Эсэ зачараванай Парыжам

03.11.2013 13:35Views:
Базіліка Сакрэ-Кёр на Манмартры

Базіліка Сакрэ-Кёр на Манмартры

Назаўжды навечна
бясспрэчна
Прыгажосць а не слава
паэта зарок
Дасканаласць вось сутнасць
усіх перамог.

Гіём АПАЛІНЭР

Парыжам я замбіравана з пачатковай школы. І сёння ў вачах стаіць прымацаваная ў лінгафонным кабінеце побач з дошкай карта горада, перарэзанага блакітнай стужкай з залаціста-карычневай спражкай — востравам Сітэ. Спражку “каранаваў” мініяцюрны малюнак Нотр-Дам дэ Пары, сабора, які за 850-гадовую гісторыю свайго існавання то прыходзіў у заняпад, то адраджаўся, а ў апошнія стагоддзі, дзякуючы раману Віктора Гюго і мюзіклу Рычарда Качыянтэ, стаў прыцягальным турыстычным брэндам.

Вочы маёй настаўніцы французскай мовы Лідзіі Сямёнаўны рабіліся надзвычай блакітнымі, як гэта стужка пад смешнай назвай Сена, калі яна з натхненным тварам пачынала чытаць вершы Апалінэра.

Іх плачам галосяць палі
Маркоцяцца твары ў расстанні
Як снег на маршчыны зямлі
Нібы нашых рук раз’яднанне
Лісты жоўтых клёнаў ляглі.

Ах, Гіём, Гіём! Ты насамрэч быў геніем, і як усе геніі, бязлітасным правідцам, прарокам да клікунства. Ты напрарочыў лёс сабе і тым, хто, як у вір нырнуў аднойчы ў тваю творчасць і не здолеў адтуль выбрацца без страт. А набыткі і адкрыцці твайго лірычнага героя — чаго яны вартыя? Чаго, калі як і сто, як і дзвесце гадоў таму Прыгажосць у загане, а валадараць у свеце сквапнасць і жорсткасць. Блакітныя вочы Лідзіі Сямёнаўны аднойчы заўчасна заплюшчыліся, маньяк-забойца спаласаваў яе цела вострым нажом. Крывавыя плямы доўга саскрабалі з падлогі і сцен сяброўкі настаўніцы, а за гэтым назіралі, нібы хімеры з франтонаў сабора Парыжскай Божай Маці, партрэты пісьменнікаў, чые творы яна любіла, а мы вывучалі на ўроках французкай літаратуры. Не, сярод іх не было партрэта Гіёма Апалінэра, бо ён быў ужо ў маім сэрцы…

І вось я ў Парыжы! Я не баюся тут згубіцца, бо ведаю яго па творах Эміля Заля, Анарэ дэ Бальзака, Анатоля Франса, Віктора Гюго, Анры Мюржэ. Дарэчы, кніга апошняга “Сцэны з жыцця багемы” натхніла Імрэ Кальмана на стварэнне сусветна вядомай “Фіялкі Манмартра”. З базілікі Сакрэ-Кёр, якая вянчае Манмартраўскі ўзгорак, адкрываецца найлепшая панарама французскай сталіцы. Адсюль любаваліся Парыжам многія пісьменнікі і героі іх твораў, адсюль горад “блакітны, нібы мора ў спрыяльнае надвор’е. Нібы ў неаглядных даляглядах, дзе ранішні туман узнімаецца з зямлі, куды не кінеш вока, погляд купаецца ў дымцы святла” (раман Ганкураў “Шарль Дэмайі”). Пасля гэтага захапляльнага відовішча неяк не ўзнікала жадання падымацца на Эйфелеву вежу, і я з набярэжнай Сены любавалася яе карункавай лёгкасцю, яе ўзнёслым палётам і начным свячэннем ілюмінацыі.

Традыцыйна Манмартр лічыцца кварталам мастакоў, а Манпарнас — кварталам пісьменнікаў, паэтаў, артыстычнай багемы. Тут вялікая колькасць рэстаранаў, кафейняў, начных бараў, якія ганарацца сваімі знакамітымі наведвальнікамі. У самую старажытную кафэшку “Пракоп” любілі зазірнуць калісьці Вальтэр, Русо, Бамаршэ, Напалеон, Жорж Санд. У “Клазэры дэ Ліла” справа ад стойкі прывінчана таблічка з імем Хэмінгуэя, быццам гэта яго любімае месца. А вось у “Ратондзе” даволі часта ў свой час бачылі Леніна, Троцкага, Шагала, Буніна.

Парыж пакарыў сэрцы многіх творцаў. Але мне было цікавей знайсці сляды сваіх землякоў, ці тых, каго можна хоць ускосна лічыць землякамі. Першым прыгадаўся аўтар знакамітага паланэзу Міхал Клеафас Агінскі, дыпламат і музыкант, вандроўнік. Затым яго сакратар Леанард Ходзька — выдавец, гісторык, публіцыст, бібліёграф, пляменнік аўтара паэмы «Залессе», у якой той услаўляў прыгажосць наваколля маёнтка Агінскага. Нарадзіўся Леанард Ходзька ў вёсцы Аборак Маладзечанскага раёна, вучыўся ў Віленскім універсітэце. Член таварыства філарэтаў. З 1826 года жыў у Парыжы. Удзельнічаў у палітычным жыцці эміграцыі. Пісаў на польскай i французскай мовах. Выдаў мемуары Агінскага, аўтар біяграфіі А. Т. Касцюшкі, «Папулярнай гісторыі Польшчы». Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі і Украіны.

