Іосіф Сушко – заслужаны артыст з Маладзечна, які прайшоў праз ГУЛАГ

04.12.2013 23:21Views:
ІОСІФ СУШКО, МАСТАЦКІ КІРАЎНІК ЗАСЛУЖАНАГА АМАТАРСКАГА КАЛЕКТЫВУ БЕЛАРУСІ АНСАМБЛЯ ПЕСНІ І ТАНЦА “СПАДЧЫНА”, ЗАСЛУЖАНЫ РАБОТНІК КУЛЬТУРЫ

ІОСІФ СУШКО, МАСТАЦКІ КІРАЎНІК ЗАСЛУЖАНАГА АМАТАРСКАГА КАЛЕКТЫВУ БЕЛАРУСІ АНСАМБЛЯ ПЕСНІ І ТАНЦА “СПАДЧЫНА”, ЗАСЛУЖАНЫ РАБОТНІК КУЛЬТУРЫ

Як атрымалася, што заслужаны работнік культуры ведае пра зладзеяў у законе не менш, чым пра артыстаў? Чаму лічыць, што ў ГУЛАГУ яму было добра? Якая музыка можа заваяваць сэрца і энкавэдыста, і злодзея? Іосіф Сушко ўжо 53 гады кіруе ансамблем “Спадчына”. За гэты час праз ансамбль прайшло каля 250 удзельнікаў. Сярод іх прадстаўнікі рознага ўзросту, нямала дзяўчат. 

Працаваў з многімі песнямі, але кожную імкнуўся падаць па-свойму: апрацаваць, дадаць штосьці. Да многіх вершаў ствараў музыку. У зборніку песень Іосіфа Сушко шмат вершаў мясцовых аўтараў.

− Я пазнаёміўся з паэтэсай Нінай Тарас. Ніхто на яе словы песні не пісаў. А ў мяне атрымалася.

Салісты прасілі, каб прынёс новую песню. І ўспомніў, як прачытаў тры радкі з верша “Што ж ты мне сэрца параніў”. Хутчэй у бібліятэку, схапіў той тэкст і, вы ведаеце, за дзве гадзіны гэту песню напісаў.

Упершыню выканала яе Ніна Сычова, яна працавала доктарам па вачах. У 1963 годзе песня гучала паўсюль: і ў нас, і на Усходзе, і на Калыме, і ў Крамлі.

Свая гісторыя ёсць у песні “Чарнобыльская рана”.

− Наш маладзечанец Вячаслаў Шнуркевіч напісаў словы, я музыку. У Ліду мы паехалі на агляд, пасля выканання “Чарнобыльскай раны” людзі ўсталі, многія плакалі. Ансамбль атрымаў Гран-пры. Пасля мы паехалі ў Германію, праспявалі гэту песню. Яна вельмі ўзрушыла немцаў. Перакладчык кажа, што не трэба было спяваць яе, таму што бяду не паправіш. А немцы па-чалі з ім спрачацца, сказалі, што нельга гэта ўтойваць.

Песня “Ночка цёмная мая” на вершы Уладзіміра Зянько з Хоўхлава, які працаваў у чыгуначным дэпо. Ён выдаў кнігу “Песні маёй маці”, якую падтрымаў музыказнаўца Генадзь Цітовіч.

Толькі на такія словы, калі проста і хораша, і пішацца музыка.

Як немец пахваліў бацьку

– Бацька быў гарманістам і тры сястры спявалі, а адна была без слыху. Ён служыў у Першую сусветную вайну і трапіў у палон, чатыры гады быў у Германіі. Дзед мой шмат зарабіў у Петраградзе, працуючы швейцарам. Прывёз грошы і купіў 60 гектараў зямлі, падзяліў іх паміж дзецьмі. Майму бацьку дасталася 10 гектараў.

У нашай сям’і гаварылі пра тое, што палякі нас прыгнятаюць. 17 верасня ідуць савецкія войскі, вызваляюць. Бацька такі задаволены, з саду нясе яблыкі частаваць салдат.

Ён быў рады савецкім салдатам, таму што пры Польшчы было так: калі ты праваслаўны, то далёка вучыцца не пойдзеш, не больш за сем класаў. А ён хацеў сына вывучыць.

