Пуцяводная зорка Агінскага

01.11.2013 13:23Views:

zorka aginskagaА вы марылі пабачыць Парыж на свае вочы? Прайсціся па вулачках Манмартра, укленчыць пад высокімі скляпеннямі Нотр-Дам дэ Пары, узняцца да вышыні птушынага палёту на Тур Эфель, замілавана ўглядацца ў шэдэўры Луўра? Асабіста я пра гэта марыла ўсё сваё жыццё.

Выпадкова надалася магчымасць маёй мары здзейсніцца, прычым, дзякуючы ўскоснаму далучэнню да спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Маладзечанская турыстычная кампанія “Юг” сумесна з мясцовым дабрачынным фондам “Спадчына Агінскага” арганізавалі культурна-экскурсійную праграму па мясцінах, якія ў свой час наведваў або жыў там наш знакаміты зямляк. 

Для беларусаў Міхал Клеафас Агінскі, яго шчодры лёс і багатая спадчына могуць і павінны стаць не проста акном у Еўропу, а шырока адчыненай брамай. Прадстаўнік старажытнага роду, уплывовы для свайго часу палітычны і грамадскі дзеяч, таленавіты музыкант і кампазітар, пісьменнік стварыў спрыяльны асабісты імідж, які і сёння спрыяе прасоўванню на сусветную турыстычную прастору нашай краіны, а таксама прыцягненню да нас шматлікіх турыстычных плыняў. У справе развіцця турыстычнай індустрыі ў Беларусі Агінскі можа стаць знакавым брэндам, своеасаблівай “тэра інкогніта” для гурманаў-вандроўнікаў, якім набілі аскоміну зашмальцаваныя мільёнамі ног бульвары і музейныя залы еўрапейскіх сталіц.

Але пакуль у нас не створаны адпаведныя ўмовы для вытанчаных і патрабавальных знаўцаў такога віду адпачынку, робяцца пэўныя крокі на шляху міжнароднага культурнага абмену, праводзіцца асветніцкая работа, шукаюцца кропкі ўзаемадзеяння з зацікаўленымі асобамі іншых краін. Асабліва актывізавалася дзейнасць грамадскіх лучнасцей і тураператараў напярэдадні 250-гадовага юбілею М. К. Агінскага, які будзе шырока святкавацца ў 2015 годзе. Пастаянныя дэлегацыі пры ЮНЭСКА ад Беларусі, Літвы, Польшчы і Францыі выступілі з супольнай прапановай уключыць юбілей Агінскага ў каляндар памятных дат гэтай арганізацыі на 2015 год і наладзіць шэраг імпрэзаў у гонар асобы, якой ганарацца некалькі краін.

Жыццёвыя пуцявіны прадстаўнікоў роду Агінскіх пралягалі праз розныя краіны. Сам Міхал Клеафас з рознымі місіямі пабываў у Нідэрландах, Італіі, Францыі, Чэхіі, Германіі і іншых краінах. Многія беларускія турыстычныя фірмы імкнуцца стварыць цікавыя маршруты па Еўропе з прывязкай да лёсу Агінскага, які з’яўляецца духоўнай і культурнай спадчынай нашага народа.

Вось і нядаўні тур па маршруце Берлін — Амстэрдам — Парыж — Прага стаў пазнавальна-асветніцкім для ўсіх ўдзельнікаў не толькі ў плане наведвання вядомых гарадоў, але і далучэння да гістарычнай спадчыны сваёй краіны, сваіх знакамітых землякоў. Каля шасці тысяч кіламетраў праехалі мы за тыдзень, адбыліся цікавыя сустрэчы з прадстаўнікамі пасольстваў Беларусі у Гаазе і Парыжы, а галоўнае, што шмат цікавай інфармацыі атрымалі падарожнікі як ад прафесійных гідаў, так і ад беларускіх краязнаўцаў, што валодаюць унікальнай інфармацыяй пра род Агінскіх.

Наш шлях у Нідэрланды, дзе Міхал Клеафас з 1790 года знаходзіўся ў якасці пасла Рэчы Паспалітай, пралягаў праз Германію. Тут у Берліне на адным з адміністрацыйных будынкаў выпадкова ўбачыла… герб Смаргоні. Як высветлілася, мядзведзь з’яўляецца афіцыйным сімвалам Берліна. І хоць гэты герб зацверджаны ў 1954 годзе, аднак са старажытных часоў геральдычны “мішка” — сімвал гэтага горада, назва якога нібыта паходзіць ад нямецкай назвы звера. Хоць даследчыкі сцвярджаюць, што на самой справе слова “берлін” славянскага паходжання і азначае балоцістыя мясціны. Сталіца Германіі сапраўды ў нізіне, калісьці забалочанай, дзе ніяк не маглі вадзіцца мядзведзі. Тым не менш, лялечныя мядзведзікі розных памераў і “мадыфікацый” прысутнічаюць у кожнай краме, кожным шопіку і гіпермаркеце. Набыўшы сабе магніцікі: мядзведзяня ў кароткай майцы з надпісам “Berlin”, зафатаграфаваўшы будынак Рэйхстагу і графіці на гістарычнай Бярлінскай сцяне, накіроўваемся ў краіну цюльпанаў і ветракоў — Галандыю.

