Месца сустрэчы — Смаргонская бібліятэка

02.12.2013 23:53Views:
Бібліятэкар бібліёбуса Наталля КУРМЕЛЬ, бібліятэкар Наталля ШЫНКЕВІЧ, мастак Святлана МАГЕР, галоўны бібліёграф Алена РАМАНОВІЧ

Бібліятэкар бібліёбуса Наталля КУРМЕЛЬ, бібліятэкар Наталля ШЫНКЕВІЧ, мастак Святлана МАГЕР, галоўны бібліёграф Алена РАМАНОВІЧ

Нядаўна на форуме аднаго з інтэрнэт-парталаў распачалася спрэчка аб страце прыцягальнасці сучаснай бібліятэкі. Як нейкае ноу-хау, прыводзілася прапанова маскоўскага кнігавыдаўца Барыса Купрыянава па ператварэнні бібліятэк у месцы для сустрэч, для камунікацый, для правядзення рознага роду мерапрыемстваў. 

Не без гонару я адзначыла пра сябе, што ў нашым невялічкім гарадку такая практыка існавала, здаецца, заўжды, колькі я сябе помню. Нават у часы самага глыбокага палітычнага і эканамічнага крызісаў работнікі бібліятэк захоўвалі вернасць сваёй прафесіі і не проста заставаліся “вартаўнікамі” кнігі, але і актыўнымі яе прапагандыстамі, асветнікамі на глебе культурнай спадчыны, распаўсюджвальнікамі “добрага, светлага, вечнага”. Яны выхоўвалі і выхоўваюць свайго чытача з маленства, знаходзяць падыход да аматараў чытання розных пакаленняў і розных сацыяльных колаў. Ці не таму літаральна ў кожнай, нават самай маленькай вясковай бібліятэцы, існуе свая лучнасць кнігалюбаў або клуб, або аматарскае аб’яднанне па інтарэсах. Масавая работа праводзіцца з улікам значных падзей у жыцці рэгіёна і краіны, а таксама з улікам пажаданняў самых бліжэйшых і актыўнейшых сяброў.

У Смаргонскім раёне працуе сёння 21 бібліятэчная ўстанова, з якіх 15 – у сельскай мясцовасці. Да жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак выязджае бібліёбус – спецыяльная перасоўная бібліятэка-аўтобус, і чатыры разы на тыдзень кіруецца ў адну з 40 аддаленых вёсачак.

Інавацыі ў рабоце бібліятэк – эфектыўны метад мадэрнізацыі традыцыйных формаў бібліятэчнага абслугоўвання. Папулярнай формай работы сталі мерапрыемствы пад адкрытым небам, выезды на прадпрыемствы і ў навучальныя ўстановы, сустрэчы з літаратарамі, мастакамі, творчымі асобамі розных прафесій. Частымі гасцямі Смаргоншчыны бываюць сталічныя пісьменнікі і паэты. Вось і сёлета ў Войстаме адбылася сустрэча з Генадзем Пашковым і творчай групай мінскіх літаратараў. “Там, дзе Беларусь мая, там і я” – пад такой назвай прайшла цікавая імпрэза з Міхасём Пазняковым у Смаргоні. Знакаміты скульптар Уладзімір Церабун стаў героем вечарыны “Лёс, падараваны мастацтву”.

Шмат гадоў пры цэнтральнай бібліятэцы працуе літаратурна-музычная гасцёўня “Сустрэчы”, на пасяджэннях якой пабывалі цікавыя творцы, людзі мастацтва, літаратары, краязнаўцы. Наогул жа, у межах соцыякультурнай дзейнасці ў бібліятэках сістэмы працуе 26 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах разнастайных напрамкаў, чыя дзейнасць накіравана на захаванне і прапаганду культурна-гістарычнай спадчыны рэгіёна, вывучэнне народных традыцый, помнікаў прыроды.

Вялікая ўвага надаецца рабоце з юным чытачом. У гарадской бібліятэцы №2 ладзіцца так званы інфармацыйны кірмаш з цікавымі і карыснымі ідэямі і кансультацыямі спецыялістаў. Пры многіх бібліятэках плённа працуюць на дабрачынных пачатках самадзейныя гурткі. Напрыклад, музей вясковага побыту ў Залескай бібліятэцы, дзякуючы якому ўтварыўся цэнтр этнакультурнай асветы. А ў Кушлянскай, Сасноўскай, Крэўскай бібліятэках створаны этнакультурныя пакоі і куткі. У Вішнеўскай бібліятэцы на працягу многіх гадоў юныя чытачы з задавальненнем ладзяць спектаклі тэатра лялек. Сельскія бібліятэкі пастаянна праводзяць святочныя мерапрыемствы, разнастайныя конкурсы, выставы, акцыі, удзел у якіх спрыяе стымуляванню бібліятэчнай работы.

Сёлета ў бібліятэчнай сістэме быў абвешчаны творчы конкурс “Суперчытач-2013”, вынікі якога былі падведзены на свяце, прымеркаваным да Дня бібліятэк.

З мэтай задавальнення інфармацыйных запатрабаванняў карыстальнікаў у афіцыйна-прававой інфармацыі ў ЦБС дзейнічаюць пяць публічных цэнтраў прававой інфармацыі, сем мультымедыйных і два інфармацыйна-адукацыйных. Цэнтральная бібліятэка абслугоўвае наведвальнікаў у аўтаматызаваным рэжыме і прадстаўляе магчымасць карыстацца інтэрнэт-класам.

Пра ўсе маючыя адбыцца і прайшоўшыя мерапрыемствы, новыя паступленні літаратуры, перыядычныя выданні аператыўна паведамляе асабісты сайт цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна. Плённая работа па раскрыцці фондаў праводзіцца як праз выставы, так і праз тэматычныя сустрэчы з чытачамі, у тым ліку і патэнцыяльнымі, якія папаўняюць спіс карыстальнікаў.

Застаецца толькі дадаць, што па выніках работы ў мінулым годзе Смаргонская ЦБС стала пераможцай абласнога агляду-конкурсу.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць


*