Праходзіць год, савецкая ўлада ўстанаў­ліваецца, а зямлі ж мелі шмат. Раз − і запісалі ў кулакі, а там вялікія падаткі. Хаця для мяне была радасць, што на гармоніку іграў паўсюль.

Падчас палону бацька падвучыў нямецкую мову. Калі прыйшлі немцы, яны ў вёсках ставілі старастаў. Бачаць, што ён па-нямецку разумее, і ставяць старастам на акругу. Бацька адказаў, што не зможа: вялікая сям’я, трэба працаваць. Немцы здзівіліся, бо столькі ж ахвотнікаў было, а ён адмаўляўся.

Гэты палкоўнік пытаецца: “А ты хто, паляк, рускі?” Бацька адказвае: “Не, я беларус”. І пры мне палкоўнік падышоў, паляпаў бацьку па плячы і кажа: “Gut” (добра). Пасля вайны мяне арыштавалі, а яго не чапалі, бо не лез, куды не трэба.

sushko_noty

За што забралі

Калі вучыўся ў настаўніцкай семінарыі, заўсёды быў на віду, таму што займаўся самадзейнасцю, іграў на ўсіх святах. На фронт мяне не ўзялі, я ж малады. Заці­ка­віліся: “А хто ён” − “Пры немцах быў, таксама падыгрываў”.

Прыйшоў у інтэрнат энкавэдыст, пытаецца, ці ёсць брат, я ж маленькі ростам. Няма. Прывялі, адправілі ў Вілейку. І цэлы год не судзілі, бо не было 18. Сядзеў у камеры, цяпер у гэтым будынку анкалагічная бальніца. Сядзелі з намі сапраўдныя бандыты. Яны пасля вайны хадзілі па лясах, забівалі палітработнікаў.

Каго не выклікалі на суд, усім давалі смяротнае пакаранне. З такімі і сядзеў. Захварэў на тыф. Я не адчуваў, каб следчыя былі злыя на мяне. Трапіўся лейтэнант, сказаў, што гады тры можа дадуць. Я б сказаў, што паўсюль сустракаў чалавечае стаўленне да сябе.

Заступіўся пахан зладзеяў у законе

− Калі вы сядзелі, за вас бандыт засту­паўся, так?

− Не, гэта не бандыт! Гэта зладзеі ў законе былі. Я там так вучыўся, што для мяне было як кансерваторыя. Такія педагогі! Адзін − дырыжор Венскай оперы, потым Лідзія Русланава прыехала. Энкавэдысты былі беларусы.

Дык вось, у лагер прыехалі малалеткі, гэта самыя паскудныя зняволеныя. Зладзеі ў законе імкнуцца паводзіць сябе годна, для іх злодзей − як вышэйшая адукацыя.

Гэтыя малалеткі часта запрашалі мяне іграць, я іграў, але ж мне і займацца трэба, і надакучыла. А часам я іграў і для зладзеяў у законе. Пайшоў да іх пахана і кажу, што малалеткі не даюць займацца. Назаўтра ён выклікаў іх старшага і сказаў не чапаць мяне. Кажа, што не ўсім быць зладзеямі ў законе.

Было добра ў лагеры

− Ці было вам увесь гэты час, як вас забралі энкавэдысты, страшна?

− Не. Нічога страшнага не было. Ну пасадзілі, ну захварэў. Калі на тыф хварэў, вы ведаеце, хто паміраў? Здаровыя хлопцы.

Тыф любіць маленькіх і хударлявых, як я, такія не паміралі. 12 дзён тэмпература была 40-41. Ну а што страшнага?

Я не думаў, што смерць − гэта сур’ёзная рэч.

Пасля, у лагеры, вядома ж, хацелася жыць. Але, ведаеце, мне было добра ў лагеры. Было столькі добрых людзей. Энкавэдысты сачылі, канешне, але ж яны людзі. Мы ж нічога дрэннага не рабілі. Мяне паставілі токарам, і я адразу стаў рэкардыстам. Вядома ж, начальнікі радаваліся.

300 чалавек у камеры

Калі ў Оршы сядзеў, мне пераслалі кавалак сала. У камеры 300 чалавек, з іх 12 зладзеяў у законе, яны коўдрамі завешваліся. Зладзеі часта забіралі яду, калі камусьці перасылалі. А ў мяне не ўзялі. Я вечарамі песні спяваў па-беларуску.

