Зарабляць грошы вучыць… школа

22.03.2013 14:05Views:
shkolnaja biznes_kampanijaЦі з'явіцца школьная бізнэс-кампанія ў Залессі ці ў Смаргонскім раёне ўвогуле - яшчэ пытанне. Справа ў зацікаўленасці адміністрацыі мясцовых школ у першую чаргу... Дарослым цяжка распачынаць новыя справы, а дзеці заўжды лёгкія на пад'ём! І ўсё ж, ім патрэбна падтрымка старэйшых. У Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці налічваецца ўжо 18 школьных бізнэс-кампаній. Дванаццаць з іх атрымалі падтрымку на ўзроўні раёна, пра што і распавядае матэрыял газеты "Звязда".

Дзень, калі падлетак зарабіў першы ў сваім жыцці "рубель", запамінаецца назаўсёды. Аднак кудысьці ўладкавацца 14-гадоваму школьніку даволі складана. Працаваць ён павінен не больш за чатыры з паловай гадзіны, а аплата павінна налічвацца яму ў поўным аб'ёме. Ды нават калі работа і знойдзецца, дзе ж знайсці час на выкананне хатніх заданняў? На Міншчыне вырашылі пайсці іншым шляхам: у звычайных сярэдніх школах пачалі ствараць бізнэс-кампаніі. Старшакласнікі вырабляюць прадукцыю, прадаюць яе і атрымліваюць за гэта грошы — зусім як у дарослым жыцці. Журналіст "Чырвонкі" зазірнуў у бізнэс-кампанію "Крыніца",  якая працуе ў сярэдняй школе № 4 горада Дзяржынска.

— Зараз на Дзяржыншчыне працуюць 18 школьных бізнэс-кампаній, дванаццаць з іх атрымалі падтрымку на ўзроўні раёна. Амаль усім у такіх арганізацыях распараджаюцца падлеткі. Дарослыя ж толькі  назіраюць за працэсам і ўмешваюцца ў яго выключна тады, калі ў гэтым узнікае патрэба. У нейкай ступені работу бізнэс-кампаніі можна лічыць сучаснай эканамічнай гульнёй, у якой ёсць і бонусы для яе ўдзельнікаў, — мяркуе начальнік аддзела адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Вацлаў Матусевіч. — Яны не толькі атрымліваюць грошы за прададзеныя вырабы, але і набываюць першы досвед работы ў сучасных эканамічных умовах.

Праца бізнэс-кампаніі прыносіць плён не толькі дзецям, але і самой навучальнай установе: школа ці гімназія атрымлівае грошы ад пазабюджэтнай дзейнасці. 

Гэтай думкі прытрымліваецца і дырэктар сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Зінаіда Федаровіч:

— Ідэя стварыць бізнэс-кампанію ў школе з'явілася яшчэ пазалетась. Але перш чым заняцца новай справай, мы вывучалі вопыт школ-першапраходцаў. Пасля трэба было знайсці настаўніка-энтузіяста, які б пагадзіўся кіраваць арганізацыяй. Ім стала выкладчыца матэматыкі Наталля Прыкота.

Ніякія глабальныя мэты перад сабой "Крыніца" не ставіць. Перш за ўсё трэба навучыць школьнікаў асновам эканомікі. Трэба, каб юнак або дзяўчына непасрэдна ўбачылі на практыцы, што і як працуе.

Структура бізнэс-кампаніі — простая. На яе чале стаіць штаб з трох адзінаццацікласнікаў, які займаецца перш за ўсё арганізацыйнымі пытаннямі.

Пасля мы набралі 9 швей з ліку школьніц і заключылі з імі працоўныя дагаворы. Пры гэтым выконваліся тры ўмовы — узрост не менш за 14 гадоў (згодна з Працоўным кодэксам), пісьмовая згода бацькоў і жаданне дзяўчыны працаваць. Знаходзяцца ў майстэрні яны пераважна па суботах, не больш за чатыры гадзіны.

shtab biznes_kampanii

Па выніках працы складаецца адпаведны акт, і ўжо школьная бухгалтэрыя налічвае маладым работнікам грошы. Форма аплаты — здзельная.

Зразумела, што аб мільённых сумах гаворка не ідзе. Але на кішэнныя выдаткі зарабіць можна з ліхвой.

Спецыялізацыя кампаніі вызначалася, зыходзячы з таго, што ў школе ёсць добрая швачная майстэрня. Вядома, яна патрабуе мадэрнізацыі, на што і будзе выдаткавана частка прыбытку.

— Трэба было вывучаць амаль усё з нуля, ісці метадам спроб і памылак, — прыгадвае Наталля Прыкота. — Нават калі распрацоўвалі бізнэс-план, змарнавалі шмат сіл і часу. Спачатку настаўніку давялося вывучаць усю патрэбную інфармацыю, а пасля тлумачыць яе дзецям.

Спецыфіка "Крыніцы" ў тым, што яна працуе толькі па папярэдніх заказах. І першым сур'ёзным выпрабаваннем стаў заказ ад мясцовага Цэнтра развіцця дзіцяці на пашыў пасцельнай бялізны. Са школьнай майстэрні выйшлі 498 камплектаў — падкоўдранікі, прасціны, навалачкі... І ніводны не быў забракаваны. Зараз жа неабходна абнавіць бялізну ў групах падоўжанага дня ў самой школе, чым і зоймуцца работнікі "Крыніцы". Але працу тармозіць тое, што пакуль не да канца адпрацавана нарматыўная база, якая датычыцца менавіта школьных бізнэс-кампаній.

Пасцельную бялізну больш не шые ніводная школьная бізнэс-кампанія ў раёне. Канкурэнты для "Крыніцы" — Дзяржынская швачная фабрыка і Камбінат надомнай працы... Але ж гэта і зусім іншы ўзровень!

Валяр'ян ШКЛЕННІК, фота аўтара

Мінск — Дзяржынск

 

Каментаваць


*