У Залессі абмеркавалі далейшы лёс сядзібнага комплексу Агінскага

18.05.2012 22:37Views:

Сёлета спаўняецца 210 гадоў, як Міхал Клеафас Агінскі (1765-1833) пасяліўся ў Залессі. Ён меркаваў застацца тут назаўсёды, таму адразу пачаў рамонт і перабудову сядзібы, рэарганізацыю яе ў новы палацава-паркавы ансамбль. Да 1815 года работы былі ў асноўным завершаны. Дзякуючы малюнкам Леанарда Ходзькі можна сцвярджаць, што сядзіба прастаяла без вялікіх змен да міжваеннага перыяду. Гэта таксама пацвярджае малюнак Напалеона Орды, зроблены каля 1877 года, а таксама фатаграфіі 1914 і 1939 гадоў. Гады занядбання пакінулі свой разбуральны след. Але ўвесь час знаходзіліся аматары даўніны, якія зберагалі тое, што засталося, і марылі пра адраджэнне былой цудоўнай сядзібы.

Зараз тут распачаты вялікі аб’ём капітальных будаўнічых і рэстаўрацыйных работ па аднаўленні гэтага месца ў новай якасці, як культурна-турыстычнага комплексу. Праект фінансуецца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Плануецца не толькі аднавіць палац Агінскага, але і добраўпарадкаваць тэрыторыю каля яго.

210-м угодкам з моманту пераезду сюды Міхала Клеафаса Агінскага было прысвечана пасяджэнне за “круглым сталом” усіх энтузіястаў і прыхільнікаў спадчыны Агінскага. Таму, што зроблена, што робіцца цяпер і што неабходна будзе зрабіць, каб сядзіба стала прыцягальным месцам для турыстаў з усіх куткоў свету, ішла гутарка ў Залескай сярэдняй школе. Стасункі ў свабодным рэжыме абвясціла начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва, якая і прапанавала абмеркаваць перспектывы развіцця сядзібы пасля аднаўлення.

Старшыня нацыянальнай камісіі па справах Юнеска Уладзімір Шчасны прыгадаў падзеі мінулага, калі ствараўся праект аднаўлення сядзібы. Па словах Уладзіміра Рыгоравіча, будынкі асаблівай каштоўнасці не ўяўляюць як помнікі архітэктуры, але музычная спадчына і палітычная дзейнасць былога гаспадара гэтай мясціны могуць стаць прыцягальнымі для еўрапейцаў і насамрэч паспрыяць устойліваму развіццю рэгіёна. Пра тое, што можа і павінна стаць своеасаблівым брэндам для гэтага аб’екта надалей, Уладзімір Шчасны казаў з асаблівым захапленнем. Напрыклад, добра было б, каб праз адчыненыя вокны сядзібы летнім часам лілася жывая музыка паланэзаў Агінскага, як гэта ёсць у Парыжы, дзе з вокнаў музея Шапэна гучыць штодня чароўная музыка знакамітага польскага кампазітара.

Уладзімір Рыгоравіч ніколі, здаецца, не прыязджае на малую радзіму без падарункаў. На гэты раз ён падарыў гісторыка-краязнаўчаму музею карціну, якую набыў на аўкцыёне ў Парыжы. Адначасова і параіў больш увагі звяртаць на сайты, якія рэкламуюць розныя аўкцыёны, дзе можна набыць старажытныя рэчы для далейшага ўпрыгожання Залескага комплексу, тым больш што кошты на такіх "распродажах” іншы раз ніжэй, чым у магазінах антыкварыяту. А яшчэ Уладзімір Шчасны параіў звярнуцца праз рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі да жыхароў раёна, у якіх могуць быць старажытныя рэчы з былых панскіх сядзіб. За адпаведную плату можна іх набываць, каб затым размясціць у экспазіцыі палаца-паркавага комплексу.

Свой уклад у наданне сядзібе адметнасці і прыцягальнасці гатовы ўнесці ўсе прыхільнікі і аматары гістарычнай спадчыны роднага краю. Кіраўнік выдавецтва "Чатыры чвэрці” Алена Анцух паведаміла аб выдадзеных творах і тых, што рыхтуюцца да друку. Задуму аб выданні рускамоўнага варыянту мемуараў Агінскага гатовы фінансава падтрымаць старшыня сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Карагін. Разам са сваім маладзечанскім намеснікам Уладзімірам Сівухам яны шмат зрабілі для ажыццяўлення праектаў па адраджэнні спадчыны Агінскіх.

Ад маладзечанскіх удзельнікаў пасяджэння прагучалі прапановы аб добраўпарадкаванні на дабрачынных асновах тэрыторыі паркаў. Валанцёры гатовы бясплатна ствараць клумбы, даглядаць газоны, займацца пасадкай дрэў, дэкаратыўных кустоў, іншых раслін. Акрамя таго, паступіла прапанова, якую падтрымалі прадстаўнікі Смаргонскага райвыканкама, аб правядзенні плэнэру для юных мастакоў. Арганізатарамі выступяць школа мастацтваў імя М. К. Агінскага г. Смаргоні і Маладзечанская мастацкая школа.

Шмат увагі было нададзена і падрыхтоўцы плана мерапрыемстваў, якія надалей будуць ладзіцца тут з прыцягненнем людзей мастацтва, прадпрымальнікаў, рамеснікаў, народных майстроў, музыкантаў. Мяркуецца адкрыццё крамы сувеніраў, прадукцыя якой павінна мець тэматычную накіраванасць і адпаведнае аздабленне. Да гэтай справы ўжо далучаюцца спецыялісты аддзела культуры і Дома рамёстваў.

Каментаваць


*