Ад паланеза да Банапарта: у Смаргоні назавуць найлепшых музыкаў

04.11.2013 14:43Views:

X-Mizhnarodnyi-konkurs-kamernyih-ansamblyau-imya-AginskagaЗ прозвішчам Агінскага ў беларусаў звязаная ўстойлівая асацыяцыя – “Развітанне з радзімай”. І сапраўды, мелодыю вядомага паланеза лёгка напяе практычна кожны з нас. А вось, напрыклад, оперу “Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры”, напісаную палітычным дзеячам і кампазітарам Міхаілам Клеафасам Агінскім у эміграцыі, не тое што мала хто чуў – адзінкі ведаюць, што такая ёсць. Гасцям урачыстага адкрыцця X Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя Агінскага, які праходзіць гэтымі днямі ў Смаргоні, пашчасціла: урывак з гэтай оперы выканаў Віктар Скарабагатаў, заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў. 

Пра беларускую музыку і ў прыватнасці пра Агінскага спадар Скарабагатаў можа расказваць гадзінамі. І не толькі пра аўтара “Развітання з Радзімай”, але і пра ўсю ягоную музыкальную сям’ю. Паланезы пісаў не толькі Міхаіл Клеафас, але і ягоны дзядзька Міхаіл Казімір – аўтар опер для тэатра “Зменены філосаф”, “Елісейскія палі”. Пісалі музыку дзеці Міхаіла Клеафаса – Аляксандр і Эма, працягвае кампазітарскую традыцыю іх нашчадак Анджэй Залускі, які сёння жыве ў Лондане.

Цікавымі аповедамі пра лёс і творчасць Агінскага Віктар Скарабагатаў дзяліўся цягам усяго канцэрта – адкрыцця конкурсу, сцэнар якога складаўся паводле “Лістоў пра музыку” – музыказнаўчай працы Агінскага. “Як палітык Агінскі вельмі шмат падарожнічаў, бываў у розных краінах, – расказаў Віктар Скарабагатаў. – І ў свабодныя вечары абавязкова наведваў музычныя салоны, оперу, знаёміўся з кампазітарамі і выканаўцамі. А ўсе свае ўражанні апісваў у “Лістах”. Трэба адзначыць, што густ у Агінскага быў бездакорны. Калі, напрыклад, ён кажа пра фартэпіянную музыку, абавязкова адзначае вядомую польскую піяністку Марыю Шыманоўскую. Калі піша пра струнныя квартэты, робіць акцэнт на музыцы Гайдна, Бетховена і Моцарта”.

Канцэрт распачаўся паланезам Агінскага ў выкананні ансамбля салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Байдава. Віктар Скарабагатаў выканаў фрагменты оперы А. Радзівіла “Фаўст” і частку балетнага дывертысмента з оперы “Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры”. Таксама ў праграме прагучалі Моцарт, Шапэн, Манюшка.

“Мала хто ведае, што Агінскі напісаў оперу, – расказвае Скарабагатаў. – Ён яе не выконваў, бо калі асабіста пазнаёміўся з Напалеонам, той яму вельмі не спадабаўся. Сёння оперу таксама мала дзе выконваюць. Думаю, што мы зробім рэдактуру і праз паўтара года, да юбілею (250 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Клеафаса Агінскага – заўв. Budzma.org), выканаем яе – калі не ў тэатры, то ў канцэртным фармаце”.

Выступленні канкурсантаў форуму ў Смаргоні працягнуцца да 5 лістапада ў актавай зале школы мастацтваў імя Агінскага. Пры канцы будуць вызначаныя найлепшыя з найлепшых у намінацыях “Струнны ансамбль” і “Струнны ансамбль з фартэпіяна”. Па словах арганізатараў, заяўкі на ўдзел даслалі не толькі беларусы (камерны ансамбль з Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага), але і музыкі з Расіі, Украіны, Польшчы.

Выканальніцкае майстэрства навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных установаў, ліцэяў-каледжаў, а таксама студэнтаў вышэйшых навучальных установаў будуць ацэньваць прафесар Акадэміі музыкі ў Гданьску Кшыштаф Сперскі, дацэнт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага Ірына Красоціна, прафесар Літоўскай акадэміі музыкі Петрас Кунца, а таксама дацэнты Беларускай акадэміі музыкі Галіна Някрасава і Ларыса Дзядук. Узначальвае журы заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай Акадэміі музыкі Юрый Гільдзюк.

Першы музычны конкурс імя Агінскага адбыўся ў Смаргоні ў 1991 годзе – тады гэта быў дзіцячы фестываль-конкурс, лаўрэатамі якога сталі юныя музыкі з Ашмянаў, Маладзечна, Смаргоні, Вілейкі. У трэцім конкурсе (1993 год) упершыню ўзялі ўдзел музыкі з Літвы і Польшчы, а ў 1995 годзе форум стаў сапраўды міжнародным і прыняў больш за 150 выканаўцаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы. Як расказаў Віктар Скарабагатаў, у свой час менавіта на конкурсе ў Смаргоні быў адкрыты талент Арцёма Шышкова, выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі, вядомага цяпер ва ўсім свеце беларускага скрыпача.

Спецыяльна да конкурсу ў Доме культуры ў Смаргоні адкрылася выстава “Шляхамі паланезаў”, дзе прадстаўленыя фотаработы з папярэдніх конкурсаў, а таксама фатаздымкі з жыцця роду Агінскіх і гісторыі палацава-паркавага комплексу ў Залессі.

Кася Кірпацік, "Будзьма!"
Фота: Зарына Кандрацьева

Каментаваць


*