Імяніны ў Міхала

18.10.2012 19:42Views:

дзень нараджэння Міхала Клеафаса АгінскагаШтогод 25 верасня, у дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, у Залессі па добрай традыцыі збіраюцца прыхільнікі адраджэння сядзібы Агінскага, знаўцы творчасці славутага гаспадара Паўночных Афінаў. Сёлета сустрэча адбылася па ініцыятыве мясцовага дабрачыннага фонду“Паўночныя Афіны” і актывістаў грамадскай арганізцыі “Сялянка”. На вечарыну ў Залескую школу завіталі заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар музыкі, мастацкі кіраўнік дзяржаўнай беларускай капэлы Віктар Скарабагаты, старшыня праўлення дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны”, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Южык, былы старшыня Смаргонскага райвыканкама Анатоль Янец і былая загадчыца аддзела культуры райвыканкама Соф’я Лазар. Усе яны прыкладалі шмат намаганняў раней і многа робяць зараз па ўвекавечанні памяці славутага земляка, папулярызацыі яго творчасці. А напачатку імпрэзы госці накіраваліся ў ліпавую алею, што вядзе да сядзібы, дзе пасадзілі маладзенькія дрэўцы на месцы выкарчаваных.

Школьнікі, якія дапамагалі ў гэтай справе, прымацавалі шыльдачкі з прозвішчамі ганаровых гасцей. Стракатыя букеты восеньскіх кветак усклалі ўдзельнікі мерапрыемства да мемарыяльнага знака з гербам Агінскіх побач з сядзібай, дзе зараз вядуцца рэстаўрацыйныя і будаўнічыя работы.


 

Шмат цікавага даведаліся ад выступоўцаў падчас сустрэчы ў школе ўсе прысутныя. Так, Віктар Скарабагаты раскрыў шматлікія тайны музычнага свету, расказаў пра тое, як розныя кампазітары часам “запазычвалі” музычныя творы ці мелодыі з іх у Міхала Агінскага. Прагучаў і верш-жарт Рыгора Барадуліна, які абураны такім фактам плагіяту напісаў з сарказмам: “Каб жыць у радасці і шчасці, дык трэба красці, красці, красці”. А яшчэ для многіх стала адкрыццём, што сучасны гімн Польшчы – ні што іншае, як мазурка, напісаная Агінскім. Шмат было сказана пра месца, якое займаюць ў сусветнай культуры творы Міхала Клеафаса. Віктар Іванавіч паведаміў таксама, што на цяперашні час падрыхтаваны да выдання ўсе фартэпіянныя творы Агінскага, якія павінны быць выдадзеныя да юбілею славутага кампазітара.


Сваімі ўспамінамі пра традыцыю ўшанавання памяці Міхала Клеафаса Агінскага падзяліліся Пётр Южык, Соф’я Лазар і Анатоль Янец.

Сапраўдным падарункам для прысутных стаў канцэрт камернай музыкі, які падарылі ўдзельніцы народнага струннага ансамбля “Кантрасты” школы мастацтваў імя М. К. Агінскага. І першым творам, вядома ж, прагучаў адзін з паланезаў маэстра.

Тэкст і фота Ала Страшынская, "Светлы шлях"

 

 

Каментаваць


*