Любоў, што не мае межаў

22.10.2013 23:55Views:

lubou bez mejauНа століках — прыгожыя сурвэткі, букеты белых хрызантэм, запаленыя свечачкі – сімвал клуба “Пока горит свеча”, які шмат гадоў дзейнічае пры гэтай грамадскай арганізацыі. На пасяджэнні прыходзяць людзі нераўнадушныя, таленавітыя, самаадданыя. Вось і гэтым кастрычніцкім надвячоркам сабраліся ўсе разам, каб хоць на нейкі час забыцца пра хатнія клопаты, адчуць сябе не толькі матулямі-сядзелкамі, але і прыгожымі, крэатыўнымі жанчынамі. Усе былі ў захапленні ад выставы творчых работ дзетак-інвалідаў. Як жывыя з вышыванак глядзелі кацяняты, лугавыя кветкі.

- Гэта работы нашай Аленкі Андруковіч, — распавядае мне старшыня арганізацыі Дана Рак. – А вось гэтыя падарункі ад дзетак з Вілейкі, сапраўдны цуд! – з ветлівай усмешкай і захапленнем працягвае Дана Рышардаўна.

Штосьці таямніча-загадкавае прыхавана ў па-майстэрску зробленых фотаздымках Эдзіка Клуйшы. Цікавыя падзелкі з дрэва ад маладзечанскіх дзетак. Дану Рак часта называюць капітанам карабля, бо на яе энтузіязме трымаецца дзейнасць арганізацыі. І не бывае большай узнагароды, чым такія адкрытыя і шчырыя прызнанні і сардэчныя пажаданні.

Жаданым госцем на свяце стала паэтка Вера Вайцюль, якая прыйшла падтрымаць маральна тых, з кім яе яднае адзіны мацярынскі боль і адна светлая надзея. Віншуючы прысутных, Вера пажадала ўсім спадзявацца на лепшае, не губляць надзеі і прачытала свае вершы.

Старанна падрыхтавалі да імпрэзы сцэнарый і разнастайныя конкурсы Аня Юраловіч і Таня Клуйша. З асаблівай асалодай слухалі прысутныя ўрывак з вершаванага рамана Ніла Гілевіча “Родныя дзеці” і вершаванае кулінарнае адступленне пра беларускія стравы ў выкананні Веры Вайцюль. Музычныя паўзы запоўніў Уладзімір Клуйша. Шмат добрых слоў, павучальных гісторый, пажаданняў шчасця прагучалі з вуснаў гэтага таленавітага і добрага чалавека ў адрас прысутных жанчын.

Вераніка КРЭНЬ, "Светлы шлях"
Фота з сайта regionsamara.ru

Каментаваць


*