Нашы ў Германіі
Напрыканцы мая мне пашчасціла прыняць удзел у беларуска-германскім праекце –Тыдні “Экалогія без межаў”, які быў прымеркаваны да 25-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Арганізатары праекта імкнуліся прадэманстраваць ашчаднае стаўленне да энэргетычных рэсурсаў і паказаць магчымасці адмаўлення ад ядзернай энэргіі.
Мы наведалі экалагічную станцыю ў Бергкамен-Хайль, гаспадарку па вырошчванні садавіны і агародніны, цэх па вытворчасці энэргіі з драўніны, ветрасілавую ўстаноўку… Мы былі ў маленькіх і вялікіх нямецкіх гарадах, вёсках і вёсачках, сустракаліся з вельмі рознымі людзьмі, атрымалі масу прыемных уражанняў. Нас сустракалі і суправаджалі на працягу ўсёй паездкі цудоўныя людзі, якія не шкадавалі для беларусаў свайго часу, цеплыні і ўвагі.
Што найбольш уразіла? Не парадак і чысціня навокал - гэтага чакалі. Уразіла разнастайнасць дамоў і дворыкаў у мястэчку Бад-Зассэндорф: не сустрэлася ніводнага аднолькавага, усе розныя і ўсе прыгожыя! Тут мы жылі ў старажытным замку, які ў нашы дні скарыстоўваецца як гатэль.