“Суботнік” у чацвер на залескай дзіцячай пляцоўцы
26 верасня сабраліся неабыякавыя жыхары Залесся, каб папрацаваць і давесці да ладу нашу дзіцячую пляцоўку: пасадзіць кусты, прыбраць аварыйныя дрэвы, зрабіць агароджу для кветнікаў ды лавачкі са старых шпалаў. Ідэю выкарыстання старых чыгуначных шпалаў у ландшафтным дызайне жанчыны з “Сяльчанкі” прывезлі з горада Любліна, дзе мінулым летам былі актыўнымі ўдзельніцамі фестывалю “Open city”.
Дапамогу ў добраўпарадкаванні дзіцячай пляцоўкі аказалі Залескі сельскі савет і яго старшыня Зянон Зянонавіч Грышкевіч, ААТ “Смаргоньселікатабетон”, ААТ “Смаргоньлён”, чугуначная станцыя “Залессе”. Добра папрацавалі таксама актывісткі “Сяльчанкі”, мясцовыя бацькі і дзеці (найбольш зацікаўленыя ў стварэнні пляцоўкі жыхары Залесся!) Днямі запланаваны яшчэ адзін суботнік па добраўпарадкаванні дзіцячай пляцоўкі з удзелам Залескай сярэдняй школы-сада.
Дар’я Ліс
Фота Алы Шыцікавай