Парыжы натхнёны каханнем да пісьменніцы Жорж Санд пісаў свае найлепшыя і геніяльныя музычныя творы Фрыдэрык Шапэн. Так, Парыж можа натхніць, але ён дорага бярэ за натхненне. Самай высокай цаной — жыццём. Нездарма Ілья Эрэнбург у сваёй кнізе “Мой Парыж” перафразіраваў антычную фразу аб вечным горадзе “Пабачыць Рым і памерці”, якая стала крылатай і ў новай рэдакцыі гучыць — “Пабачыць Парыж і памерці”…

За Парыж і за Францыю аддаў сваё жыццё генерал Грыгор Арлі (па-сапраўднаму Орлік), імем якога названы сёння міжнарожны аэрапорт. Тытулаваны сябра каралеўскай рады быў сынам знакамітага гетмана войска Запарожскага, аўтара першай украінскай Канстытуцыі Піліпа Орліка, які нарадзіўся ў вёсцы Касута пад Вілейкай колішняга Ашмянскага павету, у сям’і афіцэра польскай арміі і прадстаўніцы ліцьвінскай шляхты Ірыны Орлік (Малахоўскай). Згадваючы Арлі, неспядзявана на памяць прыйшлі радкі незабыўнага Апалінэра, які таксама ваяваў за Францыю і чыя творчасць фарміравалася пад уплывам ваенных падзей пачатку ХХ стагоддзя:

Дык няўжо з намі Бог
прамаўляе дарма
Раз крывёй чалавечай заліта зямля
Жорсткасць
і для кахання навязлівы госць
Але варта пашаны
адна Прыгажосць
Не ўласцівы ёй зайздрасць,
агіда, праклён
ёй давалі французы заўжды сто імён
Гонар, Мужнасць, Любоў, Весялосць
Вось яна
Прыгажосць.

Насамрэч, Прыгажосць ратуе гэты горад, прамочаны і насычаны крывёй столькіх рэвалюцый, войнаў, варфаламееўскіх начэй. Авангардызм Гіёма Апалінэра — не даніна модзе, ён узышоў на гэтай гістарычнай глебе, акрэсліўшыся тэрмінам, прыдуманым аўтарам, “сюррэалізм”, але з гэтага “сюр” або “над” вярнуўся да новага рэалізму, на генным узроўні захаванага лірызму класічнай традыцыі вершаскладання. Сімвалізм мадэрнісцкіх школ не здолеў заглушыць у паэце галоўнага: любові да жыцця, веры ў будучыню. А тлумачыцца ўсё проста — Гіём Апалінэр мае славянскае паходжанне. Ён — нашчадак шляхецкага роду герба Вонж, унук удзельніка польскага паўстання, які вымушаны быў эмігрыраваць з сям’ёй у Італію. Тут, у Рыме, і нарадзіўся будучы паэт, а па-сапраўднаму Апалінары Кастравіцкі.

Пад рознымі псеўданімамі выступаў Кастравіцкі ў парыжскай прэсе, працуючы журналістам. Паралельна пісаў апавяданні і вершы. З цягам часу набыў аўтарытэт і стаў самым вядомым удзельнікам мастацкай суполкі “Манпарнас”. Не маючы французскага грамадзянства, напачатку Першай сусветнай вайны ідзе добраахвотнікам у войска і роўна праз тыдзень пасля атрымання такога жаданага грамадзянства быў паранены ў скронь асколкам снарада. А на наступны год аслаблены раненнем Гіём Апалінэр памірае ад гішпанкі. Было яму на той час 38 гадоў.

Маючы зусім мала часу ў Парыжы, сярод прыярытэтаў для наведвання я абрала Луўр. Мона Ліза глянула на мяне сваім іранічным паглядам і ўжо не выпускала з поля зроку. Калісьці чытала, што Апалінэр быў арыштаваны па падазрэнні ў справе выкрадання Джаконды з музея. Паэта пратрымалі ў вязніцы і, не знайшоўшы ўлік, вызвалілі. Гэты факт біяграфіі парадзіў цыкл вершаў “У турме Сантэ”. Ды і наогул, уся яго творчасць — адлюстраванне рэальных падзей жыцця, толькі пададзеных як паэтычныя эксперыменты, як пошук новых формаў, вобразаў, эфектных выяўленняў. Але і праз нагрувашчванні так званай новай паэтыкі прасочваецца яго вытанчаны лірызм, вера ў перамогу “світання над змрокам”. А яшчэ ён заставаўся барацьбітом нават у каханні. Таму вось гэты верш прапаную на заканчэнне і на прыемнае чытанне аматарам паэзіі:

Мой рот апячэ цябе жарам гіены
Мой рот для цябе
будзе пеклам пяшчоты
Анёлы маіх вуснаў запануюць
у тваім сэрцы
Салдаты маіх вуснаў
возьмуць цябе штурмам
Капеланы маіх вуснаў адслужаць малебен тваёй прыгажосці
Твая душа задрыжыць
як зямля ад выбухаў
У вачах тваіх збярэцца каханне вякамі назапашанае ў поглядах
Мае вусны стануць незлічонай арміяй кінутай супраць цябе
Хор і аркестр маіх вуснаў
праспяваюць табе аб каханні
Пераменлівым як воблік чараўніка
Я буду шаптаць табе здалёк.

Ала КЛЕМЯНОК, "Светлы шлях"

Фота аўтара

Каментаваць


*