Пакуль наш аўтобус адлічвае кіламетры аўтабана, мы слухаем знаўцу біяграфіі роду Агінскіх Валерыя Бурэня. Міхал Клеафас рана ўключыўся ў грамадскае жыццё. Ужо ў 1786 годзе ён быў абраны ад троцкай шляхты дэпутатам сойма, дзе паказаў сябе вельмі перспектыўным палітыкам, стаўшы прыхільнікам караля Аўгуста Панятоўскага. 17 мая 1789 года жэніцца, уступіўшы ў шлюб з Ізабэлай Лясоцкай, дачкой цеханавецкага ваяводы Антонія Лясоцкага. Праз год маладая пара выязджае ў Гаагу, куды Агінскага прызначаюць надзвычайным паслом і паўнамоцным міністрам Рэчы Паспалітай у Галандыі. У 1791 годзе Міхал Клеафас на час прыязджае на Беларусь, дзе ў першую чаргу наводзіць парадак у сваіх спадчынных маёнтках. Праз год у сувязі з перамогай Трагавіцкай канфедэрацыі многія яго ўладанні былі канфіскаваны, і ён мусіў пайсці на здзелку са сваім сумленнем — прысягнуць канфедэрацыі. Прыехаўшы ў Пецярбург, сустракаецца там з вышэйшымі расійскімі саноўнікамі, у тым ліку з імператрыцай Кацярынай ІІ. 7 мая 1793 года быў афіцыйна прызначаны на пасаду вялікага літоўскага падскарбія. Летам таго ж года ў Гродне праходзіў сойм Рэчы Паспалітай, які павінен быў зацвердзіць другі яе падзел. Пасяджэнні сойму праходзілі пад націскам магутных суседзяў — Расіі і Прусіі. Агінскі вельмі балюча перажываў гэту падзею, усяляк стараўся пазбегнуць удзелу ў яе гістарычным вырашэнні. Але ўрэшце ён паставіў подпіс у выніковым дакуменце.

У Галандыі Міхал Клеафас знаходзіўся, як бачна, нядоўга, завітаўшы па дыпламатычных справах у Лондан, ён вяртаецца на радзіму. Мы таксама толькі некалькі гадзін дыхалі паветрам Амстэрдама, хто хацеў, прагуляўся на параходзіку па каналах нідэрландскай сталіцы, хто здзейсніў невялікі шопінг. Далей наш шлях ляжаў праз Бельгію ў Францыю. Вечарэла, пейзажы плоскіх палёў, “парэзаных” шматлікімі каналамі, змяняліся іншымі краявідамі, а калі зусім сцямнела, раптам наш аутобус нібы ўехаў у ярка асветленую залу. Мы перасяклі сімвалічную мяжу з Бельгіяй. Гэта краіна ўжо шмат дзесяцігоддзяў у якасці кампенсацыі за страты ў Другой сусветнай вайне атрымлівае ад Германіі танную электраэнергію, таму і гараць паўсюдна ліхтары. Калі праз пару гадзін святло патухла, мы зразумелі, што гэта ўжо Францыя.

Раніцай наступнага дня мы віталі Парыж. “Што для цябе значыць гэты горад, з чым атаясамліваецца? Адкажы адным словам,” — запытала мяне спадарожніца. Але ў маёй галаве было столькі асацыяцый: Эйфелева вежа, сабор Парыжскай Маці Божай, Сарбона, Луўр, Сітэ… Нехта з падарожнікаў адказаў: “Парфум!” Насамрэч! Як гэта я забылася, пра галоўны для жанчын французскі брэнд — духі!? А мужчына, што сядзеў праз праход, выгукнуў: “Напалеон!” І тут наш краязнаўца Валера ўзяў слова. На самой справе Агінскі, як і пераважная большасць прадстаўнікоў мясцовай шляхты, не падтрымаў французскага імператара. Нягледзячы на тое, што па дыпламатычных справах яму неаднаразова даводзілася сустракацца з Банапартам (а можа менавіта з гэтае прычыны), ён і не паспытаў эйфарыі ад новага захопніка. Затое заўжды шчыра Міхал Клеафас падтрымліваў нацыянальна-вызваленчы рух. За што шмат пакутаваў, быў пазбаўлены маёнткаў і прывілей. І тады ўсе мае асацыяцыі сфакусіраваліся на вобразе Жанны д’Арк — сімвале змагання за незалежнасць. Ці не так і наш славуты зямляк імкнуўся адстойваць інтарэсы сваёй зямлі. Вядома, што М. Агінскі выступаў з прапановай адраджэння ВКЛ. Па прапанове расійскага імператара распрацаваў праект аб’яднання 8 заходніх губерняў у Вялікае герцагства Літоўскае. Гэты план так і захаваўся ў гісторыі пад назвай “План Агінскага 1811 года”.

Расказаць вам пра Парыж? Яго трэба бачыць. Ніякімі словамі нельга перадаць чароўнасць усмешкі Моны Лізы, лёгкасць узлёту карункавай Эйфелевай вежы, асаблівую атмасферу святочнасці парыжскіх вуліц і бульвараў, заспакоеную ўрачыстасць парку Цюэльры… Дарэчы, у гістарычнай частцы французскай сталіцы вельмі своеасаблівыя вокны, яны не маюць падаконнікаў, бо пачынаюцца ад падлогі, такія вось цікавыя шкляныя дзверы, падстрахаваныя маленькімі балкончыкамі. Будынкі са светла-охравага пясчаніку ў чорных капялюшыках дахаў — гэта адметнасць парыжскіх забудоў. У Празе, дзе мы былі праз дзень, будынкі таксама такога ж колеру, толькі дахі чарапічныя, весялейшых чырвона- карычневых фарбаў.

Падарожжа — гэта найперш уражанні. Гэта цікавыя стасункі з цікавымі людзьмі. Гэта адкрыцці. Мы адкрывалі для сябе Еўропу без адрыву ад асобы Агінскага і, зразумела, ад яго часу. Часу, які ўвайшоў у гісторыю нашага краю. Ведаць гэту гісторыю - наш абавязак.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"

Фота аўтара

1 Comment

Каментаваць


*