой Троіцы ў мястэчку Гервяты і касцёла святога Міхаіла Архангела ў Міхалішках.

І вось перад намі паўстаў будынак гервяцкага касцёла, які ўразіў нас сваёй веліччу і вострымі гатычнымі шпілямі, што імкнуцца ўвысь… Касцёл бесперапынна дзейнічае з 1903 года. Не меншай цікавасцю для нас было і ўнутранае ўбранства: арганы, амвон, дубовы іканастас, абразы і мноства жывых кветак – ружы, ліліі, хрызантэмы… Гутарыў з намі прыслужнік ксяндза Віктар, ён жа стварае прыгажосць і вакол святыні: рэдкія расліны, якім нададзены розныя формы, кветкі, дарожкі, альтанкі. Словамі не апісаць – гэта трэба бачыць! І такая чысціня ды цішыня навокал, што нельга прыгажосць парушыць. “Прыгожа – значыць, свята!” – заўважыў нехта з каталіцкіх вернікаў-экскурсантаў.

Далей напрамак наш ляжаў да касцёла Міхаіла Архангела ў Міхалішках, што быў пабудаваны ў 1653 годзе на руінах старога драўлянага касцёла. Вызначаецца ён знешняй выкшталцонасцю архітэктуры і багаццем унутранага ўбранства ў стылі барокка. Усё гэта створана італьянскімі майстрамі, якім дапамагалі мясцовыя будаўнікі. Фундатарамі будоўлі былі прадстаўнікі заможнага графскага роду Бжэстоўскіх, якія валодалі Міхалішкамі з 1604 года.

Будынак касцёла светлы як звонку, так і ўнутры. Знешні выгляд яго сціплы – барокавы фасад з двума невысокімі вежамі, паўкруглым прытворам і вялікімі вокнамі. Унутранае ўбранства храма кажа пра яго велічнасць, дзякуючы гэтаму ён названы “перлінай віленскага барока”. Экскурсанты заўважылі, што прыгажосць і велічнасць надае храму і барэльеф са скульптурамі дванаццаці апосталаў, ствараючых уражанне руху.

Вельмі цікава і змястоўна распавядаў нам пра гісторыю касцёла Міхаіла Архангела святар. Нават паказваў рэліквіі - старажытны абраз, рукапісныя кнігі рэгістрацыі народжаных і памерлых, якія захоўваюцца тут з 1670 года.

mihalishki_knigi

Уразілі нас і адносіны вернікаў, мясцовых жыхароў да захавання гістарычнай спадчыны, архітэктуры. Адзін з прыкладаў. У ліпені 1944 года нямецкія самалёты бамбілі Міхалішкі і драўляны мост праз раку Вілію – загарэўся касцёл. Пажар знішчыў страху і драўляныя элементы ўнутры памяшкання. Людзі, каб захаваць прыгажосць барэльефаў, статуй, абразоў за адзін месяц перакрылі страху саломай, якую знялі са сваіх гаспадарчых пабудоў.

Мы звяртаемся да ўсіх, хто не бачыў прыгажосці Гервятаў і Міхалішак… Варта выкраіць час і зазірнуць у гэтыя цудоўныя мясціны! Варта таксама заехаць у Жупраны ды Гавуці, на якія мы зірнулі толькі краем вока: на экскурсіі ўжо не хапала часу…

gauci

 

juprany

Пра экскурсіі ў Гервятах можна дамовіцца па тэлефоне + 375 29 9457926 (прыслужнік ксяндза Віктар). Мы, члены ініцыятыўнай групы Чырвонага Крыжа і ГА “Сяльчанка” Смаргонскага раёна, шчыра дзякуем за фінансаванне паездкі абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама кіраўніку ГА “Сяльчанка” Смаргонскага раёна Шыцікавай Але Мікалаеўне за клопаты аб арганізацыі гэтай паездкі.

Па даручэнні экскурсантаў напісала Радзіёнава Кіра Канстанцінаўна

Фота Марыі Зенкевіч

2 комментария

Каментаваць


*