Ці будзе ў Залессі карчма?

20.09.2011 19:49Views:

Ці будзе ў Залессі карчма?На ўсходзе Чэхіі, на самай мяжы са Славакіяй, сярод маляўнічых перадкарпатскіх узгор’яў, раскінулася вёска Брэзава, першая пісьмовая згадка аб якой адносіцца да 1351 года. Вёска мае багатую і даўнюю гісторыю, а жыццё яе жыхароў напоўненае сваімі мясцовымі традыцыямі. Так, кожную нядзелю, насельнікі вёскі, сем’ямі, ва ўрачыстых убраннях, ідуць да касцёлу. Разам з дарослымі крочаць і дзеці, многія з каторых апранутыя ў нацыянальныя строі. Відовішча вельмі ўрачыстае. Брэзава мае і іншыя традыцыі: музычнае свята медных трубаў, фестываль музыкі кантры, свята вёскі, галоўнай умовай якога з’яўляецца неабходнасць кожнаму быць апранутым ў нацыянальнае чэшскае ўбранне. Дарэчы, ледзь не кожная з брэзаўскіх гаспадынь умеераскройваць, шыць, аздабляць вышыўкамі нацыянальныя касцюмы. Валодаць такіммайстэрствам – вялікі гонар для сучаснай брэзаўскай жанчыны.

Жыве пад блакітным небам Маравіі каля тысячы чалавек, прыкладна як у нашым Залессі, якое таксама мае багатую гісторыю і свае традыцыі, такія як святкаванне ўгодкаў М. Кл. Агінскага, фестываль-кірмаш “Залессе запрашае сяброў”, свята Купалля. Аднак, як бавяць час жыхары вёскі Залессе і Брэзава ў вольны ад працы час? У першым выпадку - канапа і тэлевізар. Брэзава ж вылучаецца тым, што там ёсць тры гасподы, па-нашаму кажучы, рэстаран і дзве кавярні. Менавіта там, ва ўтульнай абстаноўцы, жыхары вёскі сустракаюцца, каб пагутарыць, абмеркаваць апошнія навіны, падыскутаваць, часам выпіць келіх піва (у Чэхіі без гэтага не магчыма), таксама патанчыць, паспяваць, адведаць смачных кнэдлікаў (нешта накшталт вядомых нам варэннікаў, толькі чэхі дабаўляюць туды розныя начынні, такія як мак, ягады, арэхі, кавалкі персікаў). Менавіта наяўнасць такіх установаў збліжае вясковую грамаду, дае магчымасць людзям кантактаваць не толькі цераз плот ці на лаўцы каля двара!

Канечне, праблема адсутнасці месцаў грамадскага харчавання характэрная не толькі для Залесся, але і для кожнай беларускай вёскі, мястэчка і нават горада. Цяжка знайсці месца, каб перакусіць і паразмаўляць з сябрамі, нават ў такім вялікім горадзе як Мінск. Але ж традыцыя дзейнасці ўстаноў харчавання ў нас даўняя і сягае ажно ў XIст. Традыцыйнымі установамі грамадскага харчавання для Беларусі з’яўляюцца карчмы і шынкі. На XVIстагоддзе прыпадае росквіт дзейнасці гэтых устаноў. Нават ў XIXст. па апісаннях этнографа і падарожніка Паўла Шпілеўскага кожнае беларускае мястэчка, а то і вёска мелі па некалькі корчмаў. З наступленнем эпохі бальшавізму дзейнасць кормаў і шынкоў, як і ўсіх астатніх устаноў тракцірнага промыслу, была згорнута, што абумоўлівалася характарм палітыкі савецкай улады: адсутнасць прыватнай уласнасці, а корчмы і шынкі знаходзіліся, скажам так, у руках прыватнікаў. Ды й таталітарны рэжым быў накіраваны на тое, каб абмежаваць свабодныя стасункі паміж людзьмі, а ў корчмах можна было задумаць і антыдзяржаўную змову. Шмат дзесяткаў гадоў савецкай улады задушылі даўнюю традыцыю дзейнасці корчмаў на беларускіх землях.

Тым не менш, у нас няма нагод для песімізму - ёсць багатая гісторыя і свае цікавыя звычаі, ёсць цудоўная вёска Залессе, у якой жывуць ініцыятыўныя і працавітыя людзі. Нехапае Залессю толькі сваёй карчмы, дзе б маглі збірацца не толькі залескія жыхары, але ітурысты, якія пастаянна наведваюць Паўночныя Афіны. Мой знаёмы, прафесар Сарбоны з Парыжа, неяк сказаў, што калі б Залессе знаходзілася ў Францыі, то там бы было як мінімум дзесяць кавярняў… Хочацца верыць, што хоць адна добрая кавярня з’явіцца ў Залессі…А аб тым, што елі ў корчмах Смаргоншчыны, даведаецеся ў наступным
нумары “Залескай талакі”.

Людміла Рогач, гісторык, аспірантка

Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта.

Наўздагон!
Ці будзе ў Залессі свая карчма ці кавярня? Падчас свята вёскі мясцовая моладзь зладзіла цікавы падворак - карчму “Агінец”. Тут можна было паспрабаваць “Шмурдзюк ад цесця”, “Бліны ад цешчы” ды “Юшку Залескую”. Хочацца верыць, гэта ініцыятыва будзе мець працяг!

Каментаваць


*