Залессе вяртаецца ў СССР

22.10.2013 21:34Views:

sssr“Жыць становіцца лепш, жыць становіцца весялей!” Такі плакат савецкіх часоў сустракаў удзельнікаў свята, што ладзілася ў Залескім цэнтральным Доме культуры ў мінулую нядзелю. Інтэр’ер залы дапаўнялі партрэты кіраўнікоў партыі і ўраду СССР.

Гасцей прывітаў старшыня Залескага сельвыканкама Зянон Грышкевіч і павіншаваў прысутных са святамі, якія адзначаліся напярэдадні і гэтымі днямі. Самыя шчырыя і найлепшыя пажаданні адрасаваў Зянон Зянонавіч работнікам культуры, настаўнікам, жанчынам-маці, людзям пажылога ўзросту, якія па-ранейшаму захоўваюць актыўнасць і бадзёрасць духу. Да яго слоў далучылася вядучая імпрэзы Святлана Кенько.  Прыгожыя музычныя нумары падарылі ўдзельнікі вакальнай групы “Заляснянка”, артысты “Батлейкі”, тэатр мініяцюр “Марыянеткі”, салістка Аксана Ліс, баснапісец Віктар Сыракваш і акампаніятар Аляксей Сыракваш, які радаваў цудоўнай ігрой на электрагітары. Вольга Муская арганізавала танцавальны флеш-моб, падчас якога ўсе ўспомнілі мелодыі дыскатэк 70-80-х гадоў.

Ветэран працы Яўгенія Навінская амаль усё жыццё адпрацавала ў клубе, пускала кіно, брала ўдзел ва ўсіх культурных мерапрыемствах. У знак удзячнасці ёй падарылі гадзіннік.

Сталы былі сервіраваны ў стылі брэжнеўскіх часоў: кілька ў тамаце, каўбаса “Доктарская”, “Савецкае шампанскае”. Успомнілі прысутныя і самыя рэйтынгавыя тэлевізійныя праграмы “Время”, “Песня года”, “Кабачок 13 стульев”, “Вокруг смеха”. З задавальненнем і імпэтам удзельнічалі ўсе ў конкурсах і віктарынах. А на заканчэнне была абвешчана вытворчая гімнастыка, якая плаўна перайшла ў танцавальную паўзу з працягам.

Аляксандр ГАГІН, "Светлы шлях"
Фота з сайта moviesworld.ru

Каментаваць


*