Са зваротным візітам нядаўна Смаргонскі раён наведала дэлегацыя з Літоўскай Рэспублікі. Для гасцей былі падрыхтаваны падрабязныя экскурсіі па Крэве, Залессі і Смаргоні.
Сустрэча смаргонцаў і гасцей адбылася на гістарычным, можна сказаць, для нашых краін месцы — непадалёку ад руінаў Крэўскага замка. Пасля абмену падарункамі для гасцей з Літвы ў школьным музеі пачаўся экскурс у мінулае.
Многія з візіцёраў у Беларусь прыехалі ўпершыню. І няхай за тыя два дзесяццігоддзі, што мы жывём у розных краінах, можа і стала складаней разумець гаворку суседзяў, але ў нас адзіныя духоўныя і гістарычныя каштоўнасці. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, Крэва і Залессе якраз з тых мясцін, якія яднаюць нас.
Варта адзначыць, што сярод літоўскіх гасцей былі спецыялісты розных кірункаў: архітэктары, біёлагі, гісторыкі, навуковыя супрацоўнікі і іншыя. Таму нашым экскурсаводам на працягу ўсяго дня часта даводзілася адказваць на пытанні, якія тычыліся розных аспектаў аднаўлення, рэканструкцыі і будоўлі гістарычных помнікаў.
Пасля літоўская дэлегацыя рушыла да муроў былога замка, дзе іх чакала невялікая імпрэза, створаная сіламі раённага аддзела культуры.
Перад візітам у Залессе, які з’яўляўся галоўнай мэтай гасцей, смаргонцы правялі экскурсы ў зімовым садзе Смаргонскага політэхнічнага каледжа і ў нядаўна адкрытым музеі. Маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі сустрэў літоўцаў будаўніча-рэканструкцыйным грукам. Дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Любоў Белуш расказала пра тое, што ўжо зроблена і што яшчэ толькі запланавана зрабіць да юбілею Міхала Клеафаса. Сядзіба Агінскага цяпер знаходзіцца ў стадыі аднаўлення, а наперадзе яшчэ наданне аўтэнтычнага выгляду і прыстасавання да запытаў сучаснага наведвальніка.
Падчас сумеснага дыялогу дырэктар Троцкага нацыянальнага парку Гінтарас Абаравічус звярнуў увагу на тое, што падобныя выязныя сустрэчы трэба ладзіць часцей, каб лепш разумець адзін аднаго і не згубіць агульныя карані.