Я ведаў лагерную дысцыпліну, адрэзаў кавалак сала і ім занёс. Я сябраваў з хлопцам з Барысава, і вось падчас прагулкі мы забеглі ў туалет і па чарзе кусалі кавалак сала, што застаўся. Ён многа што значыў.

− Ці адчувалі несправядлівасць, што вас саслалі?

− Калі апынуўся ў лагеры ў Іркуцкай вобласці, то там людзі групуюцца па сваіх поглядах. Артыстаў садзілі таму, што пры немцах спявалі. Мы маглі спяваць, выступаць і вельмі цанілі такую магчымасць.

Мы не злаваліся, бо ведалі: такі рэжым, што зробіш. Былі ўдзячныя, што ў лагеры маглі спяваць.

sushko

Баяўся, што палічаць сэксотам

− Ці было для вас важна, што вас рэабілітавалі?

− Мяне рэабілітавалі, а я пра гэта не ведаў. Давалі граматы, прэміі, пускалі за мяжу. Людзі пачалі гаварыць, як гэта можна, ён жа сядзеў па 63-м артыкуле. Каго з ім за мяжу пускаюць? Я пачаў баяцца, што людзі пачнуць думаць, што я сэксот нейкі. А аказалася, што я ў 1962 годзе рэабілітаваны. А яны ж нікому не казалі, сам павінен быў напісаць прашэнне.

Крыўды не меў

Калі я вярнуўся з лагера, чатыры гады працаваў у школе ў Варапаеве. Адразу ж мяне паклікаў старшыня райвыканкама. Партызан, яны тады нікога не баяліся. Старшыня пытаецца, ці з крыўдай я прыехаў. Я адказваю, якая ж крыўда, я баяністам стаў, токарам.

Аднойчы на мяне напісалі фельетон “Халтуршчык на грамадскай аснове”. Аўтара гэтага тэксту падпаілі, нагаварылі пра мяне, ён і напісаў. Пасля гэтага была сустрэча з удзелам Рыгора Шырмы. Я не хацеў ехаць, але і непавагу паказаць не хацеў. Пасля гэтага мерапрыемства аўтара фельетона знялі з пасады за паклёп. Мне няёмка нават было.

Некалькі фактаў пра Іосіфа Сушко

- Іграе на гармоніку з чатырох год.

- Яго жонка Марыя была лепшай сяброўкай Лідзіі Калачык, жонкі былога старшыні калгаса “Светлы шлях” Уладзіміра Калачыка.

- Абедзве пары жаніліся з розніцай у некалькі дзён.

- Зладзіў канцэрт разам з народнай артысткай СССР Ларысай Александроўскай.

- Некалькі разоў падавалі на званне заслужанага артыста, але злыя языкі не дазвалялі яго атрымаць. На адным канцэрце ансамбль “Спадчына” выступаў перад другім сакратаром БССР Аляксандрам Аксёнавым і старшынёй Савета Міністраў Нінай Сняжковай. Праз два дні Іосіф Сушко стаў заслужаным артыстам.

- Мае двух сыноў. Адзін працуе ў Чысці, загадвае Домам культуры. Другі працуе ў абласным Доме творчасці, загадвае эстрадным аддзелам. Адна з нявестак працуе ў Міністэрстве культуры. Унучка вывучае заме­ж­ныя мовы ў ВНУ. Унук − у аркестры Міністэрства ўнутраных спраў.

Даведка “РГ”. Іосіф Сушко − заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца “Спадчына”. 13 снежня 1944 года яго арыштавалі, а пасля прыгаварылі да 10 гадоў зняволення. Так аказаўся ў Тайшэце Іркуцкай вобласці. У 1954 годзе вызвалілі. Вярнуўшыся, працаваў мастацкім кіраўніком Варапаеўскага Дома культуры (Пастаўскі раён). Толькі ў 31-гадовым узросце, у 1959 годзе, ён паступіў у Маладзечанскае музвучылішча. У 1960-м стаў кіраўніком ансамбля “Спадчына”, які ў 1963 годзе атрымаў званне “народны”.

Зоя ХРУЦКАЯ, "Рэгіянальная газета"

Каментаваць


*